Старажытнае свята Купалле па каталіцкім календары адзначаецца з 23 на 24 чэрвеня, па праваслаўным – у ноч з 6 на 7 ліпеня.
Адзначаецца Купалле і на Лідчыне. Праўда, з-за моцнага ўплыву каталіцызму гэтае свята ў нашым рэгіёне трывала злілося з днём Святога Яна Хрысціцеля.
Трэба зазначыць, што сёння гэта не проста рэканструкцыя даўнішніх традыцый, а адраджэнне жывой народнай гісторыі.
Распальванне вогнішча, пусканне вянкоў па вадзе, пошукі папараць-кветкі – асноўныя асаблівасці беларускага Купалля.
Праўда, пры агульнай канве, у кожным рэгіёне Беларусі былі свае непаўторныя традыцыі: выбар Купалы, спальванне “веха” (пука саломы) замест кола на шчасце, правядзенне абраду “Ваджэнне Куста”, закідванне вянкоў на дрэва, спяванне аўтэнтычных песень і інш.
На Лідчыне здаўна галоўная ўвага надавалася зёлкам, асвечаным у храме. Іх называлі – “святаянскія зёлкі”.
У цэлым, на ўсёй тэрыторыі Беларусі лічылі, што ў гэты час адкрываюцца межы Сусвету і расліны набываюць звышпрыродную лекавую і магічную сілу.
З малітвамі і просьбамі “Дапамажы, Божа!”, збіралі святаяннік (купальнік), чабор, браткі (Іван-ды-Мар’я, мар’яннік, махвіцы), рамонак (румянак), васілёк (валошка, блавэтка), палын і інш. А вось як звярталіся да дзіванны (каўтунічнік, касмак, лісяк, каравяк, мядзведжае вуха, златацвет):“Дзіванна, мая панна, малітву прымі, а мне здароўе вярні”.
Розныя зёлкі ўпляталі ў вянкі (часта разам з галінкамі бярозы і каласкамі), у паясы з палыну, загадвалі на лёс і здароўе, варажылі на каханне, выкарыстоўвалі ў якасці абярэгаў свайго жылля, хлявоў для жывёлы ад разгулу нячысцікаў, ад грому і іншага наслання. Настоямі лячылі раны, укусы насякомых, запарвалі пры розных захворваннях.
Свежасабраныя пучкі зёлак вешалі над уваходнымі дзвярыма хаты, утыкалі ў стрэхі і сцены хлявоў. На далейшае захоўванне – сушылі.
У сучаснай Беларусі Купалле спалучае ў сабе даўнія традыцыі і абрадавыя дзеянні, вясёлыя гульні і тэатралізаваныя прадстаўленні. Пры гэтым, застаюцца нязменнымі пакланенне-ўдзячнасць магутным сілам прыроды і клопат пра шчасце і дабрабыт.



















