/ Навіны / “Замкавая сцяна. Ліда”, Аляксандар Буйкевіч

“Замкавая сцяна. Ліда”, Аляксандар Буйкевіч

“Замкавая сцяна. Ліда”, Аляксандар Буйкевіч, палатно, алей, 2023

Мастак адлюстраваў паўночна-ўсходні вугал Лідскага замка з боку замкавага двара з вежай, баявымі галерэямі і байніцамі рознай формы. У вежы адчынены дзверы, якія быццам запрашаюць наведаць старажытны кастэль*. З левага боку можна ўбачыць драўляны навес (фрагмент).

Паўночна-ўсходняя вежа (XV ст.) мела выгляд крыху перакошанага рознабаковага чатырохвугольніка і была прыбудавана да замкавых муроў без перавязкі. Таўшчыня яе сцен з боку двара дасягала 3 м, дакладка да сцен замка — 83 см. Мела аздоблены фігурнай цэглай арачны ўваход з боку двара і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны шырынёй 1 м з драўлянымі прыступкамі на цаглянай аснове. У паўночнай, усходняй і паўднёвай сценах вежы захаваліся пячныя нішы. Першы паверх быў перакрыты крыжовым скляпеннем. Прасочаны рэшткі драўлянай падлогі. Вежа была накрыта шатровым дахам і не выступала за перыметр сцен.

Аляксандр Буйкевіч нарадзіўся ў 1986 годзе і ўсё дзяцінства правёў у Лідзе. Займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва Дома творчасці дзяцей і моладзі, скончыў Лідскую школу мастацтваў, дзе вучыўся ў Валянціны Балыка. У 2009 годзе атрымаў дыплом Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П. Машэрава (мастацка-графічны факультэт).

Аляксандар – удзельнік абласных і рэспубліканскіх выстаў і пленэраў. Працуе ў напрамку станковага жывапісу і графікі (пейзажы, нацюрморты, партрэты, сюжэтныя карціны, на якіх можна ўбачыць старадаўнія замкі, храмы і маляўнічыя куткі Беларусі). Абразы, напісаныя Аляксандрам, упрыгожваюць Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях Воранаўскага раёна. Карціны мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі і за мяжой. Атрымаў званне “Настаўнік года” ў Навагрудскай дзіцячай школе мастацтваў. Цяпер жыве і працуе ў Лідзе.

*Кастэль – замак рэгулярнай формы з абарончымі сценамі, элементамі якога могуць быць вежы і жылыя пабудовы па перыметры сцен.