Баявыя галерэі ў сярэднявечных замках былі важным элементам абарончай сістэмы, якія дазвалялі абаронцам эфектыўна адбівацца ад ворагаў. Яны ўяўлялі сабой пешаходныя шляхі ўздоўж верхняй часткі сцен, дзе размяшчаліся воіны для абстрэлу праціўніка. Гэтыя галерэі часта дапаўняліся ахоўнымі элементамі, такімі як парапеты, зубцы і байніцы, што ўзмацняла агнявую моц замка. Галерэі часам абсталёўваліся навесамі, што паляпшала ўмовы існавання для абаронцаў замка, якія вымушаны былі ваяваць у непагадзь. Парапет галерэі Лідскага замка, таўшчынёй каля 70 см, складзены з цэглы.
Каб змагацца з ворагам, у сценах і вежах замка рабілі адтуліны – байніцы. Яны былі вузкімі са знешняга боку і больш шырокімі з унутранага. Гэта дазваляла лучніку займаць зручную для абстрэлу пазіцыю, а ворагу складана трапіць у вузкую адтуліну ў сцяне.
Паўднёвая сцяна Лідскага замка цікавая тым, што тут захаваліся (праўда, часткова і ў змененым выглядзе) байніцы, якія некалі меліся на ўсіх сценах. Яны бяскамерныя і ў плане маюць выгляд трапецый, звернутых шырокім аснаваннем у бок замкавага двара. Пры аднолькавай вышыні байніцы былі рознай шырыні, і тры іх тыпы чаргаваліся на сцяне праз кожныя 2,4 м. Улічваючы час пабудовы замка, зразумела, што байніцы прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў, а пазней і для лёгкай агнястрэльнай зброі. Падобныя байніцы дазвалялі весці толькі дальні бой. Чаргаванне байніц вядзецца наступным чынам: 3-1-2-1-3-1-2-1-3 (нумарацыю гл. на фота)
Байніцы Лідскага замка. Фота 2026 г.
Ніжэй байніц уцалелі скразныя адтуліны ад кансольных бэлек памерамі 40X40 см. Яны служылі апорай драўлянай галерэі-памосту для воінаў, якая шла па перыметры замкавых сцен.
















