У цёмную ноч тры тэўтонскія рыцары на чале з магістрам Дзітрыхам фон Кніпродэ неспадзявана прыехалі ў Навагрудскі замак. Верны дарадца князя Літавора Рымвід далажыў пра гасцей. Князь не спаў – ён задумаў пайсці вайной на горад Ліду, якую абяцаў яму Вітаўт, але не аддаў. Больш таго, дзеля гэтага Літавор заключыў тайны саюз з крыжакамі. Рымвід марна адгаворваў князя, але той не верыў Вітаўту і прагнуў помсты.
Тады дарадца звярнуўся да княгіні Гражыны – прыгажуні з мужчынскай душой, якая была для Літавора не толькі жонкай, але і дарадцам. Даведаўшыся пра змову з ворагамі, жанчына загадала выгнаць тэўтонцаў з замка. Кніпродэ пакляўся помсціць.
Неўзабаве крыжакі вярнуліся з войскам, і князь Літавор выйшаў са спачывальні ў поўным баявым уборы. Яго плечы прыкрываў пурпурны плашч, твар хаваўся пад забралам, а меч князь прымацаваў справа, а не злева. Вывеўшы свой атрад за межы замка, той жа ноччу князь павёў людзей у бой.
На здзіўленне воінаў, князь не аддаў перад боем ніводнага загада і не падрыхтаваў сваё войска да бітвы з такім моцным ворагам.
У самай сечы Літавора смяротна паранілі. Але раптам з’явіўся волат у чорных даспехах, павёў літоўцаў у бой, адным ударам паваліў Кніпродэ і выратаваў войска.
Калі прынеслі цела «князя» на пахавальнае вогнішча, чорны рыцар спыніў абрад. Ён зняў шлем – і ўсе ўбачылі жывога Літавора. А на вогнішчы ляжала яго жонка Гражына. Яна пераапранулася ў мужчынскую зброю і прыняла смерць за мужа.
Князь кінуўся ў агонь да яе праху. Возера каля Навагрудка назвалі Літоўка, а Адам Міцкевіч апісаў подзвіг княгіні ў паэме «Гражына». Дзякуючы ёй крыжакі не дайшлі да Ліды, а былы Навагрудскі тракт у Лідзе цяпер носіць яе імя (хоць у савецкі час яго перайменавалі ў вуліцу Энгельса).













