Марыя Говар нарадзілася ў1925 г. на хутары Белы Згурок каля в. Масявічы ў сялянскай сям’і. У сям’і было 8 дзяцей. Разам жылі дзядуля з бабуляй. Скончыла 7 класаў польскай школы і пасля вайны – адзін курс Лідскага педагагічнага вучылішча. Бацька меў даволі моцную гаспадарку. З дзяцінства дапамагала бацькам па гаспадарцы.
Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Побач з вёскай праходзіла вялікая колькасць акружэнцаў Чырвонай Арміі. Калі дазвалялі абставіны, бацька праводзіў іх да вёскі Ганцавічы, там дваюрадны брат на пароме перавозіў іх на левы бок Нёмана.
Узгадвае Марыя Уладзіміраўна Говар, у будучыні жонка Макарава Пятра Кузьміча: «Гаспадарка ў бацькі была моцнай, але восенню 1941 г. ён цяжка захварэў. Тым часам працы ў гаспадарцы было безліч. Якраз у гэты момант у в. Канюшаны ў сваякоў бацькі Хроміных спыніўся былы вайсковец 24-й стралковай дывізіі старшы сяржант Макараў Пётр Кузьміч. Хромін, ведаючы, што Уладзімір Говар хворы, парэкамендаваў Пеці працаваць у гаспадарцы бацькі. Бацька быў у такім стане, што асабліва выбіраць работнікаў не даводзілася: знайшоўся чалавек – няхай жыве і працуе. Тым больш, у вёсцы ў некаторых гаспадароў ужо працавалі былыя вайскоўцы Чырвонай Арміі (мясцовае насельніцтва звала іх акружэнцамі)».
Макараў працаваў, што называецца «не пакладаючы рук». Браўся за любую працу, усё выконваў лёгка і дакладна, як пад музыку. У ежы быў непатрабавальны: спачатку еў прагна і многа, але глядзеў, як бы не з’есці ўсё, каб і іншым засталося. Сілкаваўся, вядома, са ўсёй сям’ёй за адным сталом. З першых жа дзён быў вельмі асцярожны, прыглядаўся, прыслухоўваўся, у доме не начаваў, спаў у асноўным у гаспадарчых пабудовах, жартаваў: «Сцерагу намалочаны хлеб». Дзеці гаспадара неяк адразу прывязаліся да Макарава, ён быў ім як старэйшы брат. Толькі вельмі сумныя і задуменныя вочы былі ў яго. Жартаваў, усміхаўся, але ва ўсім адчуваліся ноткі глыбокага суму.
Гітлераўцы самі падштурхнулі акружэнцаў да супраціву. Пасля правалу пад Масквой і новых прызываў у войска гітлераўскае камандаванне вырашыла ў лютым 1942 года запоўніць працоўныя месцы моладдзю з акупаваных усходніх краін. Да таго ж нямецкая адміністрацыя ў акружэнцах адчувала рэальную небяспеку. Над акружэнцамі навісла пагроза быць сагнанымі ў Нямеччыну. Усе, хто з’явіўся ў Заходняй Беларусі пасля 22 чэрвеня 1941 г., павінны былі стаць на ўлік.
Заставацца ў доме, дзе Макарава так ласкава прынялі, было небяспечна. Акружэнцы ў сакавіку 1942 года пабудавалі ў хмызняках недалёка ад вёскі будан, яшчэ ляжаў снег. У будане іх было чацвёра: Вася-хахол, Федзя, Сцёпа і Макараў П.К. Былы гаспадар Макарава П.К. Говар насіў ім ежу, дапамагаў даставаць зброю.
Зброю партызаны даставалі пры дапамозе мясцовага насельніцтва. У першыя дні вайны насельніцтва збірала кінутую зброю, боепрыпасы і хавала яе лясах.
Марыя Уладзіміраўна ўспамінае: «У нас загадзя быў выпрацаваны знак: калі што – дзеці будуць гнаць кароў на пашу. І на гэты раз мама хутка разбудзіла меншых дзяцей і тыя пагналі досвіткам нядоеных кароў. А мяне з гарачымі блінамі адправіла ў в. Канюшаны папярэдзіць аб аблаве акружэнца Васю. Паліцыянты разгадалі наш манеўр, і мяне затрымалі, праўда, не білі. Я вельмі спалохалася. А дачка старасты Юзі ўсё хадзіла навокал і глядзела, ці не плачу я. Заступіўся за мяне сусед Козел, сказаў, што я ніякая не партызанка. Перакладчык тады мне сказаў: «Бяжы дадому». Добра сказаць, бяжы, а ногі не ідуць..
У той раз нікога з акружэнцаў не злавілі. Нашы байцы зразумелі, што знаходзіцца ў гэтым сховішчы небяспечна, вырашылі адысці далей ад хутара ў Фалькавіцкі лес. Там іх ужо было чалавек 10-11.
Большасць дыверсій здзяйснялася ў значнай аддаленні ад месца размяшчэння партызанскай групы. Байцы шкадавалі мясцовае насельніцтва і адводзілі ўдары акупацыйных уладаў як ад мясцовага насельніцтва, так і ад сябе.
Атрад папоўніўся за кошт акружэнцаў, якія адышлі ад сялян, якія ўцяклі з Ліды, савецкіх ваеннапалонных і мясцовага насельніцтва».
Мясцовае насельніцтва, байцы атрада ратавалі камандзіра, а па ўспамінах Макаравай М.У., фашысты ў газетах прызначылі ганарар за галаву партызанскага камандзіра – 40 тыс. нямецкіх марак. Да верасня 1942 гада партызаны атрада дзейнічалі самастойна. 9 верасня 1942 года створаны Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) для аператыўнага кіраўніцтва партызанскім рухам. Згодна з данясеннямі (фонды 587, 588, 590 Нацыянальнага архіва РБ), атрад да верасня 1942 года называецца як партызанскі атрад Беластоцкай вобласці. Такая расплывістая назва дазваляе меркаваць, што партызанскі рух на Гродзеншчыне толькі зараджаецца. У народзе гэты атрад называлі «Пецькін атрад» – па імені камандзіра Пятра Макарава, а таксама «Лідскім», бо ён быў арганізаваны з ваеннапалонных і жыхароў Лідскага раёна, якія працавалі ў Лідзе. З верасня 1942 года, паводле данясенняў у БШПР, атрад атрымаў афіцыйную назву: партызанскі атрад імя К. Варашылава. Камандзір атрада – Макараў Пётр Кузьміч, камісар – Белякоў Мікалай Мікіціч, начальнік штаба – Дабравольскі Сяргей Платонавіч.
Марыя Уладзіміраўна стала не толькі жонкай камандзіра атрада Макарава Пятра Кузьміча, але і дзейным баявым сябрам. Удзельнічала ў баявых аперацыях, дабывала неабходную інфармацыю для атрада. Партызаны ваявалі не толькі з фашыстамі і іх памагатымі. Але і з салдатамі Арміі Крайовай. Канфліктную сітуацыю з акаўцамі выкарыстоўвалі немцы. Яны ўстанавілі кантакты з атрадамі АК, пачалі аказваць ім дапамогу зброяй і боепрыпасамі. У такіх крывавых сутычках гінулі слаўныя змагары.
Ліпічанская Пушча, дзе размяшчаўся атрад, была далёка ад в. Масевічы. Калі ўзнікала такая неабходнасць, хаваліся ў в. Пудзіна (у зоне брыгады імя Кірава). А калі вярталіся дадому, то ва ўмоўленым месцы (на печы) знаходзілі запіску: «Быў Пецька», «Быў Колька».
Толькі ў невялікай вёсцы Масевічы легіянерамі АК было забіта 6 чалавек за сувязь з партызанамі. Сярод іх Говар Сцяпан (член РКП(б) з 1917 г., перад вайной – сакратар Ганчарскага сельсавета) і яго пляменнік, а ў сям’і Быстрыцкіх – 4 чалавекі: Федзя – партызан атрада, Браніслава – мачаха Федзі і дзве яе дачкі – Саша і Зоя.
Для паспяховай арганізацыі і барацьбы супраць ворага партызанам неабходна было забяспечыць сваё існаванне ў нямецкім тыле. Кіраўніцтва СССР прадугледжвала самазабеспячэнне партызан за кошт мясцовага насельніцтва. Безумоўна, гэты працэс закранаў інтарэсы партызан, фармаваў іх вобраз.
Што да стасункаў з мясцовым насельніцтвам Пушчы, у партызан засталіся самыя цёплыя ўспаміны. Простыя, чулыя, душэўныя і гаротныя людзі дапамагалі і дзяліліся з партызанамі ўсім, што ў іх было.
Па ўспамінах М.У. Макаравай, у кантраляваных партызанамі раёнах былі партызанскія каменданты, якія збіралі ў мясцовага насельніцтва прадукты, вырашчаныя для партызан. Здабывалі сродкі да існавання і ў баях, праз гітлераўскія пастаўкі.
Але і партызаны не заставаліся ў даўгу: грамілі варожыя гарнізоны, вярталі насельніцтву тое, што было нарабавана гітлераўцамі.
Безумоўна, былі несвядомыя партызаны, марадзёры, якія канфіскоўвалі ў мясцовага насельніцтва практычна ўвесь запас прадуктаў, часта ужываючы запалохванні. Але камандзір атрада Макараў П.К., выхадзец з Ліпецкай шматдзетнай сялянскай сям’і, да марадзёраў быў бязлітасны, жорсткі і суровы.
У 1943 годзе партызанскі рух працягваў развівацца, набыў сапраўды масавы характар. Атрады папаўняліся новымі байцамі за кошт мясцовага насельніцтва, умацоўваліся раней створаныя атрады, узнікалі новыя. У лістападзе 1943 года ў атрадзе налічвалася 126 чалавек. Шэраг паспяхова праведзеных баявых і дыверсійных аперацый садзейнічаў таму, што 24 лістапада 1943 года з партызанскіх атрадаў імя Варашылава Кіраўскай брыгады, імя Калініна Ленінскай брыгады і асобнага атрада імя Дзяржынскага арганізавана партызанская брыгада імя Варашылава, камандзірам якой прызначаны Макар.
Сыход Макарава П.К на пасаду камандзіра брыгады пацягнуў кадравыя змены ў атрадзе. Камандзірам атрада прызначаны Белякоў Мікалай Мікіціч, камісарам – Бесарабаў Віктар Пракопавіч, начальнікам штаба Смірноў Якаў Іванавіч.
У снежні 1943 гады байцамі атрада пушчана пад адхон 2 эшалона суперніка.
Дыверсійная і баявая праца патрабавала мужнасці, вытрымкі, сталай напругі сіл, нярэдка падрыўнікі жэрвалі сабой дзеля выкананні баявога задання.
У 1944 годзе дыверсіі на чыгунках яшчэ больш частыя і бязлітасныя.
У студзені здзейснены 4 дыверсіі: на чыгунцы Ліда-Баранавічы ля Руднянскага пераезду, ля арт. Сялец, і ў ст. Яцукі падарваны чыгуначныя масты; на чыгуначным участку Ваўкавыск-Баранавічы падарваны эшалон з вуглём ля паўстанка Кастэлі.
У сакавіку 1944 г. здзейснена 12 дыверсій на чыгунцы, а ў красавіку 1944 года – 13 дыверсій.
Змагаючыся з ворагам, партызаны атрада імя Варашылав ўнеслі велізарную лепту ў Вялікую Перамогу.
На беларускую зямлю прыйшло вызваленне. Але фактычна тут быў другі фронт – вайна з разрухай, бандытызмам.
Пасля вайны Макараў П.К. працаваў старшынёй Лідскага райвыканкама.
Узгадвае Марыя Уладзіміраўна: «Пасля вайны Макараў П.К з’ехаў у Менск на партыйныя курсы. Вярнуўся дадому ў ботах, падвязаных дротам, і кажа: “Боты прадзіраліся, хацеў наогул ісці дадому басанож”. Неўзабаве з ЦК КПБ прыйшла пасылка па лініі ЮНРРА (у прастамоўі – амерыканская дапамога, міжнародная арганізацыя краін антыфашысцкага блока па аказанні дапамогі краінам, пацярпелым у Другой сусветнай вайне): мне адрэз на сукенку і паліто, адрэз на шынель, дзве відэльцы, дзве лыжкі, грабеньчык, расчо. Сям’я “разбагацела”! Так пачыналася наша мірнае жыццё.
Партызаны ў гады вайны называлі дом майго бацькі (Гавары В.П.) “штабам”. Інтэрнатам, а часам Казанскім вакзалам называлі і нашу кварыру ў Лідзе на вул. 7 лістапада, 18 (хата былога польскага лекара Казубоўскага). У нас у 1944-1947 гг. знаходзілі прытулак партызаны і франтавікі, якія вярталіся з вайны. Многія з франтавікоў і былых партызан працяглы час жылі ў нас: Касцякова Т.Д., Касмач І.М., Дацькоў і многія-многія іншыя, хто ведаў Макарава П.К. Гэта былі баявыя сябры, з якімі, як у гады ліхалецця, дзяліліся апошнім».
Марыя Уладзіміраўна ўспомніла наступны эпізод: «Неяк да нас зімой зайшоў мужчына з Дакудава ў абсалютна зношаным абутку. Макараў зірнуў на ногі госця і, не разважаючы, працягнуў яму валёнкі жонкі. На нямы дакор жонкі коратка адказаў: “Дапамог як мог”».
Затым Пётр Кузьміч працаваў на кіруючых пасадах у Жалудокскім і Дзятлаўскім раёнах. Апошняе месца працы – старшыня праўлення калгаса «1 Мая» Дзятлаўскага раёна.
Памёр Макараў Пётр Кузьміч 24 сакавіка 1961 года.
Марыя Уладзіміраўна засталася ўдавой з чатырма дзецьмі: «Было цяжка, вельмі цяжка. На дзяцей прызначылі мізэрную дапамогу па страце карміцеля. Ледзь зводзілі канцы з канцамі. А потым паехала ў Мінск, дзе ва Урадзе Рэспублікі працаваў былы партызан Ілля, прозвішча забылася. Іх у атрадзе было тры сябры: Міша, Грыша і Ільюша. Пасля вайны Міша Казлоў працаваў у Дзятлаўскім раёне, Грыша (прозвішча забылася) працаваў на рэмзаводзе ў Лідзе, а Ільюша – выбіўся ў вялікія людзі. Ён выклапатаў для сірот свайго адданага партызанскага камандзіра значна большую дапамогу на кожнае дзіця, чым яна атрымлівала ў агульнай суме на чацвярых дзяцей. Але да гэтага часу дзеткі падрасталі, так што добры дапаможнік атрымлівала нядоўга. А калі Святланка выйшла замуж, ён дапамог атрымаць ёй аднапакаёвую кватэру ў Лідзе».
Дапамагалі падняць дзетак і яўрэі, якія эмігравалі ў Амерыку, пра якіх Марыя Уладзіміраўна клапацілася ў атрадзе. Дасылалі пасылкі, у асноўным – дзіцячае адзенне. Гэта таксама была значная дапамога.
Жылі ў Дзятлаве, але там для яе была цяжкая маральная абстаноўка. У пасёлку жыло шмат былых ронаўцаў, якія акапаліся ў Дзятлаве з красавіка 1944 года. Яны люта ненавідзелі Савецкую ўладу і яе прадстаўнікоў. А Макараў жа быў камандзірам партызанскага атрада, партызанскай брыгады, потым – старшынёй калгаса. Было завошта ненавідзець!
І яна вырашыла з’ехаць з Дзятлава. Знайшла брыгаду мужчын, тэхніку і перавезла дом у в. Масевічы. Вядома, для жанчыны гэта была непасільная праца. Але зладзілася! Працавала ў паляводстве, некаторы час працавала на льнозаводзе.
Дзеці выраслі дастойнымі грамадзянамі. Валерый 1948 г.н., 17 гадоў праслужыў у ВМФ, жыў у г. Баранавічы. Другі сын Аляксандр 1950 г.н. працаваў кіроўцам у «Другасчармеце». Алег 1955 г.н. – фермер, жыве і працуе ў в. Драздова. Дачка Святлана 1958 г.н. працавала інжынерам-тэхнолагам на Лідскім рамзаводзе».
Марыя Уладзіміраўна як і многія жанчыны нашай Беларусі пражыла складанае жыццё, але засталася добразычлівым, спагадлівым, сумленным чалавекам, прыкладам сапраўднага чалавека не толькі для сваіх дзяцей, але і для нас – яе землякоў.















