г.Лида, ул.Победы 37а
lixmuseum@mail.ru

  • Русский
  • Беларуская мова
  • English
  • / Фотоотчеты / Прэзентацыя кнігі “Збор твораў. Міхал Шымялевіч”

    Прэзентацыя кнігі “Збор твораў. Міхал Шымялевіч”

    У канферэнц-зале Лідскага замка адбылася прэзентацыя кнігі “Збор твораў. Міхал Шымялевіч”. Гэтае мерапрыемства само па сабе было вартае каб адбылося ў вядомай славутасці горада. Так склалася, што Міхал Шымялевіч – аўтар першага (яшчэ да рэвалюцыі) артыкула пра Лідскі замак, які так і называўся “Горад Ліда і Лідскі замак” і быў апублікаваны ў 1905 г. у віленскай друкарні “Рускі Пачын” і праз год перавыдадзены ў часопісе “Віленскі каляндар”. Гэты матэрыял паклаў пачатак вывучэнню замка. Апошнім часам усе сучасныя даследчыкі Лідскага замка звярталіся да прац гэтага гісторыка, робячы спасылкі, выкарыстоўваючы пэўныя цытаты. Але цяпер для прыхільнікаў гістарычнага мінулага не ўзнікне складанасцей: яны могуць скарыстацца зборам твораў М.Шымялевіча, якія змясціліся пад адну вокладку.

    Дзякуючы руплівасці Леаніда Лаўрэша, Станіслава Судніка былі сабраны і перакладзены творы на беларускую мову, некаторыя з іх друкаваліся ў газеце “Наша слова”, часопісе “Лідскі летапісец”. Як ішла праца, якія складанасці ўзнікалі на яе шляху падзяліліся гэтыя руплівыя асобы. Некаторыя моманты па публіцыстычнай дзейнасці М.Шымялевіча, творы якога змяшчаліся і ў часопісе “Ziemia Lidzka” раскрыў Аляксандр Колышка.

    Для прысутных быў арганізаваны прагляд некаторых копій рукапісаў М.Шымялевіча з фонду бiблiятэкі iмя Асалiнскiх, а таксама графічныя партрэты “Міхал Шымялевіч”, “Уладзіслаў Абрамовіч”, “Аляксандр Снежка”, “Антоній Грымайла-Прыбытка” – рэдкалегіі часопіса “Ziemia Lidzka” паводле аднаго фотаздымка работы лідскага мастака Вадзіма Вараб’ёва. Усё гэта і не толькі можа любы жадаючы пабачыць і на выставе “У гісторыю слова лідскага”, якая працуе ў доме Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея па вуліцы Замкавая, 7.