/ Навіны / Булат Барыс Адамавіч

Булат Барыс Адамавіч

Булат Барыс Адамавіч (1912 – 1984) – адзін з арганізатараў партызанскага руху на Гродзеншчыне, камандзір Ленінскай партызанскай брыгады, Герой Савецкага Саюза.

У 1964 г. прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г. Ліды».

Нарадзіўся Барыс Адамавіч у Туле 27 ліпеня 1912 г. Па ўспамінах унука Аляксандра Булата: “…Скончыўшы васьмігодку, дзядуля пайшоў працаваць манцёрам-тэлефаністам. У 1933 г. ён паступіў у 1-ю Савецкую аб’яднаную ваенную школу РСЧА імя УЦВК, больш вядомая як Крамлёўскае вучылішча… Гэту прэстыжную ўстанову скончыў у 1936 г. Расказваў мне часта, што нёс каравульную службу на пасту №1 ля Маўзалея Леніна. У тым жа 1936-м годзе дзядуля ўзяў у жонкі маю будучую бабулю Сафію, і ў наступным годзе ў іх нарадзілася дачка Ізабэла, мая цёця. У 1936-м годзе Барыс Адамавіч паступіў у Ваенную акадэмію імя Фрунзэ. Пасля заканчэння дух курсаў ён, старшы лейтэнант, быў назначаны памочнікам начальніка апеаратыўнага аддзела 31-й танкавай дывізіі 13-га механізіраванага корпуса ў Бельскім раёне Беластоцкай вобласці”.

Вялікая Айчынная вайна застала Барыса Булата на заходняй мяжы. З першай гадзіны вайны дывізія ўступіла ў бой з ворагам, аднак хутка вымушана была адступіць. 27 чэрвеня 1941 г.  капітан Барыс Булат быў цяжка паранены. З групай байцоў ён дабраўся да бальніцы ў вёску Дзярэчын Зэльвенскага раёна, дзе яму ампутавалі руку. Калі немцы захапілі Дзярэчын, яны вывезлі параненых у лагер ваеннапалонных у Слонім, а потым у Баранавічы. Адсюль палонных адпраўлялі на захад. 12 верасня 1941 г. Барысу Адамавічу ўдалося ўцячы з эшалона. З групай таварышаў ён пачаў прабірацца ў Дзярэчын, дзе паспеў пазнаёміцца з патрыятычна настроенымі людзьмі. Хутка Барыс знаходзіць прытулак у селяніна вёсцы Бердавічы, былога члена КПЗБ Міхаіла Утліка. Барыс Булат разам з гаспадаром усю зіму рыхтаваліся да партызанскай барацьбы.

У канцы красавіка 1942 г. Барыс Адамавіч з невялікай групай байцоў пачаў актыўныя дзеянні. Яны напалі на памяшканне гміны ў вёсцы Сянькоўшчына, забілі трох паліцэйскіх, узялі ў палон начальніка паліцэйскага ўчастка, захапілі 13 вінтовак, шмат патронаў. Так узнікла партызанская група з 27 чалавек. Камандзірам выбралі Барыса Булата.

Кароткія запісы аб аперацыях супраць ворага на пачатку барацьбы з дзённіка Барыса Адамавіча за 1942 год: “…13 мая. Атрад папоўніўся яшчэ пяццю байцамі. 20 мая. Разбілі варожы гарнізон у мястэчку Галынка. Знішчылі дакументы, захапілі 12 вінтовак, радыёпрыёмнік, тры веласіпеды, пячаткі, штампы. 1 чэрвеня. Каля Азярніцы разабралі рэйкі, pyx цягнікоў затрымаўся на суткі. У той жа дзень правялі растлумачальную работу ў вёсцы Голі. 20 чэрвеня. У вёсцы Лыскі ў трохгадзінным баі забілі 30 фашыстаў, узялі адну аўтамашыну, дзве знішчылі…”.

Пасля група Барыса Булата вымушана была перайсці на правы бераг ракі Шчары. Размясцілі свой лагер у Дубароўскім лесе. Тут да іх далучыліся групы У. Лябецкага, П. Булака, В. Пішчуліна, Г. Караля. На агульным сходзе прынялі пастанову ўтварыць аб’яднаны партызанскі атрад, камандзірам якога выбралі Барыса Булата.

Аб’яднанне партызанскіх груп, утварэнне адзінага камандавання дазволілі палепшыць агульнае кіраўніцтва, распрацоўку баявых аперацый.

Яшчэ больш узмацніліся ўдары партызан па ворагу, калі ў снежні 1942 года была створана Ленінская партызанская брыгада, камандзірам якой быў назначаны Фёдар Сінічкін, а начальнікам штаба – Барыс Булат. Брыгадзе давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні ў час першай блакады Ліпічанскай пушчы.

Умелым, вопытным камандзірам, адважным воінам паказаў сябе Барыс Булат у адной з найбольш вялікіх аперацый брыгады – разгроме варожага гарнізона ў райцэнтры Жалудок у маі 1943 года. Тут ён зноў атрымаў раненне і як толькі паправіўся, быў прызначаны камандзірам Ленінскай партызанскай брыгады. Восенню 1943 года Барыса Булата адазвалі ў абкам партыі і прызначылі начальнікам аператыўнага аддзела абласнога партызанскага цэнтра. Аднак не па душы была яму штабная работа, ён ірваўся ў бой. Гэта заўважылі і даручылі яму аб’яднаць у адну брыгаду некалькі атрадаў, якія дзейнічалі на заходняй ускраіне Налібоцкай пушчы. Заданне ён паспяхова выканаў.

Вясной 1944 г. ад начальніка Беларускага штаба партызанскага руху Пятра Калініна Булату прыйшло паведамленне: “ваша сям’я пражывае ў г. Туле. Усе жывыя і здаровыя”. За месяц да вызвалення Мінска Барыс Булат быў цяжка паранены ў баі і накіраваны ў Маскву. Хутка беларуская зямля была вызвалена ад ворага.

У ліпені 1944 года Барыс Булат вярнуўся ў Мінск. 15 жніўня 1944 г. яму было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны Булат Адамавіч скончыў Вышэйшую школу харчовай прамысловасці, працаваў на розных пасадах у савецкіх і гаспадарчых установах: намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама (1944), з 1947 г. – намеснікам дырэктара велазавода, у 1951–1973 гг. дырэктарам кандытарскай фабрыкі “Камунарка”. Па успамінах унука Аляксандра Булата: “…Менавіта яму мы павінны быць удзячны за набор “Шакаладных бутэлечак”, цукерак “Грыльяж у шакаладзе”, “Сталічныя”, ”Суфле”, “Чырвоная шапачка” і шакаладку “Алёнка”.

За свой унёсак у Перамогу Барыс Булат быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, і шматлікімі медалямі.

Па успамінах унука Аляксандра Булата: “…Апошнія 10 год дзядуля моцна хварэў, і бабуля Сафія была для яго сапраўднай Брэстскай крэпасцю”. Памёр Барыс Адамавіч 27 сакавіка 1984 г., пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

У гонар Героя Савецкага Саюза Булата Барыса Адамавіча названы вуліцы ў Лідзе, Гродне, Дзятлаве. Ён з’яўляецца Ганаровым Грамадзянінам г. Ліды.

У Мінску жыве ўнук Барыса Адамавіча – Аляксандр Булат. Сям’я захоўвае памяць пра свайго славутага дзеда.

Памяць пра слаўнага сына Барыса Булата захоўваецца ў музеях Мінска, Ліды, Дзятлава. І гэта памяць назаўсёды застанецца ў сэрцах ўдзячных беларусаў!

Светлая памяць і нізкі паклон ад нашчадкаў, Барыс Адамавіч!

Супрацоўнікі музея будуць вельмі ўдзячны, калі ўнук Аляксандр Булат звяжацца з нашай установай.

 

Крыніцы

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. – Мінск, 1990.
Ваенная энцыклапедыя Беларусі = Военная энциклопедия Беларуси. – Мінск, 2010.
Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : [в 2 т.] / [редколлегия: И. Н. Шкадов (председатель) и др.]. – Москва, 1987. – Т. 1.
За край родной : воспоминания партизан и подпольщиков Барановичской области / составитель А. И. Залесский [и др.]. – Минск, 1978.
Их именами названы… : энциклопедический справочник. – Минск, 1987.
Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. – Минск, 2015.
Усачев Олег . Борис Булат. Партызаны Беларусі.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 1994. – Т. 2.