/ Навіны / Сцены і падмурак Лідскага замка

Сцены і падмурак Лідскага замка

Лідскі замак у плане ўяўляе няправільны чатырохкутнік і процілеглыя яго сцены не паралельныя адна адной. Паводле археалагічных раскопак 1977 г. пад кіраўніцтвам Трусава А. А. устаноўлена, што больш за ўсе захавалася паўднёвая сцяна замка, да вышыні 13 м. Гэта адзіная сцяна, на якой захаваліся рэшткі першапачатковага пояса байніц. Яна мае запасны выхад з замка, які размяшчаецца на вышыні некалькіх метраў ад паверхні замкавага двара. На паўднёвай сцяне захаваліся таксама гнёзды ад бэлек баявой галерэі.

Паўднёвая сцяна Лідскага замка ў п. п. XX ст.

Паўночная і ўсходняя сцены захаваліся на вышыню да 8 м. У тоўшчы ўсходняй сцяны знаходзяцца вялікі і малы ўваходы ў замак. Заходняя сцяна захавалася на вышыню 6 м і мела нахіл ад вертыкалі ва ўнутраны бок да 30 см. Таўшчыня сцен унізе – 2 м, уверсе яны звужаюцца да 1,5 м і пераходзяць у баявую галерэю. Самая доўгая паўночная сцяна (каля 93,5 м) глядзіць туды, адкуль найчасцей пагражала ваенная небяспека. Самая кароткая сцяна (даўжыня каля 80 м) – паўднёвая. Даўжыня заходняй і ўсходняй сцен – 84 і 83,5 м.

Муроўка – гэта размяшчэнне камянёў, каменных блокаў або цаглінаў у пэўнай сістэме, якая вызначаецца малюнкам швоў на паверхні сцяны. Вонкавыя паверхні (“шчокі”) замкавых муроў зроблены з вялікіх, часткова абчасаных валуноў, што пакладзены гарызантальнымі, дакладна вызначанымі радамі. Камяні добра падабраныя адзін да аднаго. Прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі аскалёпкамі на вапнавай рошчыне (цагляныя кліны сустракаюцца вельмі рэдка). Забутоўка паміж “шчокамі” сцен – з дробных камянёў. Будаўнікі вельмі імкнуліся захаваць правілы шэрагоўкі, і кожны шэраг выкладалі з аднолькавых валуноў, што дасягалі 1 м у дыяметры. Такія вялікія камяні прымяняліся ў муроўцы  падмуркаў ці ў ніжніх шэрагах сцен. Асноўная частка вонкавай паверхні замкавага мура набіралася з камянёў дыяметрам 20- 40 см. Цэгла ўжывалася толькі для асноўных канструктыўных элементаў і архітэктурных дэталяў. З яе выкладзены вуглы замкавых муроў і вежаў, дэкаратыўныя паясы на фасадах сцен, аркі, вонкавыя паверхні парапета баявой галерэі. Цагляныя паясы знадворку замкавых сцен выкананы ў тэхніцы балтыйскай, або вендэнскай, муроўкі. Гэта чаргаванне двух доўгіх бакоў цагліны (лажкоў) і кароткага (тычка). У XIV ст., як і раней, сцены замкаў мацавалі драўляныя звязы. Іх рэшткі прасочаныя ў мурах Лідскага замка.

Падмурак у мураваным дойлідстве грае вельмі вялікую ролю, асабліва ва ўмовах Беларусі, калі зямля ўзімку прамярзае на даволі значную глыбіню, а глеба ў многіх мясцінах забалочаная і мае высокі ўзровень грунтовай вады. Раскопкі Лідскага замка паказалі, што замак пабудаваны на штучным насыпе з буйнога пяску з дамешкамі гліны і камянёў. Характэрнай канструкцыйнай асаблівасцю падмуркаў сцен замка з’яўляюцца нязначныя памеры і малая глыбіня залягання. Яны зроблены з вялікіх камянёў грубай чоскі памерамі 90-100X60-80 см. Глыбіня залягання падмуркаў замкавых сцен не перавышае 1,1 м. Ніжнія шэрагі камянёў перасыпаныя вязкай чырвонай глінай, пяском, а верхнія замацаваныя вапнавай рошчынай. Падмуркі ляжаць на падушцы з дробнага жвіру і гліны. У муроўцы падмурка паўднёва-заходняй вежы знойдзены кавалак каменных жорнаў, моцна сцёрты ад доўгага ўжытку. Магчыма ён трапіў у кладку разам з валунамі з блізляжачага пасялення.

Каменныя жорны з падмурка паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка
Каменныя жорны з падмурка паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка

Падмурак паўночнай сцяны замка выступае наперад на 10-15 см. Магчыма лідскія майстры памыліліся і пры вызначэнні напрамку ўсходняй замкавай сцяны і частку ўжо закладзенага падмурка (гэта высветлілася падчас раскопак) давялося пакінуць у зямлі.

Такім чынам, у Лідскім замку адначасова з готыкай ёсць элементы раманскай архітэктуры: паўцыркульныя аркі, стрыманасць у выкарыстанні дэталей, манументальнасць сцен. Адзіным яе ўпрыгожваннем з’яўляўся аркатурны фрыз, які ішоў пад байніцамі ўсходняй і паўночнай сцен.