Паўлоўская Пелагея Філіпаўна – вязніца фашысцкіх канцлагероў Асвенцыма і Равенбрука.
11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
У памяць аб загінуўшых і тых, хто выжыў, штогод 11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэтая дата была абрана і зацверджана ААН невыпадкова. Яна была ўстаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 г. У гэты дзень вязні захапілі канцлагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў.
Асвенцым, Бухенвальд, Равенсбрук, Майданэк – гэтыя і многія іншыя месцы на карце Еўропы былі ператвораны ў гады Другой сусветнай вайны ў жорны смерці, прылады масавага фізічнага знішчэння людзей.
Праз жорны фашысцкіх канцлагероў прайшлі і нашыя зямлячкі. Сёння мы раскажам вам пра Пелагею Паўлоўскую.
Пелагея Паўлоўска жыла ўЛідзе з 1921 года. Да гэтага – сем гадоў у Расіі.
Пелагея Філіпаўна ўспамінала: «Арыштавалі нас з мужам 5 красавіка 1944 г. пасля забойства нямецкага каменданта. Каменданта забіў чалавек у кажушку 4 красавіка ў 18.00 . Я сама яго бачыла, як ён бег праз наш двор і крыкнуў: “Цётка, ратуйцеся!” Гэта быў партызан, я яго бачыла раней, як ён прыходзіў у наш дом да майго пляменніка. Нас арыштавалі па падазрэнні ў забойстве каменданта. Пасля арышту трымалі ў турме ў Лідзе ў будынку 10-й школы 4 дні. Праводзілі допыты з 6.00 да 24.00, вельмі моцна білі. Твару майго было не пазнаць: вочы заплылі (немяц стукнуў пісталетам), ляжаць на плячах не магла – так моцна білі. Затым перавезлі ў турму на вуліцы Танкавай, на тэрыторыі цяперашняга тубдыспансера, трымалі 3 тыдні. Затым 2 тыдні была ў Баранавічах. З Баранавіч трапіла ў Колдычаўскі лагер. Пры наступленні партызан на Колдычаў нас накіравалі ў Асвенцім. У Асвенціме на левай руцэ ніжэй локця выбілі нумар “79603”. З Асвенцыма ў 1945 г. пагналі ў Равенсбрук. У лагеры нас ганялі на цяжкія работы. Будзілі ў тры ночы, ставілі да сямі раніцы ля баракаў, а ў 7 гадзін размяркоўвалі на працу. Кармілі раз у суткі ў 12 00, давалі па 200 грамаў хлеба і баланду з бруквы, буракоў і іншай гародніны.
Пры наступленні часцей Чырвонай Арміі на Берлін, немцы вымушаны былі эвакуіраваць вязняў з лагера. Гналі нас пяшком з 7 красавіка па 3 мая 1945 г. без ежы, а 3 мая нас вызвалілі рускія салдаты…»
















