/ Навіны / Мае крылы за спіной

Мае крылы за спіной

Эстафета перадачы дабрыні працягваецца ў Доме Валянціна Таўлая ўжо 5 гадоў. 4 лютага эстафету дабрыні падхапіў вучань інтэграванага 6 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Ліды” сёмага года навучання Пяцюшык Вадзім. Ён праявіў сваё жаданне паказаць свае работы, якія цяпер можа пабачыць любы жадаючы, наведаўшы выстаўку “Мае крылы за спіной”. І сапраўды, ён творчы, акрылены чалавек, які сябе спрабуе ў дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве. Яркія фарбы, смелая падача ідэі на палотнах, і што важна,  глыбіня думак, якія пераплятаюцца з пачуццямі аўтара і яго багатым светаўспрыманнем. Праз гэтыя работы, мы пачынаем уяўляць самога аўтара, яго неабыякавае стаўленне да прыроды, да сям’і, навакольнай рэчаіснасці.

На выстаўцы прадстаўлены палотны, выкананыя гуашшу, фламастарамі, акварэльнымі фарбамі. Таксама можна ўпершыню пабачыць некалькі выяўленчых работ выкананых з дапамогай воску. А якія іх назвы! “Вясёлы жыраф”, “Вучоны кот”, “Гламурная такса”, “Чапля ў засадзе”, “Падводны свет” і інш. Разам з тым, на выставе можна пабачыць узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – гэта вырабы з фанеры, з якой Вадзім па-майстэрску выпілаваў дэкаратыўныя дрэўцы, сняжынкі і сімвалы бягучага года – конікаў. Сярод іх прыцягваюць увагу вырабы з прыроднага матэрыялу (з гарэхаў, шышак, насення, лісця), 3-D малюнкі. Навінкай у праекце прадстаўлены вітражы і жывёльны малюнак, які адлюстраваны быў дэльфінам у Мінскім дэльфінарыі “Нэма”.

Назва выстаўкі, дарэчы, падразумявае незвычайнае жыццё маладога, акрыленага ў творчасці чалавека, які, нягледзячы на абставіны, праяўленыя ў здароўі, бачыць свет у яркіх фарбах і сваімі працамі ўражвае іншых людзей. Выстаўка падкрэслівае, што настойлівасць і жаданне да сваёй справы дае добры вынік. Яе праца разлічана не на доўгі тэрмін, бо на чарзе ўжо ёсць чарговы прадстаўнік, які падхопіць эстафету дабрыні, святла і пазітыву з такімі ж надзвычай цёплымі работамі.