Што гэта за хата, што кругом свеціцца?
Правільна! Кошык (кош, карзіна, кашолка, саж).
У гаспадарцы нашых продкаў плецены кошык быў адным з самых галоўных і ўніверсальных прадметаў. Без яго немагчыма было ўявіць штодзённае жыццё беларускага селяніна.
Для вырабу выкарыстоўвалі самы розны матэрыял: лыка, бяросту, кару ляшчыны, корань сасны ці ядлоўцу, балотныя расліны. Але самым распаўсюджаным матэрыялам была лаза. З неачышчанай шэрай лазы плялі кашы для “бруднай” працы. З ачышчанай – для хатніх далікатных патрэб.
Формы кошыкаў былі самымі рознымі: круглыя, паўкруглая, усечанай формы, звужаныя данізу, нізкія з шырокім дном, прамавугольныя… Дарэчы, найбольш зручным прызнаваўся кошык авальнай формы – не біў па нагах. Некаторыя кашы закрываліся крышкай. Адным словам, форму вызначала яго прызначэнне. А прызначэнне для патрэб паўсядзённага ўжытку было неабмежаваным. У ім пераносілі харчовыя прадукты, гародніну, хадзілі ў грыбы і ягады, захоўвалі сушаную рыбу і мяса, сушаныя сыры…
А ці ўяўляеце вы нашых продкаў у час бульбакапання без кошыка?! А выезд на кірмаш?
У глыбокіх і вялікіх кошыках пераносілі сена, сечку, мякіну, скошаную траву на корм жывёле.
Прыстасоўвалі іх і для складвання бялізны, захавання дзіцячых цацак, збірання лекавых траў.
І ўрэшце – у люльцы-кошыку, сплеценай з лазы, гадавалася не адно пакаленне дзетак!
Часта кошыкі пазычалі, асабліва, калі талакой бульбу капалі. Абавязкова прытрымліваліся такога правіла: вяртаць пустым нельга. На дно трэба было пакласці скібку хлеба або грошы ці ўсыпаць жменьку збожжа, каб не “аддаць” свой дабрабыт.
Мабыць, праз сваю папулярнасць, кошык станавіўся аб’ектам нараджэння прыказак і прымавак. “Поўны кош – гаспадар прыгож, а пусты кош – гаспадар, як вош”, “Назваўся грыбам – лезь у кош”, “Усякі грыб у рукі бяруць, ды не кожны ў кош кладуць”, “Не сып усё ў адзін кош”, “Багатаму шкада карабля, а беднаму – кашаля”, “Добрая слава ў кошыку ляжыць, а благая – па дарожцы бяжыць”.
У традыцыйнай абраднасці беларусаў кошык быў не проста рэччу, а важным сакральным прадметам, сімвалам дабрабыту, ураджаю і сувязі паміж пакаленнямі. Яго выкарыстоўвалі ў вясельных, радзінных і аграрных абрадах. Без кошыка не абыходзіліся на Каляды, Вялікдзень. Летнім часам, на Тры Спасы (Яблычны, Мядовы і Арэхавы) у кошыку неслі свяціць яблыкі, грушы, мёд і мак, упрыгожвалі жывымі палявымі кветкамі (валошкамі, рамонкамі), каласкамі жыта ці пшаніцы, а таксама ўкладалі букеты зёлак.
Кошык і сёння не выйшаў поўнасцю з ужытку і выконвае як утылітарную функцыю, так дэкаратыўную.


















