/ Навіны / “Верабейкі” Валянціна Таўлая

“Верабейкі” Валянціна Таўлая

6 верасня 2025 года горад Ліда ўрачыста адсвяткаваў Дзень беларускага пісьменства. Падчас шматлікіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рамках святочнай праграмы, адбылося адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай скульптуры – інклюзіўнага арт-аб’екта “Верабейкі”. Аўтарам з’яўляецца вядомы лідскі скульптар Рычард Груша. Ён, між іншым, і аўтар мемарыяльнай дошкі, якую адкрылі 8 лютага 2014 года да 100-годдзя з дня нараджэння грамадска-палітычнага дзеяча, беларускага паэта Валянціна Таўлая.

Дык якую ролю сыгралі бяскрыўдныя птушкі верабейкі, каб іх увекавечылі ў горадзе Ліда?

З гісторыі вядома, што ў 1921 годзе быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, які  завяршыў савецка-польскую вайну і падзяліў беларускія землі на дзве часткі. Горад Ліда, як і ўвесь рэгіён, апынуўся ў складзе Польскай Рэспублікі на міжваенны перыяд. Гэты час быў нялёгкі для беларускага насельніцтва: пачалася актыўная палітыка асіміляцыі, закрыццё беларускіх школ і абмежаванне культурнага жыцця, польскія ўлады праводзілі жорсткую палітыку паланізацыі, колькасць беларускамоўных школ скарачалася, а навучанне па-беларуску і выкарыстанне мовы ў дзяржаўных установах фактычна абмяжоўвалася і выцяснялася, беларускія выданні падвяргаліся жорсткай цэнзуры, многія газеты і часопісы зачыняліся.

Гэты перыяд адбіўся і на творчасці беларускага паэта Валянціна Таўлая, які нарадзіўся напярэдадні таго часу, калі незадоўга пашырыць свае межы Першая Сусветная вайна. Народ даведаецца што такое голад-холад. Гэта зведаў і 6-гадовы Валянцін Таўлай, які застаўся без роднай маці Марыі Антонаўны.

Але ж бацькоўскія клопаты па выхаванні дзяцей былі перададзены маці бацькі Паўла Дзям’янавіча – бабулі Аўдоцці. Яна, між іншым, змагла пратрымаць унукаў Валянціна і Сашу на маладой крапіве і рэдкай зацірцы. Ужо ў гэты час Валя Таўлай адчуў што значыць для яго жыццё, якое напоўнена частымі пераездамі, недахопам радасных момантаў. У горадзе Ліда ён змог сфармуліраваць тое, што чакаў беларускі народ і да чаго кожны імкнуўся. Адбылося гэта тады, калі Валю Таўлая бацька перавёз у Ліду. Аб гэтым ён сам напіша так:

«…На другі (1921 г.) год бацька забраў мяне ў Ліду, каб я вучыўся. На вёсцы даводзілася бываць канікуламі.

Хаджу ў польскую школку, якая змяшчалася пры самых як жа тады велічных мурах-руінах старадаўняга замка ў Лідзе. Пры гэтых мурах сядзелі дзве згорбленыя векам, заімшэлыя хвоі, нават быццам бы заклятыя. Казалі: калі зламаць галінку – пацячэ кроў.

Цяжка было ў школе, пакуль з большага абцёрся. «Кто ты естэсь? – Поляк малы!» Добра было гаварыць гэтак дзецям новапрыбыўшых «на крэсы» польскіх чыноўнікаў. Ну, а мне, малому «кацапу», які смешна выгаварвае «тшава» (трава), хоць па арыфметыцы і развіцці – больш чым на год уперадзе ўсіх?…

У дадатку, на вялікае маё гора, бацька заказаў і пашыў мне першыя доўгія штаны «навыпуск». Сталі нада мною насміхацца яшчэ больш ядавіта, называючы папом.

Аднак, быццам наперакор усім гэтым паніжэнням і здзекам¸ калі трэба было пісаць нейкае практыкаванне з адказам на пытанне «кім хачу быць?» – я горда напісаў: «Хачу быць інжынерам шляхоў» (суфлёрам быў, разумеецца, бацька, які шапнуў мне сваю запаветную мару).

… І вось ужо ў другім класе, малы «кацап», ён жа «поп», ён жа «іжынер шляхоў», аднойчы штурхае свайго сябра па лаўцы, каб той падняў руку і «падказаў» настаўніцы, што ён, «кацап», мае нейкі вершык, відаць – уласны, але «не хоча» паказаць.

Хлапчука, хітраватага аўтара, ахопленага першым прыступам ліхаманкі шукання чытача, выклікаюць на сярэдзіну класа, бяруць з яго рук вершык і чытаюць:

            Wróbelki

Zima sroga. Mróz aż strzela.

Żadnych ptaków niema u nas.

Tylko wrony i wróbelki.

Biedne, biedne te wróbelki –

Nie mają co jeść.

Skaczą chlodne, skaczą glodne,

Ale có ż poradzić –

Wnet przeminie sroga zima.

Przyjdzie wiosna – i nakarmi.

 

*Каб не падпадаць пад чужыя, недакладныя, а чаго добрага – празаічныя пераклады і каб не абцягваць такім грахом чыё-небудзь сумленне – даю ў гэтай вынасцы свой пераклад уласнага вершыка:

              Верабейкі

Ну й зіма! Трашчаць марозы

І няма ніякіх птушак –

Толькі вераб’і, вароны.

Горка гэтым верабейкам

З думкай аб ядзе

Так падскаківаць галодным.

Але што ж мы зробім? –

Вось міне зіма цяжкая

І вясна прыйдзе – накорміць.

                                     Аўтар.

                                       1923 г.

Гэта быў мой водгук на школьную кампанію «Зімовай дапамогі» птушкам. Зачытвалі, здаецца, яшчэ нейкі другі мой вершык, але які і аб чымзусім не помню.

Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся:

 – Добра. Пішы. Можа, некалі будзеш сапраўдным паэтам!

Не помню, ці гаварыла проста «паэтам», ці «польскім паэтам». Але, напэўна, думала: польскім. У кожным выпадку, мой аўтарытэт падрос»

Гэтая згадка нам тлумачыць, што ўжо ў 9-гадовым узросце хлопец бачыў і разумеў умовы, у якіх жывуць беларусы. На той час, калі чалавек адмаўляўся ад апалячвання, то яго пазбаўлялі жылля, працы, вучобы. Навучанне вялося толькі на польскай мове. Атрыманыя веды ад пачынаючага жыцця, юны Валянцін падхапіў адразу. Трэба зазначыць, што згадка пра першы верш, паявілася ў дакументальнай аповесці «Аб сабе» пад датай 1945 года. Гэта значыць, што яго пераклад з польскай мовы на беларускую быў зроблены ўжо сталым паэтам, самым яго аўтарам. Тэма сіроцтва, недахопу яды, холад у душы і знешне сталі на той час актуальная.

Галоўныя героі твора – Верабейкі – гэта персаніфікацыя (увасабленне) ці антрапамарфізм, якімі жывёлы надзяляюцца чалавечымі рысамі і паводзінамі. У вершы мы гэта заўважаем. Цяжкая зіма з траскучымі марозамі – гэта прыгнёт, той час, які станавіўся для народа зневажальным, абцяжарным, у дадзеным выпадку, для беларуса. Валянцін, нібы пераўвасобіўшыся ў галоднага, стомленага і замёршага ад холаду вераб’я, як і ўвесь тагачасны беларускі народ, чакае цяпла – лепшай будучыні. Вясна – гэта сімвал светлай долі, радасці і шчаслівых дзён, дзе закончацца пакуты, голад і страх.

Цікавым застаецца дата напісання верша. Паўсюль пазначаюць пад ім «1922 год». Але ж у рукапісах аўтабіяграфіі Валянціна Таўлая, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, рукой паэта пазначана дата пад вершам «1923 год». І гэта цалкам лагічна, бо ў 1921 бацька толькі прывёз сына ў Ліду дзеля навукі, а ўжо ў другім класе (наступны навучальны год – 1922-1923) ён напіша верш.

Аўтограф з успамінаў – дакументальнай аповесці «Аб сабе. Спроба глянуць на сваё жыццё» з вершам «Верабейкі»
БДАМЛМ. – Ф. 68. – Воп. 1. – Спр. 146. – Арк. 002 б.

23 верасня 1943 года, калі Валянцін Таўлай будзе кінуты ў Лідскую карную турму, то напіша такія радкі: “Каму я вочы перадам свае і сэрца, што астынуць не паспела?” Трэба зазначыць, што вершы Валянціна Таўлая перакладзены на розныя мовы свету. А цяпер нават могуць пазнаёміцца з яго першым творам і тыя, хто нябачыць, і такім жа чынам пранікнуць у душу паэта, якая была напоўнена трывогамі і тагачаснымі хваляваннямі.

Усеагульная школа №1 імя Тадэвуша Касцюшкі г. Ліды

 

Група вучняў Усеагульнай школы №1 імя Тадэвуша Касцюшкі з паўночнага боку Лідскага замка. У верхнім радзе па цэнтры Валянцін Таўлай у доўгай кашульцы і штаніках “навыпуск”
БДАКФФД. – ID матэрыяла: F0109948, Архіўны нумар: 0-054048.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны не пакінулі тую навучальную ўстанову, якая размяшчалася з паўночнага боку Лідскага замка. Але ж захаваўся будынак, у якім жыў перад ваеннымі падзеямі аўтар ужо вядомага твора “Верабейкі”. Гэты дом знаходзіцца таксама каля славутай рэспубліканскай жамчужыны, а больш дакладна, насупраць устаноўленага арт-аб’екта “Верабейкі”. У гэтым будынку па вуліцы Замкавая, 7 жыў Валянцін Таўлай з кастрычніка 1939 года па чэрвень 1941 год. А з 22 верасня 2010 года ў гэтых сценах працуе  літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Праз экспазіцыі, мемарыяльны пакой паэта можна акунуцца ў той ужо далёкі ад нас час, калі актыўна і творча бурліла тут жыццё вядомага беларускага паэта Валянціна Таўлая. І дарэчы, сімвалам Дома-музея з’яўляецца верабейка!

Дык заходзьце, завітайце!

І з Таўлаем пабывайце!

Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун