/ Навіны / Таямнічыя жанчыны замкаў Гродзеншчыны

Таямнічыя жанчыны замкаў Гродзеншчыны

Дом Валянціна Таўлая стаў пляцоўкай, на якой збіраюцца прыхільнікі містычных гісторый, насычаных у сценах замкаў Гродзеншчыны. А гэтых жа старажытных збудаванняў у нас нямала: Лідскі, Мірскі, Навагрудскі, Любчанскі, Гродзенскі, Гальшанскі і іншыя. Якія толькі падзеі не праходзілі праз гэтыя мураваныя збудаванні!!! І ў кожным з іх свая, адметная гісторыя з загадкамі і таямніцамі.
Часовая экспазіцыя “Таямнічыя жанчыны замкаў Гродзеншчыны” прымеркавана ў тым ліку і Году беларускай жанчыны. Тут змешчана 13 карцін. 12 згенераваных з дапамогай штучнага інтэлекту, а 13-я – рэальная “Вайдыла і князёўна Марыя ў Дубровенскім палацы” (яе аўтар лідскі мастак Уладзімір Мельнікаў). Ва ўсіх галоўны герой – жанчына, якая паўстае як князёўна, уладальніца ці жонка князя замка або пасялення Гродзеншчыны. Каб патрапіць у той час неабходна скарыстацца сучаснымі тэхналогіямі. З дапамогай QR-кода, на які неабходна толькі навесці смартфон, можна пабачыць ажыўшыя карціны, на якіх праяўляецца вобраз той ці іншай жанчыны, а праз прадастаўлены тэкст – акунуцца ў мінулае праз аповеды, у якіх прасочваюцца драматычныя сцэны, палкае каханне, трагізм, любоў да радзімы і непахіснасць духу. Пакарыстацца дазваляецца і кнігамі, на старонках якіх змешчана безліч аповедаў пра замкі Беларусі.
Прадстаўнікі жаночага полу могуць прымерыць сярэдневяковы строй і зрабіць фотаздымак на любой таямнічай лакацыі, – каля ўзброеннага рацара, з мячом і ружай, за сталом з кнігамі, якія падсвячаюцца ліхтарамі. Разам з тым, прадастаўляецца прагляд ажыўшых карцін на імправізаваным экране, дзеля чаго ўстаноўлены праектар.
Адрас, дзе працуе выстаўка: Дом Валянціна Таўлая, вуліца Замкавая, 7.
Кошт квіткоў: 5 руб. – дарослы, 4 руб. – студэнцкі, 3 руб. – дзіцячы, 20 руб. – экскурсія.