Даўно гэта было, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім правілі браты Альгерд і Кейстут. Старэйшы, Альгерд, меў дванаццаць сыноў і шэсць дачок, а Кейстут – сем сыноў і чатыры дачкі. Больш за ўсіх Альгерд любіў сына Ягайлу, а Кейстут – Вітаўта. І паабяцалі браты, што калі адзін памрэ, другі падзеліць уладу з яго любімым сынам.
Памёр Альгерд у 1377 годзе. Кейстут стрымаў слова і прызнаў Ягайлу вялікім князем. Але той хутка пачаў цяжыцца залежнасцю ад дзядзькі. І тут з’явіўся побач з ім былы конюх Вайдыла – хітры, пісьменны і надзелены дзіўным дарам падпарадкоўваць людзей. Ён заваяваў давер Ягайлы, спадабаўся яго маці Ульяне і пакарыў сэрца князёўны Марыі, сястры Ягайлы.
І зрабіў Ягайла нечуванае: аддаў сястру за конюха, даў яму ў пасаг горад Ліду. Кейстут абурыўся: гэта не справа – раўняць князёўнаў з чэляддзю. Ён аддаліўся ад пляменніка.
Тады Вайдыла пачаў шэптам раіць Ягайлу змову з крыжакамі – адвечнымі ворагамі Літвы, каб разам пазбавіцца ад Кейстута. Падпісалі тайны дагавор, па якім Ягайла абяцаў не чапаць крыжакоў, нават калі тыя будуць ваяваць з Кейстутам. Даведаўся пра тое стары князь, захапіў Вільню, паланіў Ягайлу, а Вайдылу загадаў павесіць перад вачамі Марыі.
Але не вызвалілася сэрца князёўны ад чар. Яна пракляла Кейстута і патрабавала помсты. Ягайла заманіў на перамовы Кейстута і сына яго Вітаўта і захапіў іх у Крэўскім замку. Старога князя забілі ў турме. Вітаўту ж удалося ўцячы. Марыі Альгердаўне нічога не заставалася, як змірыцца. І хоць яна яшчэ доўга скардзілася на свой лёс і часта плакала, але час вылечвае душэўныя раны, і неўзабаве князёўна супакоілася і выйшла замуж другі раз за князя Давіда Дзмітрыевіча, заснавальніка Давыд-Гарадка.













