/ Навіны / Жанчыны партызанскага атрада імя Варашылава

Жанчыны партызанскага атрада імя Варашылава

Партызанскі атрад імя Варашылава быў адным з першых партызанскіх атрадаў у Гродзенскай вобласці. Аснову атрада складалі салдаты Чырвонай Арміі, якія з-за розных абставін не змаглі перайсці лінію фронту і былі вымушаны заставацца на акупаванай тэрыторыі. Камандзірам атрада быў Пётр Кузьміч Макараў, камандзір мінамётнага аддзялення, сяржант 7-га стралковага палка 24-й Самарска-Ульянаўскай жалезнай дывізіі, якая напярэдадні вайны дыслакавалася пад Маладзечна.

Надзейнымі памочнікамі мужчын былі жанчыны, іх баявыя сяброўкі.

Колькасць жанчын у атрадзе вагалася ад 5 да 15 чалавек.

Вось іх прозвішчы.

Абрамовіч Любоў Ізраільеўна

Барысава Ганна Георгіеўна

Ваўкавысская ЗонаАбрамаўна

Макарава Марыя Уладзіміраўна

Дзербук Марыя з в. Беліцы

Дзерангоўская Галіна Іосіфаўна з сынам год 8-9

Цімашэнка Людміла Дзмітрыеўна

Казлова Ганна

Касцякова Тамара Дзмітрыеўна

Касцякова Таццяна Дзмітрыеўна. Загінула 29 чэрвеня 1943 г. у баі з легіянерамі АК ля вёскі Пацукі Лідскага раёна. Пахавана там жа, перазахавана ў вёсцы Парачаны.

Касцякова Людміла Дзмітрыеўна. Са жніўня 1943 г. пераведзена ў партызанскі атрад «Балтыец»

Коц – маці Южаковай Галіны

Лабарэвіч Любоў

Новікава Ганна Дзянісаўна

Падгайская Антаніна Захараўна

Розенберг Сара Нахімаўна

Санцэвіч (Лукашэвіч) Вера Іванаўна

Сакалова Аляксандра Аляксееўна

Сакалова (Белякова) Таццяна Паўлаўна

Шкрум Сафія Іванаўна з сынам 12-ці год

Южакова Галіна Уладзіміраўна

Люся са  Слоніма. Загінула ў час аблавы ў чэрвені 1944 г.

Жанчыны кармілі, мылі, шылі, лячылі, ваявалі разам з мужчынамі, хадзілі да чыгункі, стаялі на варце. Жанчыны на варце падчас вайны? Так, якія ж пільныя! Узгадвае Макарава М.У.: «Аднойчы на пасту стаяла партызанка Новікава А.Д. У гэты час у атрад прыбывае камісар брыгады імя Кірава Кандакоў С.М. Здарылася так, што камісар брыгады начыста забыў пароль, але пры гэтым настойліва патрабуе прапусціць яго ў размяшчэнне атрада. Як прапусціць без пароля? Новікава палічыла патрэбным даць папераджальны стрэл у паветра. На сігнал прыбыла ахова, пачалі разбірацца. Доўга ў атрадзе хадзіў жарт, што Новікава хацела застрэліць Кандакова».

Здаралася, і нараджалі ў атрадзе (Цімашэнка Людміла, Касцякова Тамара). Але няньчыць дзяцей не было калі. Так, кармілі і няньчылі дзяўчынку штатнай разведчыцы атрада Цімашэнка Л.Д. мясцовыя жыхары.

Гісторыю атрада вывучала навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея А.А. Каладзяжная. Яна сустракалася з Макаравай (Говар) Марыяй Уладзіміраўнай, жонкай камандзіра партызанскага атрада Пятра Макарава.

Макарава (Говар) Марыя Уладзіміраўна

Касцюкова Тамара Дзмітрыеўна