Марыя Іванаўна Кастраміна (1923–1943) – удзельніца камсамольска-маладзёжнага падполля ў Лідзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
З успамінаў маці Марыі Кастраміной: “Наша Марыя нарадзілася 25 красавіка 1923 г. на станцыі Леў Талсты. Яна расла смелай і вясёлай дзяўчынкай. Была сярэдняга росту, прыгожая. Куды б яна не ішла, і старыя і малыя заўсёды ёю любаваліся.. Марыя вельмі дорба іграла на гіітары. У 1937 г. яе прынялі ў камсамол. Вучылася ў Леў-Талстоўскай школе № 19 да 9 класа. У Марыі была мара скончыць 10 класаў і пайсці вучыцца ў рачны тэхнікум, але мара яе не збылася. У 1940 г. майго мужа, Кастраміна Івана Ягоравіча, камандзіравалі ў г. Ліду. Прыбыўшы ў Ліду, Марыя пайшла ў 10 клас у гарадскую школу. Пасля заканчэння школы як лепшую вучаніцу яе накіравалі старшай піянерважатай у піянерскі лагер за 50 км ад горада Ліды.
22 чэрвеня 1941 г. у 4 гадзіны пачалася Вялікая Айчынная вайна, горад сталі бамбіць нямецкія самалёты. Я вельмі спалохалася, выйшла на вуліцу спытаць і бачу: штосьці людзі бягуць хто куды, мне адзін паляк сказаў, што пачалася вайна з немцамі. Я была дома з дзецьмі Раісай, Нінай і Людмілай, яны былі яшчэ маленькімі, мне не было куды пайсці. Мужа дома не было ён працаваў майстрам па рамонту паяздоў, Марыя была ў піянерскім лагеры. Вярнуўшыся з работы, муж прапанаваў пакінуць горад, але без Марыі гэта было немагчыма. Марыя вярнулася дамоў з лагера. Па дарозе поезд, дзе ехала Марыя з дзецьмі разбамбілі, усе разбегліся ў розныя бакі, дзеці засталіся з машыністам поезда. Доўгі час бацькі дзяцей, якія трапілі пад бамбёжку не давалі спакою Марыі, патрабуючы звароту дзяцей. Нам прыходзілася разам з Марыяй хавацца па лясах і агародах. Дапамог ксёндз, ён пагаварыў з бацькамі і праследванне Марыі спыніліся. Але прыйшла другая бяда, гаспадыня кватэры паведаміла акупантам, што мой муж партыйны, яго адправілі ў турму. Жыць стала цяжэй – мы былі і халодныя. і галодныя. Прыклаўшы шмат намаганняў, я разам з малымі дзецьмі выратавала мужа з турмы.
Марыя ўладкавалася на працу ў вёску за 10 км ад Ліды – пераводчыцай. У гэты час у горад прыгналі шмат палонных, праз дарогу насупраць нашага дома немцы пабудавалі барак для палонных. Даведаўшыся, што мой Многія муж рамантуе абутак, палонныя прыходзілі рамантаваць абутак, скардзіліся на цяжкае становішча і дрэннае абыходжанне. Раіліся з ім, што рабіць далей.
Марыя вярнулася ў Ліду з вёскі, пайшла працаваць ў школу, дзе выкладала ў 6-7 класах рускую мову. Пазнаёмілася з Аляксандрам Клімко. Месца сустрэчы быў наш дом, пад выглядам рамонту абутку. Перадавалі зводкі, раіліся з ваеннапалоннымі, рыхтавалі дыверсіі.
Неўзабаве быў узарваны лесапільны завод, Марыя пайшла ў вёску па заданні і не пайшла на заняткі (пропуск ёй выпісаў рускі, які працаваў у камендатуры). Немцы спалохаліся, павялі мяне ў камендатуру, праверылі ці выпісаны пропуск, і моцна збілі таго, хто яго выпісаў. Неўзабаве камендант горада і ўсё камандаванне пераехала ў іншае месца. Калі заступіў новы камендант, Марыя вярнулася і ўладкавалася ў нямецкай сталовай афіцыянткай. Атруціла 40 нямецкіх афіцэраў. Дапамагала 67 палонным ісці ў партызаны”.
У красавіку 1942 г. Марыя ўступіла ў падпольную групу.

Яна распаўсюджвала падпольныя газеты, у тым ліку выданне «Уперад», і зводкі Саўінфармбюро. Маша Кастраміна, калі працавала ў гебітскамісарыяце, прабралася ў склад са зброяй, узяла 5 вінтовак і паклала ў мяшок з дровамі. Разам з Жаданавай Ганнай перанеслі іх на могілкі і пахавалі ў кустах.
У маі 1943 г. уступіла ў партызанскі атрад імя Варашылава.
З успамінаў партызана Мікалая Удавічэнкі: “Марыя Кастраміна працавала афіцыянткай у афіцэрскай нямецкай сталовай, поварам была Сініцына. Партызаны перадалі падпольшчыкам атруту. Яе падсыпалі ў прыгатаваную для гітлераўцаў ежу. Або яд быў не занадта таксічны або ён быў у невялікай дозе, сарака гітлераўскім афіцэрам вялікіх страт ён не нанёс, яны абышліся ўсяго толькі лёгкім нядужаннем. Сініцыну затрымалі і яна ўсіх выдала (пасля вайны яна будзе асуджаная на 10 гадоў). Пасля гэтага Марыя Кастраміна не магла заставацца ў Лідзе, сабрала вузельчык і адправілася ў Ліпічанскую вушчу ў партызанскі атрад імя Варашылава. Дабралася ў раён вёскі Беліца. Магчыма, пераадолела б і далейшы шлях, але падпадвёў выпадак.
Якраз у гэты час легіянеры Арміі Краёвай пераследавалі сям’ю Говараў у в. Масевічы за сувязь з партызанамі. Говары вырашылі перш за ўсё засцерагчы старэйшых дачок – Марыю і Ганну”.
З успамінаў (Говар) Макаравай: “Я вымушана была хавацца ад акаўцаў. Бацька мяне адвёз у в. Осава да стрыечнай сястры маці Лукашэвіч Марыі. У Осава наведваліся партызаны, я ім перадавала звесткі пра АК (штаб акаўцаў знаходзіўся недалёка ў в.Табола). Сваячка хацела выдаць мяне замуж за легіянера АК. «Выбірай любога», – сказала яна. Праз тры дні павінен быў прыехаць за мной жаніх. Я пра гэта сказала Удавічэнку Кольку, які прыехаў да мяне на сувязь. Я сядзела ў жыце, заўважыла вершніка, падпаўзла бліжэй і паклікала каня – і… конь спыніўся. Конь пазнаў мяне, я любіла на ім катацца. Гэтага каня партызаны забралі ў 1942 годзе пры разгроме паліцэйскага ўчастка ў Тарнова.
Удавічэнка параіў сабрацца і сказаў, калі прыедуць па мяне. Вузельчык з рэчамі, які я хацела забраць з сабой у атрад, загадзя аднесла ў канюшыну. З вечара прыкінулася, што баліць галава і лягла спаць. Загадзя прыадчыніла аконны шпінгалет, на падаконнік паставіла кветкі. Спала на ложку разам з дачкой маёй цёткі. Вядома, было не да сну. І раптам – сігнал. Я выскачыла ў акно і з’ехала з Колькай Удавічэнка, Мішам Казловым і Сянько ў атрад у Ліпічанскую Пушчу. Каля в. Лазяны нас даганялі акаўцы, але нам удалося ўцячы, хаця нашы коні былі ў пене. У в. Карытніца Дзятлаўскага раёна адпачылі і прыбылі ў атрад. Гэта было ў маі 1943 года. Пасля вайны мая цётачка з в. Осава і яе муж (Лукашэвічы Ясь і Марыя) будуць асуджаныя на 10 гадоў за супрацоўніцтва з АК.
Раніцай акавец даведаўся, што нявеста збегла і збегла да каго, да жаніха-партызана? Белапалякі вырашылі, што нявеста далёка не змагла сысці і вырашылі шукаць збеглую нявесту.
Якраз у гэты час у раёне Беліцы з’яўляецца шатэнка Марыя Кастраміна. Акаўцы прынялі яе за мяне і расстралялі.
Зрабіўшы брудную справу, яны прыбылі да бацькі на хутар і сказалі, што забілі тваю цурку, гэта значыць дачку. Говар, ведаючы, што яго дачка ў бяспецы, імкнучыся хоць на нейкі час засцерагчы сябе ад белапалякаў, як бы між іншым, неахвотна, сказаў: “Так ёй і трэба, за што змагалася, на тое і напаролася”.
Так загінула Марыя Кастраміна. Гэтыя дадзеныя ўзяты з даследчай працы Анастасіі Каладзяжный “Партызанскі атрад імя Варашылава”.
Указам Вярхоўнага Савета СССР Марыя Кастраміна за мужнасць і адвагу, праяўленную ў барацьбе супрааць няямецка-фашысцкіх захопнікаў узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені (пасмяротна).
У фондах музея захоўваюцца фатаграфіі, перапіска са сваякамі Марыі Касраміной, успаміны аб мужнай змагарцы.


























