Цімашэнка (Калачова) Людміла Дзмітрыеўна – агентурная разведчыца атрада імя Варашылава. Нарадзілася ў 1923 г. у г. Невеле Пскоўскай вобласці. Скончыла 9 класаў школы № 1 Невеля.
Па ўспамінах Л. Цімашэнка: «Пасля заканчэння школы я паступіла вучыцца на гідраметэралагічныя курсы ў Мінску пры ўпраўленні Гідраметэралагічнай службы. Пасля заканчэння курсаў была накіравана ў г. Ліду. Па прыбыцці ў горад мяне выклікалі ў гаркам камсамола і накіравалі працаваць у органы НКУС, дзе я працавала загадчыкам бюро пропускаў, так як у той час у Заходнюю Беларусь заязджалі і выязджалі па пропусках.
Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў сакавіку 1941 г. я пераехала ў Беласток на месца службы мужа – ваеннага лётчыка, які служыў у 122 знішчальным авіяпалку. Там і застала мяне вайна. Муж загінуў ў пачатку вайны ў Высокамазавецку.
З Беластока я разам з часцямі Чырвонай Арміі адступала да Мінска. За Ваўкавыскам у лесе была паранена нямецкімі дыверсантамі. Параненых падбіралі на машыны, даехалі да Мінска. Мінск быў захоплены, мяне паклалі ў бальніцу. Пасля выпіскі з бальніцы пасялілася ў былой настаўніцы Шустаковай Зінаіды, звязалася з падпльшчыкамі, былым савецкім лётчыкам Скабескім Канстанцінам, якога я раней ведала.
Дабралася да Ліды. Трапіўшы ў Ліду, сустрэла сваіх знаёмых, у тым ліку і сям’ю Пятроўскіх. Я стала наладжваць сувязь з нашымі людзьмі, так як сярод іх былі нашы камандзіры і байцы, якія ўцяклі з палону і хаваліся хто дзе мог да аганізацыі партызанскіх атрадаў.
Вясной 1942 г. я наладзіла сувязь з партызанскімі групамі, у тым ліку з групай Пятра Макарава.
У горадзе Лідзе мы арганізавалі групу з савецкіх патрыётаў, каб пайсці ў партызанскі атрад. Назначылі дзень ад’езду, узялі грузавую машыну. Выязджаючы са стаянкі, кіроўца, верагодна, перанерваваўся, машына ўрэзалася ў плот і затрымалася. Кіроўца выціскае ўсе сокі з машыны, спрабуе выправіць становішча, але гэта яму не ўдаецца. У гэты час па вуліцы праходзілі паліцыянты. Убачыўшы такую карціну, адзін з іх, відавочна старэйшы, закрычаў: «Што рот разявілі? Дапамажыце выцягнуць машыну!» І ўсе сталі нам памагаць… Блукаючы па лесе, мы нікога не знайшлі. Было прынята рашэнне мяне з шафёрам адправіць у Ліду для сувязі. Прыходзілася начаваць у розных месцах. Месяц я нічога не ведала пра тых, хто пайшоў у партызаны. Затым са мной звязаліся партызаны, прапанавалі ісці ў партызанскі атрад».
Для агульнай карысці камандаванне атрада прапанавала Людміле Цімашэнка вярнуцца ў Ліду. Яна пазнаёмілася з агентам партызанскага атрада доктарам Кальфам. Ён перадаваў ёй перавязачныя матэрыялы і медыкаменты ў партызанскі атрад. Людміла збірала дадзеныя аб руху варожых эшалонаў і канцэнтрацыі войскаў праціўніка.
У верасні 1942 г. Людміла канчаткова пайшла ў партызанскі атрад імя Варашылава на пасаду агентурнай разведчыцы. У атрадзе імя Варашылава знаходзілася да жніўняя 1943 г. У жніўні 1943 г. разам з Мікалаем Цімашэнка перайшла ў атрад «Барацьба».
21 красавіка 1943 года байцы атрада ў адным з двароў на х. Яманты здабывалі тол з авіяцыйнай бомбы. Камандзір атрада Пётр Макараў знаходзіўся ў доме. Праз акно заўважыў няправільныя дзеянні партызан, тут жа выскачыў у двор папярэдзіць бяду. Але – не паспеў! Адбыўся выбух. 5 байцоў атрада загінулі. Камандзіра Макарава цяжка параніла.
Па ўспамінах партызанкі Л.Д. Цімашэнка, параненага, без прытомнасці, камандзіра неабходна было пераправіць з хутар Яманты ў шпіталь у Ліпічанскую Пушчу праз р. Нёман. Ці вытрымае далікатны красавіцкі лёд?
Для праверкі адправілі па лёдзе самых лёгкіх партызан – разведчыцу Цімашэнка Людмілу Дзмітрыеўну і маладога партызана Ваўкавыскага Леаніда. Усе партызаны, затаіўшы дыханне, чакалі, калі сані з камандзірам дасягнуць да супрацьлеглага берага. Але ўсё абышлося добра. Толькі камандзір атрада Макараў П.К. назаўжды застаўся інвалідам. 10 сутак быў без прытомнасці. «…Рана на назе страшная – тырчала голая косць, завяліся чарвякі. Лекар сказаў: “Добрая рана… А мог памерці… Чарвякі выратавалі нагу”. Была прапанова ампутаваць нагу, але Макараў П.К. не пагадзіўся. “Памру на сваіх нагах”, – сказаў ён. Так і жыў са шматлікімі асколкамі, атрыманымі пры гэтым выбуху, да самай серці».
Улетку 1943 гады нямецкае камандаванне прадпрымае ўсе меры, каб свінцом і агнём патушыць партызанскі рух. Па ўспамінах Леўцава М. Д.: «Улетку 1943 гады фашысты ўладкавалі блакаду на атрад ім. Варашылава, узялі ў кальцо, адрэзаўшы ўсе шляхі і выхады. Неабходна было прарваць кальцо блакады. Партызаны ноччу падышлі да дарогі Дзераўная-Слонім. Подступы да яе былі завалены: на 50 м ляжаў цэльны лес, пад ім замініраваныя пасткі (воўчыя ямы), дарога пакапана траншэямі і збудаваннямі, у якіх фашысты чакалі партызан. Немцы падпусцілі партызан бліжэй і адкрылі шквальны агонь. У цемры пачаўся бой. З крыкам “Ура!” атрымалася прарваць умацаванне суперніка і выйсці з асяроддзя, праўда, з вялікімі стратамі».
У гэтай аперацыі, паводле ўспамінаў Л. Д. Цімашэнка, вызначыўся Вацлаў Найгабаўэр (чэшскі афіцэр, мабілізаваны ў чэшскае войска, дэзерціраваў, дасканала валодаў нямецкай мовай). «У нямецкай форме ішоў ва ўвесь рост і крычаў на нямецкай мове: “Здавайцеся!” Немцы, пачуўшы чыстую нямецкую прамову, у недаўменні падымаліся, а ён іх… пстрыкаў па адным. У гэтым баі быў паранены ў руку».
Падчас праведзенай аперацыі «Герман» фашыстам не ўдалося дасягнуць пастаўленай мэты – пакончыць з партызанамі.
Здаралася, і нараджалі ў атрадзе, так Цімашэнка Людміла нарадзіла дачку. Але няньчыць дзіця не было калі. Так, кармілі і няньчылі дзяўчынку штатнай разведчыцы атрада Цімашэнка Л. Д. мясцовыя жыхары – Надзея Саўчук з в. Стукалы і Якубовіч Ганна з в. Верчыкі ў Ліпічанскай пушчы. Людміла Цімашэнка, калі дазвалялі абставіны, прыбыўшы з разведкі, садзілася верхам на каня і ехала ў вёску праведаць сваю дачку.
Пасля злучэння с Чырвонай Арміяй, партызан пакінулі аднаўляць гаспадарку. Людміла Дзмітрыеўна была накіравана ў Шчучын аднаўляць савецкую ўладу. Працавала да 1947 г. Затым сям’я жыла ў г. Семфіропалі, Мастах Гродзенскай вобласці, Невелі Пскоўскай вобласці. У 1964 г. разам з мужам пераехала ў Ліду і працавала на лакафарбавым заводзе.
Выхоўвалі двух дачок Ларысу і Ірыну.
За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне была ўзнагароджана медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны 1-й ступені, «За перамогу над Германіяй» і шэрагам юбілейных медалёў.
Навуковы супрацоўнік музея Анастасія Каладзяжная сустракалася з Людмілай Дзмітрыеўнай, запісвала яе ўспаміны пры напісанні даследчай працы пра партызанскі атрад імя Варашылава.
У музеі захоўваецца аўтабіяграфія, успаміны, газетныя артыкулы Людмілы Дзмітрыеўны.

















