Магутныя мураваныя пабудовы ўзводзіліся з разлікам не на адно стагоддзе. Сімвалічна, што і матэрыял, які выкарыстоўваўся пры будаўніцтве, нёс у сабе адценне вечнасці: вялізныя камяні, умураваныя ў сцены замкаў, надавалі ім маналітнасць і цэльнасць.
Асабліва шырока выкарыстоўваюцца валуны ў беларускім дойлідстве ў XIV ст. Бралі звычайныя камяні, сабраныя з палёў. Будаўнікі ўважліва сачылі за тым, каб захаваць акуратныя шэрагі ў муроўцы, таму валуны старанна падбіралі паводле памераў. Асноўны масіў сцен рабілі з камянёў дыяметрам 20-40 см. Прамежкі паміж імі запаўнялі каменнымі клінамі і друзам, іншы раз цэглай, а потым замазвалі вапнавым растворам. Ніжнія часткі сцен і падмуркі ўзводзілі з валуноў дыяметрам да 1 м. У такой тэхніцы пабудаваны Лідскі замак.
Беларускі гісторык М. Ткачоў падлічыў, што для ўзвядзення Лідскага замка спатрэбілася каля 23 000 м³ валуноў і каля паўтара мільёна штук цэглы, мноства пяску, жвіру, вапны і гліны. З цэглы рабіліся толькі завяршэнні сцен, веж, байніц, брам і вуглы сцен.
Якасць цэглы заўжды залежыць ад сыравіны. Даследчыкі вылучаюць два асноўныя фактары, якія ўплываюць на яе якасць. Гэта гатунак гліны (яе тлустасць) і дамешкі (дробны пясок, жвір ды іншае), а таксама якасць вады, якую выкарыстоўваюць для вырабу цэглы. Вада павінна ўтрымліваць нязначную колькасць розных солей, бо інакш цэгла атрымліваецца крохкая.
У Сярэднявеччы адсутнічалі добрыя дарогі, таму для вытворчасці цэглы імкнуліся выкарыстоўваць мясцовую сыравіну, каб не весці яе здалёку. 3 гэтае прычыны якасць беларускай цэглы, асабліва буйнапамернай, не заўсёды добрая. Часам глінянае цеста кепска перамешанае, дзюркавае на разломах, мае дамешкі жвіру і жарствы.
Будаўнікі Лідскага замка выкарыстоўвалі цэглу памерам 31x15x10 см. Даўжыня лідскай цэглы адпавядае даўжыні цэглы, з якой будавалі горад Рыгу. Большасць цэглы з Лідскага замка з гладкай паверхняй. Гэтая асаблівасць уласцівая для замкаў-кастэляў у Медніках і Крэве. У XIV ст. у замкавым будаўніцтве ўжывалася цэгла і меншых фарматаў. Напрыклад, дзеля аблямоўкі сцен Лідскага замка выкарыстоўвалася цэгла памерам 31x14x7 см. Буйнапамерная цэгла панавала ў будаўніцтве на землях Беларусі з XIII па XVIII стст. Адметная рыса гэтай цэглы – падоўжаныя барозны на адным з яе шырокіх бакоў. Барозны рабілі пальцамі па вільготнай гліне. Праз іх такую цэглу часта называюць “пальчаткай”.

Сушылі цэглу пад адкрытым небам, таму сустракаюцца экзэмпляры са слядамі дажджу ці лапаў свойскіх жывёл. На некаторых экзэмплярах былі выяўлены графіці.
Пры ўзвядзенні ў Лідскім замку паўночна-ўсходняй вежы (к. XIV – п. XV стст.) выкарыстоўвалася цэгла памерам 29-30x14x7,5-8 см., якая адрозніваецца ад цэглы другой паловы XIV ст. колерам, лепшай якасцю фармоўкі і абпалу, адсутнасцю барознаў. З цэглы выканана нервюрнае крыжовае скляпенне ніжняга паверха вежы.

Рэбры нервюр складзены з фігурнай стрэлападобнай цэглы.

Падчас археалагічных раскопак у 1977 г. быў знойдзены фрагмент разной фігурнай цэглы, на бакавой паверхні якой выразаны арнамент, які нагадвае ліст аканта.

На тэрыторыі Беларусі дахоўка вядомая з XIV ст. Гэта быў адзін з самых моцных, вогнетрывалых і даўгавечных матэрыялаў для даху. Найбольш раннія формы дахоўкі, якія датуюцца канцом XIV – пачаткам XV ст. знойдзены А. А. Трусавым пры даследаванні вежаў Лідскага замка. Лідская дахоўка мае паўцыркульную форму, на яе паверхні на адлегласці 3-4 см ад шырокага краю ў цэнтры грэбеня знаходзіцца ўмацавальны шып (даўжынёю да 6 см) у выглядзе тоўстага зуба. Даўжыня дахоўкі 50-52 см, дыяметр яе шырокага канца 14-15 см, вузкага – да 11 см, таўшчыня 2-2,5 см. Часам яна мае і меншы шып з унутранага боку.

Быў праведзены хімічны аналіз раствору, на якім складзены сцены і абедзве вежы замка. Даследаванні паказалі, што раствор адносіцца да катэгорыі вапнава-пясчаных, прыблізныя суадносіны 1:1. Цэмянка і драблёная цэгла ў растворы не прысутнічае. Ва ўзоры, узятым з вонкавай абмазкі адной са сцен паўночна-ўсходняй вежы, устаноўлена прымяненне гідраўлічнай вапны. У раскопе паўночна-ўсходняй вежы выяўлены скамянелыя кавалкі вапнавага раствору, якім абмазваліся, відавочна, цагляная падлога і ўнутраныя сцены верхніх ярусаў вежы. На кусках скамянелага раствору бачны сляды буйнапамернай цэглы.
На будаўнічай пляцоўцы, недалёка ад месца будоўлі, за год-два да яе пачатку рабілі яму, у якой гасілі вапну.

Пры будаўніцтве Лідскага замка выкарыстоўвалі шмат дрэва, якое, на жаль, захавалася вельмі мала. Але сёння можна сцвярджаць, што гаспадарчыя пабудовы, казармы, канюшні на тэрыторыі замкавага двара былі драўлянымі (захаваліся абгарэлыя бярвенні, знойдзеныя падчас раскопак). Праведзеныя археалагічныя даследаванні Лідскага замка ўстанавілі, што падлога на першым ярусе паўночна-ўсходняй вежы была драўляная і згарэла падчас пажару. Драўляную аснову, верагодна, мелі прыступкі лесвіцы, насцілы баявых галерэй і бэлькі. Пры раскопках прасочаны рэшткі драўляных калодзежных зрубаў на замкавым двары. Дрэва выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні будаўнічых рыштаванняў. Яны значна адрозніваліся ад сучасных, мацаваліся да сцен за кошт таго, што канцы драўляных кансольных бэлек закладваліся непасрэдна ў муроўку.
















