
Вашай увазе – мастацкі вобраз Лідскага замка ў незвычайным фармаце ад беларускага мастака Васіля Зянько.
На жывапісна-рэльефнай паверхні палатна размешчана выява Лідскага замка і гістарычная даведка*, перакладзеная на шрыфт Брайля. Аўтар выкарыстоўвае натуральную каляровую гаму, акцэнтуе ўвагу гледача на гарманічнай маляўнічай кампазіцыі, да якой можна дакранацца рукамі. Мэта – даць магчымасць людзям невідушчым ці са слабым зрокам уявіць, як выглядае помнік архітэктуры XIV ст.
Таленавіты майстар – выпускнік кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Мастак-манументаліст, старшыня секцыі манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў.
Аўтарская тэхніка засноўваецца на пісьме акрылам па палатне з ужываннем разнастайных фактур, адмывак, найтанчэйшых лесіровак, але галоўнае – аб’ёмных контураў, што вельмі падыходзіць для тактыльнага ўспрымання невідушчымі людзьмі.
У 2017-м годзе Васіль Зянько прыняў удзел у рабоце Першай інклюзіўнай творчай лабараторыі беларуска-шведскага праекта «ІнкАртЛаб», якая праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі. Мастак упершыню атрымаў вопыт зносін з людзьмі, у якіх былі абмежаваныя магчымасці. Удзельнікам лабараторыі было цікава даведацца, як успрымуць яго творы людзі, якія слаба бачаць.
Дзякуючы асаблівай тэкстуры, жывапісныя творы мастака добра «счытваюцца» навобмацак. А для відушчых людзей творы Васіля Зянько ўяўляюць сабой гарманічныя па колеры карціны з прыпаднятай рэльефнай паверхняй плаўных ліній.
Лідскі гісторыка–мастацкі музей супрацоўнічае з мастаком з 2021 года. Першая часовая экспазіцыя мастака – “Паэзія кропак… Разанаў. Таўлай” – у Доме Валянціна Таўлая. Другая – “Паэзія” – у музеі ў 2026 г.
*Змест (тэкст шрыфтам Брайля)
Лідскі замак (Замак Гедыміна)
Месцазнаходжанне:
Беларусь, г. Ліда
Архітэктурны стыль:
раманска-гатычны
Заснавальнік: князь Гедымін
Матэрыял: камень і цэгла
Дата заснавання: 1323 год
Уваходзіць у Спіс Сусветнай прыроднай
і культурнай спадчыны ЮНЭСКА













