/ Навіны / Зінаіда Дзмітрыеўна Дзянісава

Зінаіда Дзмітрыеўна Дзянісава

Зінаіда Дзмітрыеўна Дзянісава – член падпольнай групы пры ваенным шпіталі ў Лідзе, сувязная партызанскага атрада “Балтыец” Кіраўскай брыгады

З.Дзянісава. Фота снежань 1942 г.

Зінаіда Дзянісава нарадзілася ў 1923 г. у сяле Зенцова Краснагародскага раёна Пскоўскай вобласці(былая Калінінская). У 1949 г. скончыла акушэрскую школу ў г. Опачка. Пасля працавала акушэркай у Верхне-Ліпаўскім медыцынскім пункце Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці.

Па ўспамінах З.Дз.Дзянісавай ад 20.09.1965.: “Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, я эвакуіравалася з в. Ліпаўкі і прыбыла ў г. Наўлю Арлоўскай вобласці і пайшла са жніўня працаваць у ваенны шпіталь № 26/10. У кастрычніку 1941 г. апошні эшалон на якім была пагружана маёмасць шпіталя з мэтай эвакуацыі ў тыл прыбыў на станцыю Кудрына Бранскай вобласці. Далейшы шлях быў спынены так як чыгунка была разбіта. Медыцынскі персанал разбіўся на групы, кожная з якіх мела свае планы. Група, у якую я ўваходзіла, вырашыла рухацца на ўсход і перайсці лінію фронту ля Масквы. Для лепшага руху наша група яшчэ раздзялілася на 2-3 чалавекі.

Пасля працяглага і цяжкага руху мы спыніліся на начлег у сяле Желанья Знаменскага раёна 8 км ад ст. Угры Смаленскай вобласці. Да мяне вечарам прыйшоў стараста і ад імя параненых і папрасіў зайсці да іх. Раніцай я пайшла на медыцынскі пункт, на падлозе ляжала каля 20 чалавек цяжка параненых. На працягу доўгага часу іх ніхто не перавязваў, у ранах завяліся чарвякі. Убачыўшы такую жудасную карціну, я не магла не застацца. З дапамогай мясцовага насельніцтва ўдалося навесці чысціню ў медыцынскім пункце. Стараста арганізаваў паездку ў Вязьму, адтуль быў прывезены перавязачны матэрыял і яшчэ шмат раненых. Сярод іх быў урач, з яго дапамогай параненыя быстра ішлі на папраўку, а новыя параненыя і хворыя, якія выходзілі з акружэння заставаліся ў нас на лячэнне.

У снежні месяцы 1941 г. у раёне с. Желанья быў высаджаны дэсант 201 брыгады пад камандаваннем Суржыка, а пазней быў высаджаны 4-ты паветрана-дэсантны корпус. Дэсантны корпус займаў Знаменскі раён, я стала працаваць у шпіталі.

У маі 1942 г. шпіталь быў адпраўлены на Вялікую Зямлю. Я была пераведзена ў атрад капітана Суржыка, так як у атрадзе не было ніводнага медыцынскага работніка.

У гэты час пачаўся пераход праз лінію фронту, шлях у 1500 км ад сяла Желанья Знаменскага раёна да г. Кірава (3000 км ад Масквы, дзе была лінія фронту). Шлях быў цяжкі, ішлі ноччу, а днём уступалі ў бой з ворагам, цярпелі ад налётаў нямецкіх самалётаў.

Заставалася 15 км, раніцай мы знаходзіліся ў лесе, павінны былі перайсці лінію фронту, але трапілі ў засаду. Я была накіравана ў Рослаўскі лагер. Там сустрэла двух медыцынскіх сясцёр з асобай маскоўскай групы з якімі я сустракалася незадоўга да палону. Разам з Ельчэнінай Таццянай і Тукай Зінаідай і яшчэ шасцьмі чалавекамі накіраваліся працаваць у нямецкі шпіталь у г. Арол, там я пазнаёмілася з Гургенам Марціросавым і Сямёнам.

Шпіталь пераехаў у г. Горкі, тут удалося наладзіць сувязь з Кудышам, да якога я і Валя Епанешнікава хадзілі як сувязныя. Сысці ў партызанскі атрад не ўдалося, шпіталь пераехаў у Ліду. Я і Валя Епанешнікава пайшлі на сувязь з Анацкім Андрэем на вул. Маладварцовая 18. Адрас атрымалі ад Кудыша ў Горках. Андрэй Анацкі даў нам адрас падпольнай арганізацыі. У групу ўваходзілі Нікалаенка, Нігрэй, Соня і яшчэ адна жанчына. Затым пачаў хадзіць Сямён, ён перадаваў перавязачны матэрыял, які мы бралі ў шпіталі. Уся арганізацыйная праца была на Сямёне. 4 месяцы нам не дазвалялі сыходзіць у партызаны. Перадалі шмат зброі, патронаў, перавязачнага матэрыялу.

У чацвер 5 снежня 1943 г. атрымалі загад сыходзіць у партызанскі атрад, мы змянілі на суботу. Пад маркай, што ў ваеннапалонных з’явіліся вошы, мужчыны былі адпраўленыя мыцца ў гарадскую лазню і дэзынфікаваць бялізну. Увечары мы, жанчыны, прайшлі нямецкія пасты па Ленінскай пад маркай, што мы рускія медсёстры са шпіталя ідзём мыць параненых з санітарнага цягніка. Каля лазні ўжо стаялі дзве аўтамашыны, якія загружаліся адзеннем і людзьмі.

Мы, жанчыны, стаялі ля аўтамашыны недалёка ад лазні, калі чуем моцны чалавечы крык, потым ён сціх. Калі ўсё пагрузілі ў машыны і селі самі, машыны рушылі ў дарогу.

Ад Сямёна пасля я даведалася, што адпраўляючы ў лазню мужчын, з якіх не ўсе ведалі, што сыходзім у партызанскі атрад, з імі ехаў немец, якога павінны былі забіць, а Сямён яшчэ застаўся ў шпіталі з аўтамашынай, трэба было нешта забраць са склада. Калі прыехаў Сямён, мужчыны распранутыя мыліся, а немец за імі даглядаў. Немца аглушылі ў лазні, усе пачалі грузіць у аўтамашыны, немец ачуўся, выскачыў у акно і пачаў крычаць, яго дабілі і кінулі ў канаву каля лазні, пагрузіліся і з’ехалі. Адзін ці два грамадзянскія збеглі з лазні.

Па дарозе ў лес ледзь не патрапілі на засаду белапалякаў, выратаваў выпадак – паломка аўтамашыны, і мы затрымаліся, палякі не дачакаліся і сышлі. Сямён расказваў, што праваднік быў звязаны з белапалякамі, і што белапалякі нашу групу чакалі ў засадзе ў чацвер да гадзіны ночы, у пятніцу да 0-30, у суботу да 23-30, а мы прыехалі на гэтае месца крыху пазней.

Мы прыбылі ў партызанскую брыгаду Кірава, дзе наша група ў 52 чалавекі была падзелена ў два атрады. Я знаходзілася ў атрадзе “Балтыец”.

Наш праваднік сядзеў пад следствам 3-4 месяцы і быў расстраляны перад пабудовай усяго партызанскага атрада.

Змагалася з ворагам да вызвалення Лідскага краю ад акупантаў”.

Пасля вайны

Узнагарод не мела.

Зінаіда працавала акушэркай у лідскай бальніцы, у 1946 г. да яе прыехалі бацька Дзмітрый Дзянісавіч і астатняя сям’я. У 1950 г. выйшла замуж і з мужам з’ехала ў Херсон. Нарадзіла дачку. У 1965 г. працавала медсястрой ў г. Херсон у Дабравольным таварыстве па садзейнічанню развіцця Арміі і Флоту на выратавальнай станцыі медсястрой.