/ Навіны / ЗАЧАРАВАНЫЯ КНЯЗЁЎНЫ

ЗАЧАРАВАНЫЯ КНЯЗЁЎНЫ

Сцены Лідскага замка напоены легендамі. Нават і ваколіцы каля яго.

Адна з легенд расказвае, што з паўночнага боку замка, на схіле ўзгорка, раслі дзве даўгалетнія сасны. Кажуць людзі, што гэта дзве зачараваныя літоўскія князёўны – дочкі князя Гедыміна. Яны чакалі, калі іх хто расчаруе, клікалі:

– Прыйдзіце да нас! Мы чакаем вас!

Ноччу можна было пачуць працяглы гук і ўздрыгванне зямлі, убачыць, як па надрэзах на ствалах соснаў цякла людская кроў. Аднойчы ў замку з-пад зямлі выйшаў атрад сярэднявечных рыцараў з князем Гедымінам на чале. Усе каменныя дамы ў горадзе раптоўна абудзіліся ад гэтага штуршка і зноў стала ціха. Ды ўсё ж расчараваць князёўнаў мог бы толькі ксёндз з дапамогай пэўных малітваў і рытуалаў, а адбыцца гэта павінна было толькі ў замку. Ды прытым, што дзеля гэтага святару неабходна было ўсе свае атрыбуты прынесці з касцёла за адзін раз. Але ж ксёндз пастаянна нешта забываў. І князёўны зніклі.

А тая вулічка з паўночнага боку замка была завулкам Гедымінаўскім, які абмінаўся ўсімі, бо ён быў балоцісты, вузкі і цёмны. Уначы там стаяў жаўнер, які не раз уздымаў трывогу з карабіна. Ён тлумачыў, што сярод соснаў яму нешта падалося і настрашыла.