/ Навіны / Вароты Лідскага замка

Вароты Лідскага замка

Паважаныя аматары гісторыі!

Як жа абараняцца жыхарам замка, калі вораг грукае таранам у вароты? Калі каменныя сцены былі тоўстыя і высокія і іх парушыць не так лёгка, то вароты заставаліся самым слабым месцам. З часоў “варварскіх каралеўстваў” і да самага пачатку класічнага Сярэднявечча, замкавыя вароты амаль не памяняліся. Бо іх немагчыма было сабраць з камення або металу, нават зрабіць іх з вельмі тоўстага дрэва было нельга. Яны атрымаліся б або занадта цяжкімі, або дарагімі. А хутчэй за ўсё і цяжкімі, і дарагімі адначасова. Таму нават у XIV ст., вароты, якія зачынялі галоўны ўваход у замак, заставаліся звычайнымі драўлянымі варотамі.

Сёння, каб трапіць у Лідскі замак, мы ўваходзім з заходняга боку, бліз вежы Гедыміна, дзе напрыканцы XX ст. быў арганізаваны даволі высокі і шырокі праём. Гаворка пойдзе пра замкавыя ўваходы і выхады ў XIV – XV стст.

У XIV –XV стст. замак меў два ўваходы, якія праразалі тоўшчу ўсходняй сцяны непадалёку ад яе паўночна-ўсходняга кута. Меншая брама пры шырыні 2,5 м і вышыні 3 м мела спічастую арку. Захаваліся сляды ад бегункоў варот. Гэта два вялікія камяні ў аснове аркі з круглымі гнёздамі-адтулінамі. Бліз малой брамы археолагі знайшлі завесу, на якую, магчыма, мацаваліся створкі варот.

Фрагмент металічнай завесы, на якую мацаваліся створкі варот.

Вароты з’яўляліся найбольш слабым месцам у абароне, таму іх ахове надавалася асаблівая ўвага. У час археалагічных раскопак 1977 г. быў выяўлены фундамент падковападобнай у плане пабудовы, якая, верагодна, абараняла малую браму з боку двара і была дадатковым умацаваннем. У часы Позняга Сярэднявечча тое, што стаяла за асноўнай лініяй сцен, стала звацца “барбаканам”. Бліз малой брамы археолагі знайшлі развал камбінаванай печы сярэдзіны XVI ст. Магчыма, тут знаходзілася вартоўня для размяшчэння абаронцаў, якія спрабавалі знішчыць праціўніка, які падыходзіў да замкавых варот. Сама вартоўня заставалася самай небяспечнай часткай для любых ворагаў.

Меншая брама Лідскага замка. Фота 2026 г.

Большая брама, моцна пашкоджаная ў час войнаў, шырынёй 4,5 м і вышынёй каля 6 м. Па графічных малюнках XIX ст. можна меркаваць, што гэта брама мела паўцыркульную арку. Наяўнасць у замку двух уваходаў, размешчаных блізка адзін пры адным, іх розныя памеры наводзяць на думку, што яны выконвалі не аднолькавыя функцыі. Меншая брама, верагодна, служыла для паўсядзённых патрэб, была як бы “чорным” ходам. Другая, размешчаная бліжэй да вежы, магла быць параднай і адчынялася для ўрачыстай сустрэчы князя або яго гасцей.

Большая брама Лідскага замка. Фота 2026 г.

У паўднёвай сцяне замка на адлегласці 22 м ад паўднёва-заходняй вежы, на вышыні каля 4 м ад першапачатковага ўзроўню двара, захаваліся сляды паўцыркульнага праёму шырынёй 2,5 м і вышынёю каля 3,1 м. Хутчэй за ўсё, трапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной лесвіцы. Нельга не звярнуць увагу на тое, што ён знаходзіцца ў найбольш бяспечным месцы. Гэты бок замка быў добра абаронены прыродай і не патрабаваў дадатковых штучных умацаванняў. Усё гэта дае падставу меркаваць, што праём з’яўляецца нічым іншым, як запасным выхадам для раптоўных вылазак гарнізона або для скрытага выхаду з замка ў крытычныя моманты абароны.

Запасны выхад Лідскага замка. Фота 2026 г.