
Вашай увазе – наступная выява Лідскага замка, якая захоўваецца ў фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Гэта графічны ліст “Від на замак” Уладзіміра Шаркова.
Графік, жывапісец, сябар Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Шаркоў добра вядомы ў Беларусі і за мяжой па акварэльных малюнках гарадоў і славутасцей. Аўтар стварае вобразы помнікаў архітэктуры ў сінтэзе з навакольным асяроддзем. Палітру мастака складаюць цёплыя колеры, блізкія адценні.
Малюе гарады мастак такімі, якімі ўбачыў іх упершыню ў рэальным жыцці або ў архіўных крыніцах. Удасканальвае, дадае дэталі, але імкнецца захаваць выявы нібы вычышчанымі ад павеву хуткабежнага часу.
Графічны ліст “Від на замак” выкананы ў тэхніцы грызайль*. Быў прадстаўлены ў экспазіцыі “Славутасці Беларусі”, якая размяшчалася ў выставачнай зале Лідскага замка ў 2022 годзе. Мастак адлюстраваў старажытную Ліду. У цэнтры кампазіцыі – велічны замак Гедыміна, пабудаваны з каменю і цэглы ў пачатку XIV стагоддзя дзеля абароны ад нападу крыжакоў. У паўднёвай сцяне замка вылучаецца невялікі паўцыркульны праём – уваход, які лічыўся запасным (на выпадак разведкі або ўцёкаў). Два ўваходы ва ўсходняй сцяне – малы і вялікі. Да апошняга вядзе драўляная лесвіца. Перад паўднёвай сцяной замка – асобныя жылыя збудаванні. Дальні план – горад. Ён размяшчаўся толькі па адзін бок замка, на поўнач ад яго. Сваіх умацаванняў горад не меў, таму ў час небяспекі ўсе шукалі паратунку ў замку. На першым плане – фігуры людзей, магчыма, жыхароў горада, якія праводзяць свой вольны час ля вады.
*Грызайль — аднатонны, манахромны жывапіс.












