/ Навіны / Ніна Качан

Ніна Качан

8 лютага ў Беларусі ўспамінаюць хлапчукоў і дзяўчынак, якія разам з дарослымі ўсталі на абарону нашай краіны ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сярод юных змагароў была і Ніна Качан. Сёння мы працягваем віртуальны праект “Каб жылі ў памяці героі” і прысвячаем яго ў Год Жанчын нашым слаўным дзяўчынкам, жанчынам: маці, дочкам, жонкам, сёстрам…

Ніна належала да сям’і лідскіх патрыётаў. Горад Ліда быў акупаваны ворагам 27 чэрвеня 1941 г. Сям’я Гаўрыіла Паўлавіча Качана ўключылася ў падпольную барацьбу з самых першых дзён акупацыі. Змагаўся з ворагам Гаўрыіл Паўлавіч, сын Анатолій і дачка Ніна. 19 мая 1944 г. фашысты схапілі Гаўрыіла Паўлавіча і Анатолія, трымалі ў турме, якая размяшчалася ў Паўночным гарадку. Іх расстралялі разам з іншымі падпольшчыкамі 3 ліпеня 1944 г.

Ніна нарадзілася ў 1931 г. у мястэчку Хатынічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочага. У 1932 г. бацьку перавялі на працу ў г. Ліду, разам з ім пераехала і ўся сям’я. Бацька працаваў майстрам на кафляным заводзе, маці – хатняя гаспадыня. Сям’я складалася з пяці чалавек. Да вайны Ніна скончыла два класы. Ніна Гаўрылаўна згадвае: «Падчас нямецкай акупацыі мы нікуды не эвакуіраваліся. Аднойчы ў хату ўварваліся немцы. Яны пачалі крычаць на маці “Камуніст!” і тыкаць у твар леташнім нумарам газеты “Уперад”, у якой яе абвясцілі стаханаўкай. Фашысты ўсё перавярнулі ў хаце, пагражалі расстрэлам. Калі яны сышлі, я схавала на гарышчы газету і свой піянерскі гальштук”. Пасля гэтага выпадку брат Ніны – Анатоль Качан, змяніўся, як быццам старэйшым стаў. Да іх у хату зачасцілі і сябры брата – камсамольцы, сярод іх быў і Аляксандр Клімко. Яны ціха раіліся, падоўгу знікалі ў горадзе. Неўзабаве ўсё насельніцтва Ліды даведалася пра дыверсіі падпольшчыкаў у дэпо.

З успамінаў Ніны Качан: “У гады Вялікай Айчыннай вайны я дапамагала бацьку і брату ў іх небяспечнай падпольнай рабоце. З першых дзён вайны наша сям’я ўключылася ў барацьбу з фашыстамі: бацька і брат сталі сувязнымі ў партызанскіх атрадах “Іскра” і “Балтыец”. Дастаўлялі зброю і медыкаменты, распаўсюджвалі ўлёткі, якія заклікалі да барацьбы супраць фашыстаў, пераводзілі ў партызаны нашых савецкіх людзей, якія апынуліся ў палоне ў немцаў. Брат часта ездзіў на кані з возам у партызанскі атрад па ўлёткі і міны для дыверсій на чыгунцы і электрастанцыі. Ён браў мяне з сабой, укладваў на воз хворы. Туды мы везлі медыкаменты, паперу для ўлётак. Такія паездкі былі даволі частымі, толькі маршрут мяняўся. Я дапамагала брату дастаўляць паперу для ўлётак і распаўсюджваць іх па горадзе. Увесь час дзяжурыла ў двары, калі збіраліся падпольшчыкі ў нас у доме, каб не прыйшоў у дом хто чужы.

З 1948 г. па 1952 г. Ніна вучылася ў Лідскім педвучылішчы. Пасля заканчэння навучальнай установы працавала старшай піянерважатай, настаўнікам пачатковых класаў у школах горада і раёна. Да выхаду на пенсію працавала ў ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Ліды”.

Ніна Качан за актыўны ўдзел у падпольнай рабоце Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 ліпеня 1965 г. узнагароджана медалём “За баявыя заслугі” ў сувязі з 20-годдзем Перамогі над фашысцкай Германіяй.

27 студзеня 2010 г. Ніны Гаўрылаўны не стала, але светлая памяць аб ёй надоўга захаваецца ў нашых сэрцах, у сэрцах яе сваякоў, вучняў ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Ліды”, дзе яна на працягу многіх гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў.

У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваюцца яе ўспаміны, звесткі пра сям’ю Качан, успаміны маці Марыі Трафімаўны Качан.

Пра яе дапамогу падпольшчыкам напісана ў кнігах Граблеўскага І.С. “Юныя піянеры Гродзеншчыны”, “С верой в Победу”, а таксама ў артыкулах “Лідскай газеты”.