Мастак Уладзімір Кіркевіч адлюстраваў Лідскі замак у час рэстаўрацыі.
Можна ўбачыць паўночна-ўсходні вугал замка. Ён яшчэ без вежы. Выгляд з боку гасцініцы “Ліда”. На дальнім плане – сучасныя шматпавярховыя дамы і вышынны гмах інтэрната для будаўнікоў.
У 1953 годзе Лідскі замак увайшоў у спіс помнікаў архітэктуры рэспублікі, якія былі ўзяты пад дзяржаўную ахову. Калі ў верасні 1967 года ЦК КПБ і Савет Міністраў прынялі Пастанову аб правядзенні неадкладных рамонтна-рэстаўрацыйных работ на помніках гісторыі і архітэктуры, то руіны лідскіх муроў трапілі ў зацверджаны дакумент пад нумарам 13. Першы заказ ад Лідскага гарвыканкама на кансервацыю муроў прыйшоў у Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры БССР у 1975 годзе. У верасні 1976 года былі закладзены архітэктурна-археалагічныя шурфы*. Шматлікія гістарычныя крыніцы паказалі ўнікальнасць гэтага шэдэўра беларускага дойлідства. Тады навуковы кіраўнік Сяргей Багласаў прапанаваў свой варыянт поўнай адбудовы замка і актыўнага прыстасавання яго да сучасных культурных патрэб горада. Праект быў абмеркаваны і зацверджаны на пасяджэнні Лідскага гаркама партыі і гарвыканкама. Мясцовыя ўлады выдаткавалі патрэбныя грашовыя сродкі для здзяйснення задумы. Каб распрацаваць дэталёвы праект рэстаўрацыі, тых звестак, якія сабралі гісторыкі, не хапала. Патрабаваліся значныя археалагічныя даследаванні, якія адбыліся ў 1977-1978, а таксама ў 1980 і 1985 гадах. У выніку раскопак знойдзена шмат каштоўных матэрыялаў, якія ляглі ў аснову праекта аднаўлення Лідскага замка. Летам 1978 года для вядзення рэстаўрацыі быў створаны вытворчы ўчастак, у які ўвайшлі мясцовыя рабочыя. Іх узначаліў Іосіф Мацейка. І справа пайшла. Адзін за другім аднаўляліся колішнія муры…
Цікавы лёс мастака. Ён нарадзіўся ў 1938 годзе ў Сярэдняй Азіі. Дзяцінства прайшло ў Пінску Брэсцкай вобласці. Ужо ў школе любімым прадметам было выяўленчае мастацтва. У юнацкія гады любоў да складанай акварэльнай тэхнікі яму перадаў першы настаўнік жывапісу Яўген Пятровіч Пулхаў. Так склалася, што Уладзімір Міхайлавіч стаў інжынерам-гідратэхнікам і ў 1961 годзе прыехаў у Крым на будаўніцтва Паўночна-Крымскага канала, дзе працаваў 20 гадоў. З 1969 года жыў у Феадосіі. Увесь вольны час ён прысвячаў жывапісу: вандраваў, пісаў эцюды з натуры, наведваў выставы. У 1992 годзе атрымаў вышэйшую адукацыю як мас. З 1991 года поўнасцю прысвяціў сябе творчасці. Вялікая колькасць работ мастака захоўваецца ў дзяржаўных фондах музеяў Беларусі, Расіі і ў іншых краінах.
*Шурф архітэктурна-археалагічны – прамавугольнае ў плане разведачнае раскрыццё грунту, плошча якога можа быць ад 1 да 20 м.













