/ Навіны / Бурапенны шлях пісьменніцы-рэвалюцыянеркі з Лідскага павета

Бурапенны шлях пісьменніцы-рэвалюцыянеркі з Лідскага павета

(Да 150-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч – Цёткі)

 (З праекта «Песняркі Прынёманскага краю», прысвечанага Году беларускай жанчыны)

Лідчына – край паэтычны! Хто толькі не спыняўся на гэтай тэрыторыі! Лідская зямля – гэта калыска вядомых майстроў прыгожага беларускага пісьменства! Іх творы распаўсюджваюцца за межамі краінамі, бо яны з’яўляюцца ўзорам нацыянальнай беларускай літаратуры! Такім прадстаўніком з’яўляецца знакамітая пяснярка Алаіза Пашкевіч, якая больш вядомая пад псеўданімам Цётка. Сёлета адзначаецца 150 год з яе дня нараджэння.

У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца бюст Цёткі. Яе аўтарам з’яўляецца вядомы скульптар Андрэй Міхайлавіч Заспіцкі (16.02.1924 – 9.02.2019). Навуковаму супрацоўніку Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесю Хітруну пашанцавала сустрэцца з ім у мастацкай майстэрні ў Мінску па вуліцы Гая, 8 яшчэ ў лютым 2017 года.

У мастацкай майстэрні Андрэя Заспіцкага. Люты, 2017 г.

Трэба зазначыць, што гіпсавая скульптура трапіла ў фонды музея 4 лютага 1960 года з Дзяржаўнай мастацкай майстэрні БССР.

Бюст Цёткі да апрацоўкі фарбай

10 год назад, у 2016 годзе, у Доме Валянціна Таўлая да 140-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы працавала выстаўка “Жыве мая ліра нанова”.

Фрагменты часовай выстаўкі “Жыве мая ліра нанова”, 2016 г.

Сярод капіраваных дакументаў, матэрыялаў асаблівае месца займаў бюст Цёткі, які “сустракаў” наведвальніка адразу з парога. Застыўшы вобраз знакамітай беларускай патрыёткі, паварот яе рукі, і… скульптура быццам ажывала, суправаджала наведвальніка па выставе.

У чэрвені 2016 года, падчас святкавання 140-годдзя пісьменніцы, аўтар гэтых радкоў таксама наведаў Астрынскую сярэднюю школу імя А. С. Пашкевіч (Цёткі), што ў гарадскім пасёлку Астрына Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. У ёй працуе адзіны ў Беларусі музей, прысвечана Цётцы. Кіруе ім настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ала Сямёнаўна Балобан. Між іншым, у 2020 годзе музею быў прысвоены статус “народны”. А побач каля школы – устаноўлены помнік славутай зямлячцы. Створаны ён таксама выдатным беларускім скульптарам, народным мастаком БССР Андрэем Заспіцкім і ўрачыста ўстаноўлены ў 1954 годзе і з’яўляецца адным з першых манументальных увасабленняў Алаізы Пашкевіч у Беларусі і мае вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць.

Школа і музей у г.п. Астрына Шчучынскага раёна, 2016 г.

У вёсцы Стары Двор, што таксама ў Шчучынскім раёне, пры дарозе ёсць магіла, дзе пахавана Алаіза Пашкевіч.

Магіла Цёткі ў Старым на Двары на Шчучыншчыне, 2016 г.

А ў самым Шчучыне ўстаноўлены помнік пісьменніцы. Створаны ён вядомым гродзенскім скульптарам Алесем Ліпенем і ўрачыста быў адкрыты ў 1991 годзе да 115-годдзя з дня нараджэння паэткі. Бронзавая кампазіцыя паказвае апранутую ў прыгожую гарадскую сукенку пісьменніцу, якая прысела ў паўабароце на лаўцы з кнігай у руцэ, а яе задумлівы позірк накіраваны ўдалеч.

Помнік Цётцы ў Шчучыне, 2016 г.

На працягу 2017 года ў Доме Валянціна Таўлая былі арганізаваны заняткі музейна-адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі”.

Кожны новы месяц – чарговы занятак, на які запрашаліся вучні і студэнты, а таксама барды, паэты, краязнаўцы, настаўнікі і навукоўцы. Матэрыялы для арганізацыі заняткаў былі выкарыстаны са шматлікіх падручнікаў і метадычных парад для школьнага выхавання, кніг па беларускаму фальклору і краязнаўству. Гэты праект быў накіраваны на прапаганду беларускай мовы і літаратуры, нацыянальнай культуры, гісторыі, звычаяў і традыцый. А на апошнім занятку прымалі ўдзел менавіта вучні з Астрынскай сярэдняй школы імя Алаізы Пашкевіч з кіраўніком школьнага музея Алай Балобан.

На апошнім занятку музейна-адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі”, снежань, 2017 г.

З гісторыі вядома, што дзякуючы намаганням каталіцкага святара Баляслава Пачопкі і пісьменніцы Алаізы Пашкевіч, у сталіцы былога Вялікага Княства Літоўскага – Вільні, на Юр’еўскай вуліцы, 13 лістапада 1915 года была ўтворана першая беларуская школа. Яна паклала пачатак масавай адукацыі дзяцей на беларускай мове. Праз год дзейнічала ўжо пяць беларускіх пачатковых школ. Яны былі ў Лідзе, Гродне, Крынках і іншых населеных пунктах. Праз недахоп настаўнікаў-беларусаў вельмі востра стаяла кадравае пытанне. Менавіта таму разам з першай беларускай школай у Вільні пачаліся і першыя настаўніцкія курсы.

Чым толькі не напоена Лідская зямля! Ёсць яшчэ і тыя, хто валодае цікавымі звесткамі, якія лучаць з біяграфіяй Цёткі!

У бягучым, 2026 годзе аўтару гэтых радкоў пашанцавала сустрэцца з цікавай жанчынай Багуслаўскай Ядзвігай Антонаўнай, якая нарадзілася 17 снежня 1934 года. Ёй ужо 91 год. Летам жыве ў Чаплях, а на зіму пераязджае ў Ліду да сына Часлава Янавіча. Яна падзялілася ўспамінамі свайго бацькі Антона Іосіфавіча (1903 г.н.). Ён распавядаў, што яго тата Іосіф (дзед Ядзвігі Багуслаўскай) быў сваяком Пашкевічам. Іосіф быў лясніком. Цётка-пісьменніца прыходзіла са Старога Двара да яго ў Чаплі. Ён у сваю чаргу запрагаў каня і вёз яе ў Вільню. На той час, калі памерла Цётка, бацьку Ядзвігі было 13 гадоў. А пражыў ён 80 год. Дзед Іосіф, бацька Антон Іосіфавіч і маці Станіслава Міхайлаўна пахаваны на могілках у Ваверцы, што на Лідчыне.

У гасцях у Багуслаўскай Ядзвігі Антонаўны. Ліда, студзень, 2026 г.

 А цяпер менавіта пазнаёмімся з біяграфіяй пісьменніцы.

Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч, якая вядомая ў народзе як Цётка, а яшчэ як Мацей Крапіўка, М.Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла з Полацка, Гаўрыла Тымчасовы, Банадысь Асака нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчына (Шчучынскі раён) у шматдзетнай шляхецкай сям’і. На той час гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў межы Лідскага павета. Яе дзяцінства пралятала пад апекай бабулі Югасі ў суседняй вёсцы Тарэсін, непадалёку ад маёнтка Стары двор. Пазнаваць жыццё дапамагала кніга. Яшчэ ў дзіцячыя гады Алаіза выявіла вялікую цікавасць да вучобы. Бацькі падтрымлівалі яе ў гэтым, стараліся даць дачцэ адукацыю. Вучылася Алаіза спачатку дома ў хатніх настаўнікаў, у вёсцы Стары Двор.

Дома яна атрымала добрую адукацыю і ў 1884 годзе адразу паступіла ў 4-ы клас сямігадовай прыватнай гімназіі Веры Прозаравай у Вільні. У перапынках паміж вучобай працавала настаўніцай у вёсцы.

У 1901-1902 гадах працавала хатняй настаўніцай, але цяга да ведаў не пакідала Алаізу. У 1902 годзе прыехала ў Пецярбург і паступае на курсы выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі (сёння Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры імя Лесгафта). Курсы давалі веды для будучых масажыстак, медсясцёр і настаўніц фізічнай культуры.

Алаіза Пашкевіч, 1904 г.

3 1902-га па 1904 г. жыла ў Пецярбургу. Там наведвала вышэйшыя агульнаадукацыйныя курсы Лесгафта. У 1904 г. скончыла іх і здала экзамены за поўны курс гімназіі.  Пасля двухгадовага знаходжання ў сталіцы, атрымаўшы медыцынскую падрыхтоўку, вярнулася ў Вільню, працавала фельчарыцай у лячэбніцы. Тут у Вільні па-сапраўднаму разгарнуўся яе талент паэтэсы, рэвалюцыйнага дзеяча, яркага аратара і прапагандыста. Па складу характару А.Пашкевіч была натура баявая, поўная творчай энергіі і няўрымслівай прагі да барацьбы: выступала перад Віленскімі рабочымі, ездзіла ў вёску, прымала ўдзел у з’ездзе жанчын у 1905 годзе ў Маскве.

Такая актыўная дзейнасць, накіраваная супраць рэжыму, вядома, не магла быць не заўважана царскімі ўладамі. Цётцы пагражалі рэпрэсіі. I яна вымушана была пакінуць радзіму і выехаць у Галіцыю – Заходнюю Украіну.

Але і там Цётка ні на хвіліну не спыняе сваёй грамадскай дзейнасці. Летам 1906 г. у Жоўкве (недалёка ад Львова што на Украіне) выдае два зборнікі вершаў – «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду».

У гэтым жа 1906 г. на кароткі час прыязджае ў Беларусь. Наведвае і Пецярбург, дзе выходзіць яе кніжка «Першае чытанне для дзетак-беларусаў».

Потым зноў эміграцыя. Каля пяці гадоў давялося жыць далёка ад радзімы. Гэта быў час, калі ў Расіі лютавала рэакцыя. Цётка востра перажывала разлуку з радзімай і паражэнне рэвалюцыі, але не апускала рук. Яна наведвае заняткі ў Львоўскім універсітэце, вывучае гісторыю культуры свайго народа, піша навуковыя і публіцыстычныя артыкулы, мастацкія творы.

Караліна і Алаіза Пашкевіч

У гэты час зноў напамінае пра сябе цяжкая хвароба, якая вымушае Цётку выехаць у Закапанэ (недалёка ад Кракава) на лячэнне.

У лютым 1911 г. Алаіза Пашкевіч выходзіць замуж за інжынера Стэпонаса Кайрыса, дзеяча літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Стэпонас Кайрыс – муж Цёткі

Вяртаецца на радзіму і жыве ў Мінску ці Вільні. I зноў, як раней, яна ў самай гушчы грамадскага жыцця. Цётка выступае за стварэнне беларускіх школ і чытальняў, піша творы для дзяцей, прымае актыўны ўдзел у выданні беларускага часопіса для моладзі «Лучынка».

«Лучынка», 1914 г. Першая кніжка

Яе кватэра ў Вільні становіцца месцам, дзе адбываюцца гарачыя дыскусіі і спрэчкі аб гістарычным лёсе беларускага народа, яго культуры, літаратуры. Удзельнікамі сустрэч былі беларускія пісьменнікі, у тым ліку і Янка Купала. Цётка была душой гэтых літаратурных вечароў. У 1912 годзе ў Вільне, Нова-Вілейцы, Лідзе Цётка арганізуе тайныя беларускія школы. Асабліва напружаным быў для яе 1914 год, па сутнасці, апошні творчы год, калі яна напісала каля паўтара дзясятка значных апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў і інш.

Фотаздымак і 1-я старонка са студэнцкай заліковай кніжкі, г.Львоў, 1912 г.

У гэтым жа 1914 годзе абвастрылася хвароба лёгкіх. Каб палячыцца, а таксама пазнаць свет, пабачыць, як жывуць іншыя людзі, паэтка едзе ў Фінляндыю, наведвае Швецыю. У выніку з’явіліся дарожныя нататкі «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», поўны роздуму пра жыццё свайго і іншых народаў.

У час вайны, што пачалася ў 1914 г. і палала агнём на зямлі Беларусі, Цётка працавала міласэрнай сястрой у вайсковым шпіталі ў Вільні. Дарэчы, згадаем: тут адбылася сустрэча паэткі з параненым Максімам Гарэцкім. Цётка была адна з лепшых лекарак – жанчын. Магчыма гэта ад таго, што яна магла лячыць духоўна і фізічна, бо на той час заставалася ледзь не адзінай беларускай паэткай. Была яшчэ слаўная Зоська Верас, шчырая мурашка-працаўніца на ніве Беларушчыны. Ярка ўспыхнула сваёй «Курганнай кветкай» Канстанцыя Буйло, але гэтак жа хутка адцвіла, адышла ў іншыя справы, у сямейнае жыццё, з’ехаўшы ў далёкую Маскву. Алаіза Пашкевіч фактычна засталася ў беларускай літаратуры адна. Але яна няздольная была ашчаджаць сябе. Здольная была на адно – гарэць.

У 1915 г. Цётка прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні. А якраз 13 лістапада 1915, дзякуючы намаганням Баляслава Пачопкі і Цёткі, была ўтворана першая пастаянна дзейная беларуская школа ў Вільні (на Юр’еўскай вуліцы), якая дала пачатак масаваму беларускаму школьнаму руху. У гэтым жа, 1915, годзе, беларуская школа, заснаваная Цёткай у Лідзе стала легальнай.

Сям’я Пашкевічаў. Сядзяць: сястра Стэфанія, маці Ганна з Вызгаў, бацька Стафан Пашкевіч, сястра Зося. Стаяць: Алаіза, браты Войцах і Юзік, сястра Караліна

У студзені 1916 г. яна атрымала вестку аб смерці бацькі і выехала ў родную вёску Стары Двор, дзе ў той час пачалася эпідэмія тыфу. У Лідзе на старых польскіх могілках, як сцвярджаецца, быў пахаваны яе бацька Сцяпан.

Каталіцкія могілкі ў Лідзе

Гэта хвароба скасіла і яе. У ноч з 4 на 5 лютага гарачае сэрца паэткі перастала біцца. Ёй было 40 год.

Такой была Цётка. Палымяная, захопленая мноствам самых розных неадкладных спраў, яна быццам знарок была народжана для таго бурлівага часу. Сваёй энергіяй, мэтаімкнёнасцю яна заражала ўсіх, хто сутыкаўся з ёй. Гэтым грамадзянскім запалам характарызуецца ўся яе паэзія.

«Яе жыццё было няспынным гарэннем…» Так ахарактарызавалі сучаснікі Алаізу Пашкевіч, якая ў пачатку XX ст. выступіла як беларуская паэтка і стала вядомай пад псеўданімам Цётка. Невысокага росту, кволая, яна здзіўляла ўсіх невычэрпнай энергіяй, юначай няўрымслівасцю, палымянай, захопленасцю грамадскімі справамі, клопатамі аб народзе. Усё сваё нядоўгае жыццё цалкам аддала барацьбе за шчасце простага чалавека.

Цётка – рэвалюцыянерка. Яе творчасць пранікнута менавіта гэтай тэмай. Яе вершы “Мора”, “Пад штандартам”, “Бура ідзе”, апавяданні “Прысяга над крывавымі разорамі” і іншыя раскрываюць вобраз народа і рэвалюцыі, якая разгорнута была ў тыя 1905-1907 гады. Аднак, Цётка яшчэ і шчыры лірык, у творах якіх таксама гучаць рэвалюцыйныя матывы (“Скрыпка”, “Артыст грайка” і інш.). Нягледзячы на хваробу, беларуская пяснярка клапацілася за стан беларускай мовы, думала знайсці сярод беларускіх студэнтаў аўтараў, якія б пісалі свае артыкулы ў часопіс “Лучынка”. Пісала пісьмы да Браніслава Эпімах-Шыпілы і Браніслава Тарашкевіча, у якіх адлюстроўваецца тая ж самая заклапочанасць, трывога, але і гумарыстычна-жыццёвая накіраванасць да адрасата: “Тарас, чаго сядзіш на Парнасе? Злазь! А то лазы ад Цёткі дастанеш…., каб хлопцы што напісалі. Ты аб асобеннасці беларускай мовы напішы з выясненнем, што беларуская мова ёсць мова, а не “наречие”, як шмат хто кажа…”, “Тарас, не сядзі на Парнасе! Чаго маўчыш, як вады ў губы ўзяўшы? Рыхтуйся жаніцца: дзеўку знайшла, як купальскую кветку… …Зоську пад бок штурхані, чаму… нічога не прышле. Цісну руку. Душу напаўжывую, напаўмёртвую страсяні ад мяне за чупрыну…”

А як замілавана характарызуе сапраўднага беларуса!

«… Бедны той, хто, апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здалее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы, гэта вялікае мілаванне чалавека слабога, пакрыўджанага…»

Імя Цёткі, яе крылатыя радкі з вершаў нават у той час разляталіся па ўсёй Беларусі, імі зачытваліся ўсе, набатным звонам не стамлялася яна паўтараць: “Веру, братцы, людзьмі станем…”. Выдатна адгукаліся аб ёй яе сучаснікі.

Нават Янка Купала яе горача вітаў вершам «Аўтарцы “Скрыпкі беларускай”»

Чутка йграеш, гулка йграеш
Ты на скрыпачцы сваей,
К небу з думкай падлятаеш,
Шчасця зычыш для людзей…

Гэй, пяснярка, болей, болей
Нам на скрыпцы сваёй грай!
Прывітаем хлебам-соляй,
Дзякуй скажа родны край…

Як тлумачыць даследчыца творчасці Алаізы Пашкевіч Валянціна Коўтун, што сваю творчую дзейнасць паэтэса пачынала ў Вільні сярод Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, які былі трошкі маладзейшыя за яе, а яна – трошкі старэйшай, але і мудрэйшай, і ў той час яна была для іх як роднай, значыць, яна цётка – Цётка, яна іхняя. Цётка – гэта знак для Беларусі. Маці-цётка – сімвал радзіннасці, сямейнасці, свойскасці.

 

20 нечаканых фактаў пра Цётку

1) Змалку не хацела быць хатняй гаспадыняй.

Паводле старэйшага брата Войцеха: «Бабка /вучыла/ унучку ручным работам, але яна імі неахвотна займаецца, не мае да іх «ніякае здольнасці». Адзінае што любіла гатаваць – гэта дранікі.

2) Любіла расказваць казкі жахаў і выдумляць містычныя гульні.

Любімы занятак у дзяцінстве – гуляць «…у цыганоў, ксяндза-казнадзея ды розных варажбітоў», а таксама палохаць малодшых сясцёр гісторыямі жахаў: «…бывала, як навыдумляе розных страхаў, у якія і сама верыла,  дык дзеці ажно да бабкі ўцякалі на ратунак!»

3) Будучы каталічкай, перавагу аддавала ўніяцтву.

         «Унія для беларусаў была б крэпкай падпорай, бо лацінскае духавенства ў нас на нішто».

Ёсць звесткі, што яна пераклала на беларускую мову ўкраінскі ўніяцкі малітоўнік, але тэкст пакуль не знойдзены.

4) Была вельмі ганарлівая і не прымала чужой дапамогі.

Калі ў 7-м класе абамлела ад голаду, то яе аднакласніца Юліяна Мэнке пайшла на хітрыкі: «Мне рабіла асаблівую прыемнасць… класці няўзнак булкі ў пюпітр Алёйзы Пашкевічанкі. Яна спачатку пыталася ў класе, хто гэта…, аднак вінаватая не аказвалася, а класная дама супакойвала яе, што гэта, мусіць, падарунак. Гэтак мы рабілі да сканчэння гімназіі».

5) Дражніла свайго мужа-літоўца –  Стэпонаса Кайрыса «гіргуном».

«Жартам нас, летувісаў, называла «гіргунамі».

6) Захаплялася рэвалюцыйнай дзейнасцю папа Гапона.

Натхнялася яго адозвамі, калі пісала верш «Хрэст на свабоду». Для параўнання, у Гапона: “Бомбы и динамит, террор единичный и массовый над твоим отродьем и грабителями бесправного люда, народное вооруженное восстание, – все это должно быть… непременно”. У яе: «Тагды Гапон у грамаду бяжыць, крычыць: «Трэба ладу, трэба шроту, бомбаў, стрэльбаў, трэба біць нам гэтых шэльмаў..!»

7) Ад царскага пераследу хавала рэвалюцыянераў у вар’ятні.

Працавала медсястрой у Нова-Вілейскім шпіталі для вар’ятаў, у палатах якога хавала паплечнікаў па барацьбе. А ў падземным тунэлі трымала шапірограф, на якім друкавала пракламацыі.

8) Была прафесійнай масажысткай.

Масажам зарабляла на ўрокі акторскага майстэрства, якія брала ў легендарнай польскай акторкі Ірэны Сольскай.

9) Грала ў п’есах Антона Чэхава.

Выступала як акторка ў трупе Ігната Буйніцкага, дзе сярод шматлікіх сцэнічных вобразаў: «…рыхтуе ролю Наталкі ў спектаклі „Сватанне“ па Чэхаву…»

10) Не трывала алкагольныя застоллі.

Адзін раз у жыцці дазволіла, каб пры ёй пілі, калі адзначалі выхад першага нумару «Нашай долі». Паводле ўспамінаў Францішка Умястоўскага: «…Не ведаю, скуль узялася гарэлка і закуска, наліўшы чаркі, нягледзячы на косыя погляды Цёткі, якая не цярпела п’ючай кампаніі, мы духам асушылі іх за Будучыню Бацькаўшчыны…»

11) Любімы адпачынак – марыць і частавацца каўбасой пад спевы салаўёў.

Па ўспамінах украінскага навукоўцы Івана Свянціцкага: «Цётка прыходзіць да мяне ў музей, ужо надвечар: “Дзядзька, пойдзем слухаць салаўёў, у мяне ёсць беларуская кілбаса”. Пайшлі ў… парк, знайшлі месца каля гайка, людзі снуюць парамі і гуртамі, салавейкі тут і там цёхкаюць і заліваюцца. Цётка глядзіць у зорнае неба, жуе кілбасу і марыць».

12) Захаплялася творчасцю Мікеланджэла.

Паводле ўспамінаў жонкі паэта Ёнаса Білюнаса: «Вельмі вялікае ўражанне на нас з Лізаю зрабілі “Піета” Мікеланджэла, якую мы бачылі ў саборы святога Пятра, фрэскі плафона Сыкстынскай капэлы ў Ватыкане. Асабліва запомніліся “Страшны суд”, “Сатварэнне Адама”, “Сатварэнне жанчыны”. … Моцна запала ў памяць і скульптура прарока Майсея ў царкве Сан П’етра ў Рыме».

13) Мела кепскія здольнасці да моваў, што выклікала камічныя непаразуменні.

У Рыме, на канцэрце Каруза: «…усе елі апельсіны, цукеркі, кідалі паперу і шалупінне на падлогу, хрумсталі, перашкаджалі слухаць. Ліза не вытрымала, пачала абурацца, сарамаціць іх, але мовы не ведала і рабіла гэта мімікаю і жэстамі. Жэсты былі эмацыйныя, выразныя, і гэта развесяліла публіку яшчэ больш. Хлопцы пачалі частаваць Лізу апельсінамі, каб яна не пакрыўдзілася… Ліза злавалася, гразіла ім кулаком, але нічога не памагала…»

14) Пачуўшы песню пра каханне, гатовая была стаць на калені перад тым спеваком.

«Мы… селі ў трамвай. Насупраць нас… аказаўся малады прыгожы італьянец. Убачыўшы нас, ён пачаў спяваць песні аб каханні. Спявае і ўсё глядзіць як мы рэагуем. Спяваў ён вельмі добра, і скора Ліза прыйшла ў такое захапленне, што пачала шаптаць мне: Зараз стану перад ім на калені, перад яго талентам… … Тут хутка трамвай спыніўся, і італьянец, паслаўшы нам развітальны позірк, выйшаў…»

15) З усімі была на «ты».

         «…Сваёй манерай паводзін яна не ўжывалася ні ў якім таварыстве, звяртаючыся да мужчын ты, дзядзенька. Часамі яе праставатасць здавалася напускною, бо ад прыроды ў яе была тонкасць паводзін».

16) Жыла з мужам у розных пакоях.

Паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі: «У мяне склалася ўражанне, што Цётка з’яўляецца хутчэй кватаранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны… Прымала яна… толькі ў гэтым пакоі… Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыццём…»

17) Танцавала толькі з Янкам Купалам.

«Яна… асабліва любіла свайго Купалку, як ласкава называла Янку. На вечарах у Беларускай хатцы Цётка… танцавала… толькі з Купалам і толькі польку, бо іншых танцаў Янка не ўмеў танцаваць і вучыцца не хацеў».

18) Пачынальніца ў Беларусі асацыятыўна-мадэрновай прозы, дзе галоўнае – не сюжэт, а паглыбленне ва ўнутраны, не да канца асэнсаваны, таемны, як сон – свет пачуццяў і думак чалавека. Пазней гэтую эстэтыку паглыбіў і распрацаваў Кузьма Чорны.

19) Марыла ажаніць Івана Луцкевіча.

Нявестай яму бачыла Юліяну Мэнке: «…маё сардэчнае пажаданне, каб вы злучыліся на ўсё жыццё, бо лепшай пары я для яго не ведаю. Ён для цябе мае запраўды шмат сэрца і інтарэсу… Я спадзяюся, што яшчэ пагуляю на вашым вяселлі!»

20) Лічыла, што галоўнае ў жыцці – гэта каханне.

«…запраўднае каханне змест і асалода жыцця!»

Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун