(Ірыне Багдановіч – 70 год!)
(З праекта «Пясняркі Прынёманскага краю», прысвечанага Году беларускай жанчыны)
Ірына Багдановіч – беларуская паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца. Нарадзілася 30 красавіка 1956 г. у горадзе Лідзе Гродзенскай вобласці ў сям’і інжынераў. Яе бацькі, Эрнст і Марыя Багдановічы, былі па адукацыі інжынеры-тэхнолагі, працавалі на Лідскім малочна-кансервавым камбінаце, куды былі размеркаваныя як маладыя спецыялісты пасля заканчэння Ленінградскага тэхналагічнага інстытута (завод якраз тады ўводзіўся ў эксплуатацыю). З ранніх дзіцячых гадоў яна жыла ў Гомелі і выхоўвалася ў сям’і дзеда і бабулі (бацькоў яе таты). Яны абодва былі настаўнікамі: дзед, Фёдар Уладзіміравіч Багдановіч – дырэктар навабеліцкай сярэдняй школы № 2 у Гомелі, выкладаў таксама хімію; бабуля, Марыя Нікіцічна з Савіцкіх, выкладала матэматыку.
У школьныя гады Ірына пачала складаць вершы. Упершыню яны былі апублікаваны ў газеце «Гомельская праўда» (1973). Любімым заняткам для дзяўчыны было пісаць сачыненні.
Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук БССР (1983).
Працавала малодшым і старшым навуковым супрацоўнікам гэтага Інстытута (1983-2001); дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1996-2021).
Цяпер працуе старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук (1985).
Аўтар зборнікаў вершаў «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989), «Вялікдзень» (1993), «Альбом першакласніцы» (для дзяцей, 2003), «Сармацкі Альбом» (2004), «Прыватныя рымляне» (2006), «Душа Лістападу» (2012), кнігі «Залатая Горка: вершы, пераклады, артыкулы» (2016), манаграфій «Янка Купала і рамантызм» (1989), «Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння» (2001); артыкулаў для «Беларускай Энцыклапедыі», «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі», раздзелаў у падручніках і навучальных дапаможніках. Усяго больш як 200 публікацый у айчынным і замежным друку.
Даследуе беларускую літаратуру ХІХ – першай трэці ХХ стагоддзяў, беларуска-польскія міжлітаратурныя сувязі, творчасць Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, паэтаў «Маладняка» і «Узвышша», літаратурную спадчыну пісьменнікаў-святароў.
Перакладае з польскай мовы. Асаблівую ўвагу надае перакладам літаратурнай спадчыны пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, творчасць якіх ёсць агульным здабыткам сучасных народаў Беларусі, Літвы і Польшчы, – Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Габрыэлі Пузыні, Зоф’і Манькоўскай і іншых.
Яе пераклады змешчаны ў анталогіях «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай» (1998), «Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя» (2013), «Літаратура другой паловы ХІХ стагоддзя» (2013), а таксама ў кнігах: «Санеты=Sonety» (1998) Адама Міцкевіча, «Выбраныя вершы» (2018) Адама Міцкевіча; «Цяпер і назаўсёды=Dzisiaj i na wieki» (2004) Зоф’і Манькоўскай; «Выбраныя творы» (2011) Уладзіслава Сыракомлі; «Струмень любові=Strumień miłości» (2018) Габрыэлі Пузыні.
Жыве ў Мінску.
(Змешчаны фотаздымкі з інтэрнет-сайтаў і з часу прыезду пісьменніцы-зямлячкі ў Ліду)
Падрыхтаваў Алесь Хітрун,
навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея









































