Калі надыходзіць юбілейная дата пра таго ці іншага вядомага беларускага пісьменніка, задаюся пытаннем: ці мае ён якія адносіны да Лідчыны?
5 сакавіка 2026 года вядомаму байкапісцу Кандрату Крапіве споўнілася б 130 год з дня нараджэння. Звесткі аб тым, што творца быў у Лідзе – сапраўды ёсць. Аб гэтым пісаў ён сам:
“Дух захватвае ад радасці”.
(З пісьма)
“Шлю табе прывітанне з горада Ліда, дзе мы часова прыпыніліся. Гэта адзін з гарадоў Заходняй Беларусі, якую вызваліла наша слаўная Чырвоная Армія з-пад прыгнёту паноў-памешчыкаў і капіталістаў. А як часта мы з табой аб гэтым марылі і гаварылі з хлапцамі!.. Мары нашы здзейсніліся раней нават, чым мы маглі спадзявацца. Цяпер увесь беларускі і ўкраінскі народы, не падзеленыя ніякімі межамі, будуць жыць у сям’і брацкіх народаў Савецкага Саюза.
Настрой у мяне самы найлепшы, як і ва ўсёй нашай арміі. Проста дух захватвае ад радасці ад такіх грандыёзных падзей. Падумай толькі, гэта ж сапраўды, Дзяржаўны тэатр зможа выехаць на гастролі, скажам, хоць бы ў Вільна і паказаць там «Партызаны». Раней мы гаварылі аб гэтым, як аб далёкім будучым.
Сяляне і рабочыя Заходняй Беларусі вельмі рады нашаму прыходу. Яны нам актыўна дапамагаюць і ахвотна расказваюць, дзе хаваюцца польскія бандыты. Затое панам, фабрыкантам, польскім афіцэрам наш прыход вельмі не да смаку. Гэта нашы заядлыя ворагі. Чырвоная Армія выпорвае іх з усіх нор, дзе яны пахаваліся.
Прывітанне ўсім.”
Пісьмо было змешчана ўпершыню ў газеце “Літаратура і мастацтва” за 3 кастрычніка 1939 года. Капійны варыянт гэтай публікацыі патрапіў мне, аўтару гэтых радкоў, дзякуючы руплівасці на той час намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Аляксандравіча Сушы. А цяпер яго можна пачытаць у кнізе “Кандрат Крапіва. Збор твораў у шасці тамах. Том 2” [4], [5].
Пра сустрэчу з Кандратам Крапівой 22 лістапада 2017 года ўзгадвала і вядомая зямлячка, пісьменніца Данута Бічэль-Загнетава, калі прыязджала мерапрыемства ў Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы. “…Ліда – першы горад у маім жыцці, – гаварыла Данута Бічэль. – Сюды я дабіралася з вёскі пяшком, праз балоцістую мясцовасць, у Лідзейцы мыла ногі. У тыя гады Ліда была для мяне, вясковай дзяўчынкі, цудоўнай краінай, дзе мяне вучылі ўсяму… Памятаю, да нас, першакурсніц (Лідскага педагагічнага вучылішча), прыязджаў Кандрат Крапіва. Паслухаўшы мае вершы (многія ў юнацтве спрабуюць пісаць вершы), вядомы пісьменнік параіў даслаць іх у “Вожык”. У “Вожык” я тады вершы не даслала (мабыць, саромелася), аднак мае спробы пяра часта сталі з’яўляцца ў насценгазеце вучылішча. Такой была мая “стартавая пляцоўка” ў друку… Пасля Ліды быў Навагрудак, а затым – Гродна, дзе я, скончыўшы педінстытут, так і засталася жыць…” [6].
З аўтабіяграфіі Дануты Бічэль-Загнетавай вядома: “У 1953 годзе паступіла ў Лідскае педвучылішча. Тут выступала з вершамі са сцэны, мела ўжо два сшыткі сваіх твораў. Толькі пісаліся яны звычайна дома, у лесе нават. Педвучылішча скончыла ў Навагрудку, бо Лідскае было расфармавана. Хадзіла ў Навагрудку на пасяджэнні раённага літаб’яднання…” [7].
Але ж чым быў адметны 1939 і 1953 год для Кандрата Крапівы?
У 1939 годзе Кандрата Крапіву, ужо знакамітага пісьменніка, зноў яго мабілізавалі, прызвалі ў армію, і ён у якасці камандзіра стралковай роты ўдзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), (дапамагаў Заходняй Беларусі ўз’яднацца з Усходняй, з БССР), а затым у савецка-фінляндскай вайне ў 1939-1940 гады. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны К. Крапіва працаваў у рэдакцыі газеты “Красноармейская правда”, затым у рэдакцыі франтавой газеты Заходняга фронту “За Савецкую Беларусь” [2].
У канцы 30-х гг. пісьменнік звярнуўся да жанру сатырычнай камедыі. Напісаў класічную п’есу “Хто смяецца апошнім” (апублікавана і пастаўлена ў 1939 годзе ў БДТ-1, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), у якой талент Крапівы-сатырыка раскрыўся з выключнай сілай. П’еса “Пяюць жаваранкі” (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм). П’еса “Зацікаўленая асоба” (пастаўлена ў 1953 тэатрам імя Я. Купалы), “Брама неўміручасці” (пастаўлена ў 1974 тэатрам імя Я. Купалы), “На вастрыі” (пад назвай “Блытаныя сцежкі” (пастаўлена ў 1983 тэатрам імя Я. Коласа). Першыя дзве з іх прысвечаны стваральнай працы савецкіх людзей. “Зацікаўленая асоба” – першая спроба драматурга ў паказе жыцця рабочага класа і тэхнічнай інтэлігенцыі. Вялікім дасягненнем Крапівы-драматурга з’явілася сатырычная камедыя “Брама неўміручасці”, якая вырашае маральна-этычныя праблемы. Выведзеныя ў ёй персанажы працягваюць галерэю сатырычных тыпаў з ранейшых п’ес драматурга. П’еса ішла на сцэнах многіх тэатраў Беларусі і іншых рэспублік. Поспехам карысталася лірычная камедыя пра жыццё калгаснай вёскі “Пяюць жаваранкі”, якая вызначаецца самабытнасцю характараў, іскрыстым народным гумарам, багатым падтэкстам дыялогаў, вобразнай сакавітай мовай, глыбокім лірызмам. П’еса ставілася многімі тэатральнымі калектывамі краіны, экранізавана на кінастудыі “Беларусьфільм” (1953).
У 1953 годзе яму прысудзілі ступень доктара філалагічных навук. Усё сваё далейшае жыццё Кандрат Крапіва прысвяціў навуцы, але не забываўся і пра літаратурную дзейнасць. Ён – аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) “Русско-белорусского словаря” (1953) [1].
У чым яшчэ ёсць сувязь байкапісца з горадам Ліда?
Дырэктарам лідскага цвіковага завода (цяпер завод электравырабаў) быў Уладзімір Корбан, які працаваў тут з канца 1946 да студзеня 1948 года, потым праз невялікі час, у 1952 годзе знайшоў працу ў рэдакцыі “Вожыка”, а з 1967 па 1971 гады быў яго галоўным рэдактарам. Яго звалі “другі пасля Крапівы”, бо менавіта Кандрат Кандратавіч аднойчы сказаў: “Што ж, дарагі Корбан, ёсць у мяне добрая замена, табе зараз і лейцы ў рукі”.
Не лішнім будзе згадаць, што ў сатырычным агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якую рэдагаваў Кандрат Крапіва, у 1944 і 1945 гадах друкаваўся і Валянцін Таўлай пад псеўданімамі “Мсцівец”, “Алесь Шыпшына”, а таксама яго калега па працы з рэдакцыі лідскай газеты “Уперад” Ніна Тарас.
Між іншым, дзякуючы “Вожыку” упершыню ў рэспубліканскі друк увайшоў са сваімі творамі і аўтар гэтых радкоў.
Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея
Спіс выкарыстанай літаратуры
- Беларускі байкапісец. Кандрат Крапіва. Біяграфія [Электронны рэсурс]. 2020. – 2 сак. Рэжым доступу: https://library.mogilev.by/virtual-exhibitions/personal-krapiva-01.html. – Дата доступу: 30.01.2021
- Год Культуры. Юбілей Кандрата Крапівы [Электронны рэсурс]. 2016. – 4 сак. – Рэжым доступу: https://babunichi.schools.by/m/class/2029/news/161428. – Дата доступу: 30.01.2021
- Крапіва, К. Дух захватвае ад радасці / К. Крапіва // Літаратура і мастацтва. – 1939. – № 34 (448) – 3 кастр. – С. 1.
- Кандрат Крапіва. Дух захватвае ад радасці [Электронны рэсурс]. – 1996. – 1 студз. – Рэжым доступу: https://knihi.com/Kandrat_Krapiva/Duch_zachvatvaje_ad_radasci.html. – Дата доступу: 30.01.2021
- Крапіва, К. Збор твораў у 6 т. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / К. Крапіва // прадм., камент. С. Лаўшука. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. – Т. 2. – С. 264 – 265.
- Мацулевіч, А. І плыве яе радок, і звініць яе слова / А. Мацулевіч // Лідская газета. – 2017. – №95 (12854). – 6 снеж. – С. 12.
- Суднік, С. Данута Бічэль. 75 гадоў з дня нараджэння / С. Суднік // Лідскі летапісец : краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс. – 2012. – № 4 (60). – С. 8 – 18.
















