/ Навіны / Водная абарончая сістэма Лідскага замка ў XIV-XV стст.

Водная абарончая сістэма Лідскага замка ў XIV-XV стст.

Замкі-кастэлі ВКЛ будаваліся на невялікіх пагорках у забалочанай мясцовасці, звычайна ў сутоцы дзвюх рэчак. Важнымі абарончымі элементамі гэтых замкаў былі земляныя валы і равы, якія часта абвадняліся.

Археалагічныя даследаванні Лідскага замка прывялі да высновы, што замак будуецца на штучным пясчаным узгорку вышынёй 5-6 м, быў акружаны балоцiстымi берагамі рэк Лiдзеi і Каменкі. У канцы XIV – пачатку XV ст. на адлегласці 7,5 м ад паўночнай сцяны замка быў выкапаны роў шырынёй 18-19 м, і магчымай даўжынёй каля 120-150 м, які злучаў рэкі і аддзяляў замак ад горада. Сістэма штучных сажалак поўнасцю прыкрывала паўднёвую, заходнюю і ўсходнюю сцены замка. Найбольш шырокая частка воднай абарончай сістэмы Лідскага замка знаходзілася на ўсход і паўднёвы ўсход ад замка. Водная перашкода на гэтых напрамках уяўляла сабой дзве сажалкі, створаных па цячэнню р. Лідзейкі. На перыяд XIV-XV стст. сажалкі ўяўлялі сабой адзіную водную прастору, якая прыкрывала замак з поўдня і ўсходу і дасягала шырыні каля 200 м. Доўгі мост праз сажалкі з’яўляўся часткай дарогі з Вільні на Наваградак.

Як вядома, абедзве брамныя аркі замка знаходзяцца ва ўсходняй сцяне, г.зн. менавіта ў той, перад якой размяшчалася найбольш шырокая водная прастора і, што таксама вельмі істотна, праходзіла дарога з Вільні ў Наваградак. Такое размяшчэнне варот патрабуе наяўнасці яшчэ аднаго мосту, што з’яўляўся адгалінаваннем асноўнага, які абслугоўваў дарогу.

Такая сістэма абароны не толькі надзейна засцерагала замак (акрамя зімовых месяцаў), але і дазваляла яго гарнізону цалкам кантраляваць на гэтым участку дарогу з Вільні на Наваградак, якая мела ў XIV-XV стст. агульнадзяржаўнае значэнне.

З пункту гледжання абарончай тактыкі той эпохі ўся гэта водная сістэма нават пры пашкоджаных плацінах і часткова спушчаных сажалках уяўляла сабой практычна непераадольную перашкоду як пры раптоўным нападзе на замак, так і пры аблозе або штурме, робячы малаэфектыўнымі ці ўвогуле бескарыснымі сценабітныя і камнямётныя прылады, якія шырока ўжываліся ў XIII-XIV стст. і нават гарматы, якія з’явіліся ў войсках Ордэна і ВКЛ на мяжы XIV-XV стст.

 

 

 

 

 

 

 

Сістэма “воднай абароны” Лідскага замка XIV-XV стст. (рэканструкцыя Р. Баравога)

За паўночнай сцяной з XIV ст. пачынае фарміравацца падзамчышча – неўмацаванае паселішча – пачатак фарміравання сучаснага горада. Горад мае даволі незвычайнае тапаграфічнае размяшчэнне. Асноўны гістарычны раён займае невысокую пляцоўку паміж балоцiстымi рэчышчамі Лiдзеi і Каменкі, у той час як гарады звычайна ўзнікалі на ўзвышшах.