/ Навіны / БЕЛАЯ ПАННА ГАЛЬШАНСКАГА ЗАМКА

БЕЛАЯ ПАННА ГАЛЬШАНСКАГА ЗАМКА

Было гэта даўно. Аж 400 гадоў назад, калі Павел Сапега выдзеліў грошы на будаўніцтва касцёла і кляштара пры ім. Але збудаваць гэта ўсё трэба было хутка, каб атрымаць узнагароду за працу. Будаўнікі ўзяліся шчыра ўзводзіць сцены, але ж адна з іх аж тры разы абрушылася.

Тады ўсе сабраліся і параіліся, як далей справіцца з гэтай праблемай. Падумалі, што вінаватыя тут цёмныя сілы. А каб іх прагнаць, патрэбна ахвяра. Хто ёй стане? Вырашылі, што ёю будзе жонка будаўніка, якая першая каму-небудзь з іх прынясе абед.

Сярод іх быў малады будаўнік, які нядаўна справіў вяселле з прыгожай дзяўчынай. Ён моцна маліўся, перажываў, каб толькі не яна была першай, бо пастаянна прыходзіла да яго і прыносіла ежу. Але ж так і атрымалася. Першай была яна. Яе ўхапілі і замуравалі жывой у сцяне кляштара.

З тых часоў па калідорах кляштара ходзіць душа маладой Белай Панны.

Аднак падчас рэстаўрацыі касцёла сцяна трэснула. Будаўнікі пачысцілі сутарэнне і знайшлі там шкілет жанчыны, замураванай у сцяне. Рэшткі захавалі ў скрынцы, каб адпяваць потым ахвяру ў храме. Але ж будаўнікі, не зважаючы на рытуальны абрад, закапалі іх. А дзе? Тыя хлопцы памерлі, так і не сказаўшы, дзе тая схованка.

Прывіды ходзяць цяпер не толькі па касцёле і кляштары, але і па разбураным Гальшанскім замку. Іх крокі чутны ноччу па галерэях і пакоях у вежы. Белая Дама і дагэтуль недалюблівае зацікаўленых і тых, хто доўгі час затрымліваецца ў замку. Падчас здымак журналісты адчуваюць сябе тут нялоўка, нават звальваюцца з мосту і атрымліваюць моцныя ўдары ў грудзі.