/ Навіны / “Ліда. Замак”, Гродзенскія мастацкія майстэрні

“Ліда. Замак”, Гродзенскія мастацкія майстэрні

Прапануем пазнаёміцца з выявай Лідскага замка на палатне “Ліда. Замак” Гродзенскіх мастацкіх майстэрняў (з фондаў музея), заснаваным на літаграфіі Алаіза Місеровіча з малюнка Напалеона Орды “Над ракой Лідзеяй”.

Напалеон Матэвуш Тадэвуш Орда – мастак, скульптар, літаратар, музыкант, педагог. Імя мастака і яго творчасць добра вядомыя ў Беларусі і за яе межамі. На кожным малюнку аўтара ёсць невялікая дэталь – натуральна, нібы незнарок, намаляваныя людзі.

Майстар адлюстраваў Лідскі замак, суправадзіўшы гістарычнай даведкай: “Вельмі старажытнае мястэчка, руіны замка, пабудаванага вялікім князем літоўскім Гедымінам у 1323 г. У замку бывалі вялікія князі Вітаўт, Ягайла, Аляксандр Ягелон. Тут пражываў Тахтамыш – хан татарскі. Стараста Ліды быў Хаджы Гірэй – позні хан крымскі. Замак разбураны ў вайну са шведамі”.

Малюнак выкананы ў папулярным тады стылі рамантызму, што значна сказіла сапраўдныя абрысы замка. Эстэтыка рамантызму звярнула сваю ўвагу да працэсаў перажывання і ўспрымання мастака, замест ацэнкі адной толькі гатовай мастацкай формы або яе зместу. Можна ўбачыць, як вежы замка выходзяць за знешнюю мяжу сцен, малы ўваход вынесены на сярэдзіну ўсходняй сцяны, а сцены адноўлены да першапачатковага ўзроўню. І калі дамаляваная верхняя частка ўсходняй сцяны надае замку вялікую суровасць і магутнасць – дапушчальнае для мастака перабольшанне, то вылучаныя за межы сцен вежы – гэта значнае адступленне ад фартыфікацыйных асаблівасцяў замка.

Унікальнасць мастацкай спадчыны Напалеона Орды заключаецца ў свядома спланаванай працы па фіксаванні лепшых архітэктурных аб’ектаў, ансамбляў дойлідства, панарамных відаў. Яго акварэлі і малюнкі, перакладзеныя ў літаграфіі, дэманструюць яскравую карціну старажытнага дойлідства – тыя архітэктурныя помнікі, якія не захавалі свой першасны выгляд; тыя, якія зніклі назаўжды; тыя, якія былі руінамі ўжо ў ХІХ стагоддзі, і невялікая колькасць тых, якія і да гэтага часу можна назіраць у першапачатковым выглядзе. Малюнкі мастака – бясцэнны іканаграфічны матэрыял для навукова-даследчых пошукаў у галіне гісторыі архітэктуры.

*Літаграфія – разнавіднасць друкаванай графікі, заснаваная на тэхніцы плоскага друку, пры якой фарба пад ціскам пераносіцца з плоскай друкаванай формы на паперу. Тэхніку літаграфіі выпадкова вынайшаў нямецкі акцёр і музыкант-аматар Алаіз Зенефельдер з Багеміі ў 1796 годзе.

*Алаіз Місеровіч – літограф, рысавальшчык, жывапісец. Працаваў пераважна ў жанры партрэта і відавога пейзажа.