/ Новости / Фотазона “І слова клікала ў бой…” да Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Фотазона “І слова клікала ў бой…” да Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Фотазона “І слова клікала ў бой…” была арганізавана Лідскім гісторыка-мастацкім музеем да Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь – самага галоўнага свята краіны і прысвечана 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так супала, што акрамя гэтай даты, бягучы год надзвычай юбілейны: Лідскі музей адзначыў 60 год, літаратурны аддзел адзначыў 105 год з дня нараджэння паэту Валянціну Таўлаю, які жыў у Лідзе з 1939 па 1941 гады ў тым доме, дзе створаны мемарыяльны пакой, а між іншым, паэт працаваў у той час і супрацоўнікам лідскай газеты “Уперад”, якая сёлета адзначыць 80 год з дня заснавання.

Усё гэта можна было ўбачыць на фотазоне, якая працавала ў святочны дзень, 3 ліпеня ля Палаца культуры горада Ліды.

Любы наведвальнік меў магчымасць пазнаёміцца са зводкамі інфармбюро, змешчанымі ў газетах “Уперад” за ваенныя гады, на старонках агіт-плакатаў “Раздавім фашысцкую гадзіну” пачытаць вершы Валянціна Таўлая і іншых беларускіх паэтаў, пабачыць лістоўкі, баявыя лісткі, якія выходзілі ў друк на акупіраванай тэрыторыі Лідчыны. Гэтым разам былі прадастаўлены клішэ газеты “Уперад” перыяду Вялікай Айчыннай вайны і сама газета “Уперад” ад 1 ліпеня 1943 года, якія ў 1959 годзе перадаў у фонд Лідскага музея Драгун Юльян Баляслававіч – намеснік камандзіра Лідскага партызанскага злучэння па ідэалагічнай рабоце, рэдактар падпольнай газеты “Уперад”.

Асноўным інтэрактывам для дзіцячай аўдыторыі паслужыла напісанне франтавога пісьма з фронту на радзіму пераўвасобіўшыся гэтым часам у салдата, пісаліся пісьмы-падзякі свайму дзядулю-ветэрану, які абараняў нашы землі ад нямецкага нашэсця. Для замацавання пісьма з задавальненнем дзеці ставілі сімвалічную армейскую зорку. А таксама можна было разгадаць крыжаванкі на ваенную тэму, скласці словы да тэрмінаў “вайна”, “мір”, “Перамога”. Для старэйшага пакалення можна было пагартаць слоўнік армейскіх тэрмінаў і паняццяў.