8 лютага споўнілася 105 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.
Якую сувязь ён мае з Лідай?
На гэтае пытанне ёсць адказ, але яго трэба дапоўніць так: “Не з горадам, а з людзьмі з Ліды”.
Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся ў вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна. Адтуль жа, з гэтага раёна, была родам паэтэса Алеся Бурак (17.12.1930 – 24.08.2017), якая доўгі час жыла і працавала ў горадзе Ліда. У кнізе Алесі Аляксандраўны Бурак “Прастора дабрыні” ёсць фотаздымак, на якім яна са сваімі вучнямі СШ №11 горада Ліды побач з народным пісьменнікам Беларусі Іванам Мележам у Мікалаеўшчыне падчас мерапрыемства, прысвечанага да 90-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ў кастрычніку 1972 года. Шмат разоў Алеся Бурак з вучнямі былі на радзіме народных пісьменнікаў не толькі Якуба Коласа, але і Янкі Купалы, дзе сустракаліся з Анатолем Вярцінскім, Іванам Шамякіным, Пятрусём Макалем, Міколам Аўрамчыкам, Эдзі Агняцвет. Частыя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі наладжваліся і ў сценах школы. Школьнікі, дзякуючы ініцыятыве Алесі Бурак, сустракаліся з Паўлам Місько, Генадзем Бураўкіным і іншымі.
Аб тым, што Алеся Бурак была знаёмая з Іванам Мележам, мне, аўтару гэтых радкоў, стала вядома ў 2011 годзе, калі рыхтаваў матэрыял у часопіс “Лідскі летапісец” да яе 80-годдзя з дня нараджэння. Мне яна зазначыла так: “Я з Хойніцкага раёна, зямлячка Мележа”. І далей распавяла мне першую сустрэчу з ім. Яна адбылася ў 1963 годзе на кватэры прафесара БДУ Жыдовіч Марыі Андрэеўны, якая была родам з Дукоры. І. Мележ і А. Бурак сустрэліся на 40-годдзі Іны Каралёвай, дзе спадарыня Алеся прачытала верш “Сваёй роднай Дукоры”, прысвечаны сяброўцы Іне – дачцы М. А. Жыдовіч. Іван Мележ быў студэнтам Марыі Андрэеўны з 1943 года. Трэба зазначыць, што выхаванцамі доктара філалагічных навук М. А. Жыдовіч былі вядомыя пісьменнікі і паэты. Пры яе падтрымцы 18 студэнтаў абаранілі кандыдацкія дысертацыі, сталі аўтарамі беларускіх падручнікаў, а Сцяшковіч Таццяна Філіпаўна – прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – таксама яе студэнтка і аспірантка.
Яшчэ адзін важны гістарычны момант пра памяць да Івана Мележа. 6-8 кастрычніка 2017 года, на гэты раз мне, аўтару гэтых занатовак, пашанцавала прыняць удзел у Міжнародным фестывалі “Берега дружбы”, які праходзіў у Растоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. 7 кастрычніка на будынку Петрушынскай сельскай бібліятэкі Новабессергенеўскага сельскага пасялення Неклінаўскага раёна Растоўскай вобласці была адкрыта мемарыяльная дошка для ўшанавання памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Гэтай бібліятэцы было прысвоена імя класіка беларускай літаратуры. Разам з тым, Гомельскае абласное аддзяленне пісьменнікаў Беларусі перадало сюды бібліятэку кніг пісьменніка для расійскіх чытачоў, а таксама каштоўныя фотаздымкі з архіва сям’і пісьменніка, якія захоўваліся ў яго сваякоў.
Чым адметны для расіян Іван Мележ? У 1939 годзе ён паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі і з першага курса яго прызываюць у Чырвоную Армію. Пісьменнік патрапіў на фронт, вызваляў землі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але варожая куля не праходзіць міма Мележа-літаратара пад Растовам-на-Доне: у чэрвені 1942 года ён атрымлівае цяжкае раненне. Лячыўся ў шпіталі ў Растоўскай вобласці, затым у Тбілісі. Пісьменнік напіша аб гэтым так: “Правае плячо было разбіта асколкам бомбы. Рука, якую ледзь не адрэзалі, як нежывая вісела на падвязачцы з марлі, рана зажывала марудна”. “Дзякуй таму растоўскаму хірургу Антонаву, які, паспачуваўшы маладому палітработніку, сам узяўся рабіць аперацыю, выратаваў маю правую руку, ужо асуджаную на смерць другімі ўрачамі. Рука гэта мне так спатрэбілася потым, так памагла мне ў працы!..”. Як вынік, ён выратаваў аўтара, які гэтай жа рукой напісаў у будучым свае лепшыя творы.
Алесь Хітрун,
навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея
Фота аўтара. Падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі на будынку Петрушынскай сельскай бібліятэкі Новабессергенеўскага сельскага пасялення Неклінаўскага раёна Растоўскай вобласці, 7 кастрычніка 2017 года; Алеся Аляксандраўна Бурак з вучнямі СШ №11 г. Ліда падчас паездкі на 90-я ўгодкі Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне, побач – Іван Мележ, кастрычнік, 1972 год.



















