/ Навіны / Бітончык

Бітончык

Мае ручку, мае вушкі,

Мае гладкія бачкі,

Шапку носіць на вярхушцы

Гэты посуд. А які?

 

Сябры, вось такую загадку мы пачулі пра адзін прадмет у нашай гасцёўні. Канечне, адгадкі тут могуць быць розныя, але ў нашай наведвальніцы адгадка была такая: гэта бітончык (бідончык, бідон, збанок) – эмаліраваны ці алюмініевы посуд.

Выраз “у ягады з бітончыкам”, напэўна, знаёмы многім, хто выпраўляўся ў суніцы, чарніцы, маліны. І сёння бітончык, напоўнены ягадамі, водар дзяцінства, чысціня прыроды, радасць ад сустрэчы з лесам і першымі летнімі ягадамі. Каб рукі былі вольныя падчас збору, часта пасудзіну прывязвалі да таліі паскам. У бітончыку ягады не “душыліся”, не пускалі сок. “Дзве ягадкі ў бітончык – адну ў рот”, – павучалі матулі сваіх дзетак.

Посуд ідэальна падыходзіў не толькі для збору лясных ягад, але і для садовых (вішань, агрэсту, парэчак), а таксама для пераносу малака, квасу, піва, якія прадаваліся на разліў. Нярэдка выручаў ён пры пакупцы сыпучых прадуктаў: цукру-пяску, круп, солі. Гаспадыні ў бітончыку квасілі бурачкі для халадніку, складвалі тварог, насілі ежу ў поле.

Падлеткі (ды і старэйшыя) хадзілі з бітончыкам вудзіць рыбу. Для захоўвання дробнай рыбы гэта была самая зручная ёмістасць, якую напаўнялі вадой, каб карасікаў, акунькоў, плотак ці іншых жывымі данесці дадаому.

Паважаныя чытачы! Падзяліцеся з намі сваімі ведамі пра іншыя назвы гэтага посуду, а можа, нават якой-небудзь цікавай гісторыяй, звязанай з яго выкарыстаннем.