Жыла калісьці дачка князя Гедыміна – прыгожая і добрая Ліда. Любілі яе простыя людзі за спагадлівае сэрца. Была дзяўчына чарнявая і вокам чорная, як вугаль. У сонечны дзень у белай сукенцы і вянку з палявых кветак пырхала яна па лугах, і ўсе заглядваліся на яе.
Мінуў час і вырасла Ліда.Тады вырашыў князь Гедымін аддаць яе замуж за суседскага князя. Словы бацькі-князя лічыліся законам і адмовы быць не магло. Той стары князь быў хоць багаты, разумны і меў вялікія заслугі перад народам, але ж не падабаўся ён княжаскай дачцы Лідзе. Дзяўчына ж кахала мясцовага хлопца-пастуха.
Надышло вяселле. Тры дні піраваў замак, а Ліда сядзела замкнёная ў вежы, плакала і малілася. І ў трэці дзень, калі скончылася гулянне, Ліда пачула крокі бацькі і бразганне зброі. З Гедымінам ішоў жаніх. Ліда, тады прымае рашэнне. Яна ў белай сукенцы праслізгнула праз кутыя жалезам дзверы і праз лабірынт калідораў паднялася на замкавую сцяну. Выпраставалася, высока ўзняла галаву, позіркам ахапіла знаёмыя палі і лясы, лугі і кветкі. Азірнулася і кінулася са сцяны ў воды працякаючай побач ракі.
Доўга плакаў народ. А князь Гедымін, у памяць пра дачку, назваў горад Ліда, а раку – Лідзея.
Дагэтуль людзі кажуць: у вясновыя ночы, калі цвітуць сады і месяц свеціць на замак, з’яўляецца на сцяне постаць Ліды ў белай сукенцы і вянку. Глядзіць навокал і знікае да світання.













