/ Навіны / ЗАМУРАВАНАЯ ДЗЯЎЧЫНА

ЗАМУРАВАНАЯ ДЗЯЎЧЫНА


Існуе легенда, што пры будаўніцтве Крэўскага замка адбываліся недарэчнасці, адна сцяна пастаянна абрушвалася, нібыта заклятая. І таму вырашэннем стала адагнаць чорныя сілы праз замуроўванне прыгожай дзяўчыны ў ёй.

У Крэве жыла такая дзяўчына, але ж падпусціць да сябе хлопца яна не дазваляла, наравістая была. Ды і не падабаліся яны ёй. Аднаго толькі прыгледзела, але і таго бацькі не дапусцілі, бо быў ён з беднай сям’і. Так і засталася дзяўчына адна, жыла ў бацькоў з сабакам, якога аднойчы падабрала на вуліцы.

Дык вось, пры будаўніцтве замка тыя жаніхі, якім яна адказвала, усе як адзін прапанавалі ў якасці ахвяры замураваць яе разам з верным сабакам. А бацькі што? Яны нават супраць не былі і не заступіліся за яе. Гэтую прапанову прыняў і мясцовы князь. Ён загадаў замураваць дзяўчыну, бо і яму яна адмовіла ў сватаўстве. Тады пракляў князь яе і загадаў жывую замураваць з сабакам у замку.

Потым у сценах былі чутны крыкі дзяўчыны і брэх сабакі. Цела ж замуравалі, а вось душа выйшла на волю. Яна стала хадзіць па замку з сабакам. Блукае там, шукае жывую ахвяру, каб замураваць яе замест сябе і назад не вярнуцца ў сцяну. Ведаючы аб гэтым, людзі баяцца падыходзіць да здані, бо яна можа падвесці ахвяру да сцяны і скінуць на яго камень ці спужаць да паўсмерці. Але справіцца адной у яе не атрымліваецца, яна звяртаецца да паляўнічых і абяцае ім багацці ды скарбы за кожную прыведзеную ахвяру.

Аднойчы яна прапанавала маладому хлопцу куфар з золатам і жыццё ў замку за абмен – абакрасці касцёл, што дапаможа вызваліць яе ад пракляцця. Калі мужчына ў храме пачаў збіраць золата, то паднялася бура. Спужаўся ён, пакінуў скарбы і збег. А душа дзяўчыны так і засталася на сотню гадоў замураваная і заклятая ў сцяне Крэўскага замка.