/ Навіны / Пад белым яварам зямлячкі

Пад белым яварам зямлячкі

(Да 110-годдзя з дня нараджэння Ніны Тарас)
(З праекта «Песняркі Прынёманскага краю», прысвечанага Году беларускай жанчыны)

Заходняя частка Беларусі – гэта тэрыторыя, якая насычана лёсамі тых людзей, чые жыццёвыя дарогі мелі пакручасты шлях. Сярод такіх прадстаўнікоў можна выдзеліць беларускую паэтэсу Ніну Тарас. Яе творчая, грамадская дзейнасць непарыўна злучана з горадам Лідай.

У Доме Валянціна Таўлая да 110-годдзя паэтэсы адкрыта выстаўка «Пад белым яварам», арганізаваная паводле хатняга архіва паэтэсы.

У верасні 2024 года гэтыя рэчы перадалі ў літаратурны музей горада Ліды сям’я Сямернікаў – пляменніца пісьменніцы Галіна Іванаўна і яе муж Іван Іосіфавіч. Гэты каштоўны матэрыял цяпер папоўніць фонды Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Сярод іх – шэраг фотаздымкаў, якія раскрываюць біяграфію паэтэсы. На некаторых з іх можна пабачыць маладую дзяўчыну Ніну ў вёсцы Заполле, што на Навагрудчыне.

Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з унікальнымі фотаздымкамі, дзе будучая паэтэса сярод навучэнцаў Навагрудскай беларускай гімназіі 1931–1932 гг. і Віленскай беларускай гімназіі 1935–1936 гг.

Ёсць магчымасць звярнуць увагу на застылыя твары бацькоў паэтэсы Міхаіла Адамавіча і Антаніны Сямёнаўны і інш.

Прыцягальнымі прадметамі з’яўляюцца і пасведчанні аб заканчэнні вясковай школы з польскамоўным навучаннем у 1929 годзе, Навагрудскай беларускай гімназіі на імя Тарасішкі Ніны, дачкі Міхася (1930-1932 гг.) і той жа гімназіі імя Адама Міцкевіча ўжо выдадзенае на імя Тарас Ніны (1932-1934 гг.).

Яшчэ ў 1940 годзе Ніна Міхайлаўна была прынята ў Саюз пісьменнікаў СССР, затым – БССР, у чым сведчаць членскія білеты.
Ваенны перыяд таксама праклаў след у жыцці паэтэсы-юбіляркі. Вялікую Айчынную вайну яна сустрэла ў Лідзе. Сведкамі аб гэтым удзеле з’яўляюцца копіі хадайніцтваў, даведак, характарыстык, а таксама – арыгінальнае пасведчанне партызана Беларусі.
Яе дом у Лідзе выкарыстоўваўся для явак партызан. Але пазней ён быў спалены разам з назапашаным архівам паэтэсы: з рэчамі, кнігамі, рукапісамі новых твораў. Гэты дом належыў мужу Н.Тарас Янку Федаровічу. Па ўспамінах сястры В.Таўлая Ніны Таўлай-Радзюкевіч, якая жыве сёння ў Вільнюсе, гэты дом знаходзіўся ў раёне Пяскі. А больш дакладна пра ваеннае жыццё ў Лідзе паэтэса пісала сакратару ЦК КП Беларусі таварышу Кузьміну Аляксандру Трыфанавічу 18 сакавіка 1973 года:
«У час вайны эвакуіравацца не змагла – асталася жыць у Лідзе, у акружэнні трайнога ворага: нямецкіх фашыстаў, белапалякаў і беларускіх нацыяналістаў.
У горадзе Ліда, моцна апалячаным ксяндзамі і іншымі сіламі, мяне ведалі як камсамолку (камсамольскі білет за нумарам 12250760 у час вайны я перахавала), дэпутата гарсавета, актыўнага агітатара, супрацоўніка рэдакцыі лідскай газеты «Уперад», а таксама як маладую паэтэсу (у той час ужо выйшаў з друку мой першы зборнік вершаў «На ўсход ідучы…»). У сувязі з гэтым сярод белапалякаў я набыла сабе палітычных ворагаў, якія рыхтавалі па-за мною крывавую расправу. Першыя месяцы вайны прышлося скрывацца ў бацькі, у роднай вёсцы Заполле Навагрудскага раёна. Змяніўшы сваё дзявочае прозвішча Тарас на мужава Федаровіч я зноў асталася жыць у Лідзе, у доме мужа па вуліцы Тапалёвай, 7.
Неўзабаве пасля гэтага мяне знайшлі там былыя падпольшчыкі – рэвалюцыянеры – паэт Валянцін Таўлай, якога я добра ведала па супольнай працы ў лідскай газеце «Уперад», і Каця Главінская, з якою я калісьці разам вучылася і працавала ў падпольным камсамоле ў Навагрудскай беларускай гімназіі. Яны прапанавалі мне прылучыцца да «групы мсціўцаў», арганізаванай у г. Навагрудку, і прыняць удзел у барацьбе з нямецкімі акупантамі. З прапановай я згадзілася. Гэта было ў пачатку 1942 года. З тае пары я ўвесь час аж да прыхода Савецкай Арміі 1944 г. трымала сувязь спачатку з членамі «групы мсціўцаў», а пазней, калі яны ўліліся ў партызанскі атрад імя Катоўскага, брыгады імя Дзяржынскага, – з партызанамі ўпамянутага вышэй атрада. Усе неабходныя звесткі аб дзейнасці белапалякаў, беларускіх нацыяналістаў, а таксама немцаў я перадавала партызанам у першую чаргу праз Валянціна Таўлая, з якім трымала цесную сувязь і бачыліся даволі часта як у Лідзе, так і ў Навагрудку на працягу ўсёй вайны, а таксама праз яго жонку Лідзію Сяргееўну і праз Кацю Главінскую.
Пазней, у 1943 годзе, па неабходнасклаўшыхся прычынах, да мяне ў Ліду перайшла жыць Каця Главінская пад чужым прозвішчам «Якімава». Мая кватэра па вуліцы Тапалёвай, 7 пачала служыць для явак партызан. У ёй сустракаліся партызаны-падпольшчыкі Іван Кашпар, Фама Жук, Мікалай Шаўка, Моця Наказных і іншыя. Іван Кашпар і Моця Наказных былі расстраляны нямецкімі фашыстамі.
Жывучы ў мяне ў Лідзе, Главінская звязала мяне са спецгрупай партызанскай брыгады імя С.М. Кірава. праз рабочага-слёсара Федаровіча Івана Уладзіміравіча, які ў свой час быў маім законным мужам, мы з Главінскай трымалі сувязь з чырвонымі партызанамі лідскай турмы. Неаднаразова па заданню лідскай спецгрупы, падвяргаючыся небяспецы, я ездзіла ў Навагрудак і праз Валянціна Таўлая перадавала неабходныя звесткі партызанскаму камандаванню «Дзяржынскай» брыгады, а ад іх атрымоўвала дальнейшыя даручэнні…».
Яшчэ адзін прадстаўнік – Кацярына Сцяпанаўна Главінская разгортвае ў даведцы лідскі след Ніны Тарас:
«Вновь встретилась я с Ниной Тарас в гнусную пору немецкой оккупации в декабре 1941 года. Она тогда проживала в городе Лида, по улице Тополёвой. К ней я прибыла с целью привлечения её в группу мстителей по борьбе с немецким фашизмом, которая организовывалась из бывших революционеров-подпольщиков в городе Новогрудке, на что она дала согласие…
Осенью 1942 года я вместе с белорусским писателем Валентином Тавлаем прибыла опять в Лиду к Нине Тарас под чужой фамилией – Якимова. В Лиде мы навязали связь со спецгруппой партизанской бригады имени Кирова. Со сложившимися обстоятельствами, я на нелегальную работу, под предлогом учительницы, устроилась не в Лиде, а в Щучине. Находясь там, Нина Тарас всё время через меня держал связь со спецгруппой имени Кирова, а через Валентина Тавлая, проживающегов то время в Новогрудке, с партизанским отрядом имени Котовского, бригады имени Держинского.
С целью конспирации, осенью 1943 года я вынуждена была оставить Щучин и переехать в город Лиду к Нине Тарас, где и проживала нелегально до прихода Советской Армии. Квартира Нины Тарас использовалась для явки партизан. Приходили к ней Жук Фома Иосифович, Шевко Николай Петрович, Кашпар Иван, Мотя Наказных (двое последних были расстреляны гитлеровцами). Через рабочего слесаря Федоровича Ивана Владимировича мы держали связь с Лидской тюрьмой. Зимой 1944 года для срочной операции, связанной с Лидской тюрьмой, мною Нина Тарас была командирована в Новогрудок к партизанскому связному Валентину Тавлаю. Задание она выполнила не смотря на очень опасные в то время пути сообщения…»

Вуліцы Тапалёвай на карце горада Ліда ўжо няма. Яна з 26 мая 1955 года была перайменавана на вуліцу Даватара. Цяпер там прыватны сектар, які вырас пасля ваеннага пажарышча ў пачатку 1950-х. На месцы Тапалёвай, 7 (Даватара, 7) цагляны двухпавярховы дом. Нядаўна стала вядома, што калісьці там жыла сям’я Мацулевічаў. Яны потым жылі ў вёсцы Пурсці Лідскага раёна, адкуль перавезлі дом у вёску Цыбары. А вось у Пурсцях захаваўся драўляны дом, у якім жыў, як сцвярджаюць старажылы, Іван Уладзіміравіч Федаровіч (муж Ніны Тарас).

У гэтым доме потым пражываў яго сын Вацлаў Янавіч, які пераехаў жыць у вёску Крупава да жонкі. Даследаванне працягваецца з мэтай доказу праўдападобнасці. А вось у Лідзе па вуліцы Марозава, 17 знаходзіцца ДУА «Сярэдняя школа №10 г. Ліды імя А.А.Клімко», дзе падчас вайны размяшчалася гестапа. Менавіта туды і быў перададзены ліст Ніны Тарас і Лідзіі Таўлай ад нямецкага паслугача Якуцэвіча для вызвалення В.Таўлая з фашысцкай турмы. Усё знаходзілася побач. Да гэтых пор яшчэ шмат загадак затойваецца ў біяграфіі паэтэсы. Час разгорне іх.
Лідзія Казлоўская, ужо як удава паэта-рэвалюцыянера Валянціна Таўлая, інвалід ІІ групы, падзялілася ўспамінам, занатаваным 6 снежня 1971 года. Між іншым, Лідзія Сяргееўна з мая 1943 года па ліпень 1944 года з’яўлялася сувязной партызанскай групы, затым атрада імя Р.І. Катоўскага брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. У дакуменце становіцца вядома, што Ніна Тарас мела дачыненне да вызвалення В.Таўлая з лідскай фашысцкай турмы ў верасні 1943 года, які разам з 10-гадовай сястрой Нінай і бацькамі быў туды закатаваны за падазрэнне ў забойстве гаўляйтэра Кубэ.
“Тавлай познакомил меня с Ниной Тарас в мае 1942 года в г.Лиде, где жили его родители и куда мы и вместе и в одиночку довольно часто для тех лет приходили и приезжали из Новогрудка для выполнения разных партизанских заданий и почти каждый раз заходили к Н. Тарас или встречались с ней вне её дома. Тавлай и в Лиде и в Новогрудке, когда Тарас приезжала туда по вопросам, связанным с работой лидского подполья, давал ей конкретные поручения, и она их всегда точно выполняла (распространяла передаваемые ей сводки Совинформбюро, листовки, доставала нужные сведения).
Много помогла она в сентябре-октябре 1943 года, когда В.Тавлай был арестован проездом через Лиду из Вильнюса, куда ездил за медикаментами и бумагой для партизан. Квартира отца была уже разгромлена и опечатана фашистами, вся семья посажена в лидскую тюрьму. Во время своих приходов и приездов в Лиду в эти месяцы для хлопотов об освобождении я пользовалась квартирой Тарас, вместе с ней обсуждались все возможные варианты по освобождению. Выкуп не помог, помогла справка, которую мне удалося получить от бывшего царского монархиста, матёрого эсдэховца, тогда начальника БНС (Белорусской самопомощи) в Новогрудке по фамилии Якуцевич. Тавлая и его сводную сестру Нину выпустили, отец и мачеха погибли в Освентиме.
Выйдя из тюрьмы, тут же ночью, чуть свет, Тавлай пришёл на квартиру не к кому-нибудь, а к Тарас, считая её самым надёжным и близким человеком. Мне было известно так же, что квартира Тарас на Тополёвой улице вообще использовалась для подпольных встреч”.
З 1944 па 1945 гады паэтэса зноў працавала ў газеце «Уперад». У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца ліст Ніны Тарас, адрасаваны старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасю Лынькову ад 20 сакавіка 1945 года. Гэта быў час працы паэтэсы ў рэдакцыі лідскай газеты.

«Паважаны тав. Лынькоў! Шчыра дзякую за пісьмо. Я не мела адвагі пісаць Вам, ці наогул у Саюз Пісьменнікаў, думаючы, што мяне адтуль даўно ўжо выкраслілі.
Вершамі не пахвалюся: у мяне іх мала. Але пры дапамозе Саюза Пісьменнікаў, думаю, мне ўдалося б у гэтым годзе выдаць зборнічак. У бліжэйшым часе хачу апрацаваць усе свае вершы, якія «пакінула» у часе нямецкай акупацыі: частку з іх высылаю ў Выдавецтва на імя т. Клімковіча, астатнія прышлю пазней.
Што датычыць маіх далейшых планаў, то яны простыя, але трудныя ў выкананні. Пака хачу заняцца працай толькі над вершамі, апрацаваць і ўпарадкаваць усю сваю старыну з папярэдніх гадоў, а ў тым часе можа што новае сплялося б.
Працуючы ў рэдакцыі газеты «Уперад» гэта зусім не магчыма. І я заўсёды маю на сумленні, што марную час, хаця ў сапраўднасці працую. Я ўжо пастанаўляла пераехаць у Мінск, але мяне туды не адпускаюць нават на пару дзён.
Паважаны тав. Лынькоў, была б Вам вельмі удзячна, калі б Вы дапамаглі мне выйсці з гэтага палажэння.
Са шчырым прывітаннем, Ніна Тарас.
Ліда, 20.ІІІ. 45 г. »
Міхась Лынькоў, відаць, падтрымаў паэтэсу, бо ў хуткім часе яна пакінула Ліду. Лідзія Таўлай (жонка В.Таўлая) ва ўспамінах «Гэта ўсё знаёмыя шляхі…» таксама, згадваючы пра 1945 год, пазначыла: «Перабралася ў Мінск і паэтэса Ніна Тарас, шукала кватэры, каб быць разам са сваім мужам Янкам, што часова заставаўся яшчэ ў Лідзе». Дакладней піша В.Таўлай ад 16.V. 45 г.: «…Пазаўчора атрымаў ліст ад Ніны Тарас. Піша, што гатова пераязджаць і чакае толькі весткі аб магчымасці знайсці хоць які куток прытулку. Ох, гэтыя кватэры! Не ведаю, што ёй адказаць. Буду радзіцца з хлопцамі». А пазней за 17.VI.45.ён напіша жонцы наступнае: «У Мінску, як бачыш, была Тарас. Яна перабіраецца назусім у сталіцу, са сваім Януком, а можа, і з Кацяй (Главінскай – А.Х.). Кватэры не атрымала таксама. Бегала, шукала. Знайшла нейкі пакойчык у сумежным… сельсавеце. На лета. А на восень абяцаюць кватэры. 14.VI Ніна паехала на Баранавічы – Наваельню ў сваё Заполле…»

Праз пасведчанні, прадстаўленыя на выставе ў Доме Валянціна Таўлая, можна ўпэўніцца, што ў пасляваенны час лёс паклікаў паэтэсу ў Мінск, дзе яна ўладкавалася ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР, рэдакцыі газет «Піянер Беларусі» і «Звязда».
Тут, у сталіцы і жыла паэтэса. Па вуліцы Палярная, 5 кватэра 1, затым па вуліцы Седых, 16 кватэра 24. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які так і не закончыла (на выставе прадстаўлена заліковая кніжка студэнткі завочнага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ за 1947 год). Але закончыла Вышэйшыя двухгадовыя літаратурныя курсы ў Маскве, у чым пераконвае агульнае фота 1955-1957 гг.

1950-ыя гады для Ніны Тарас былі таксама насычаныя паездкамі і сустрэчамі з вядомымі пісьменнікамі БССР. Сведкамі іх сталі фотаздымкі, на якіх можна пабачыць Ніну Тарас з Петрусём Броўкам, Міхасём Клімковічам, Янкам Брылём, Іванам Шамякіным, Іванам Мележам, Паўлам Кавалёвым і іншымі падчас трэцяй рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў у Мінску ў 1950 годзе. Шэраг момантаў зафіксавана на фотакамеру ў 1958 годзе, дзе Ніна Міхайлаўна прымала ўдзел у дэкадзе беларускай літаратуры ў Літве разам з Максімам Танкам, Пятро Глебкам, Пятрусём Броўкам і з іншымі класікамі беларускай літаратуры.

Нямала грамат было адрасавана паэтэсе ў гонар яе юбілейных дат, на якіх пакінуты дзясяткі подпісаў вядомых майстроў беларускага пісьменства.

Прыцягальнымі для наведвальніка павінны стаць віншавальныя паштоўкі і лісты, адрасаваныя Ніне Тарас ад Піліпа Пестрака, Максіма Танка і Янкі Брыля. Колькі ў іх жыцця, эмоцый і настрою!

На выставе прадстаўлены выразкі з газет і часопісаў, дзе змешчаны нізкі свежых на той час вершаў паэтэсы.

Можна пазнаёміцца са зборнікамі вершаў «Вершы» (1952), «Кветка шчасця» (1958), «Пад белым яварам» (1966), «Наш бор» (1968), «У тапаліную замець» (1976), «Праметэю прыйду пакланіцца» (1981), «Праз вятры-завеі» (1986).
Так, у апошнія гады пісьменніца жыла ў пляменнікаў Сямернік, на лецішчы ў Мінску, дзе натхнялася на напісанне твораў. Багаты архіў захаваўся ў яе. Штось, канешне, ужо перададзена ў бібліятэкі, школы… Але, як згадала пляменніца паэтэсы Галіна Іванаўна, незадоўга да смерці Ніна Міхайлаўна сабрала нейкія паперы, перавязала і папрасіла іх спаліць там, на лецішчы. Просьбу, канешне, яна выканала, бо адказнасць была вышэй усяго. Што было ў тым стосе? Невядома. Ды не ўсё ж, як ведаем, згублена! Частка архіва паэтэсы была перададзена ў Ліду – у Дом яе сябра і таварыша, беларускага паэта-рэвалюцыянера, грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча Валянціна Таўлая, у якога гасцявала не адзін раз, дзе чыталі яна і Валянцін – адно аднаму – вершы, рыхтавалі ў друк матэрыялы для газеты «Уперад».

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі захоўваецца перапіска былога дырэктара на той час краязнаўчага музея Мікалая Ісаевіча Іванова за 30 жніўня 1965 года.
«Минск, ул.Полярная, №5, кв.1, Н.Тарас.
Глубокоуважаемый тов. Тарас!
Недавно в музее им. Янки Купалы нам сообщили, что Вы перед Великой Отечественной войной работали в Лидской газете с В. Тавлаем, а до 1939 года являлись подпольщиком-революционером.
В связи с этим обращаемся к Вам с просьбой на досуге написать нам хотя бы кратенькую биографическую справку о себе, в которой мы надеемся найти тот ценный материал, так недостающий нам о нашей газете в период 1939-1941 гг., о революционном подполье в гор. Лиде и Лидском районе до 1939 г.
Мы питаем надежду на Вашу помощь, особенно в части круга лиц непосредственно работавщих в революционном подполье в гор. Лиде и районе.
Будем Вам очень признательны и благодарны. С глубоким уважением к Вам директор Лидского краеведческого музея.
(Подпіс). Иванов»
Адказ прыйшоў не хутка, праз 8 месяцаў, 12 красавіка 1966 года.
«Паважаны тав. Іваноў!
Прашу прабачэння, што адпісваю Вам з вялікім спазненнем. Мне вельмі цяжка адказаць на Ваша пісьмо. Справа ў тым, што з рэвалюцыйным рухам былой Заходняй Беларусі я звязана была не ў Лідзе, а ў Вільні. У Ліду ж пераехала ў 1938 годзе, калі КПЗБ была ўжо распушчана. Жыла ў Лідзе да 1945 года, г.зн. усю вайну, таму больш магла б расказаць пра перыяд вайны. Шмат што было за гэты час перажыта, што, безумоўна, заслугоўвае ўвагі. Аднак за гэту тэму я не бралася. Мне вядома, што пра лідскае падполле перыяду вайны піша Уладзімір Калеснік.
З Валянцінам Таўлаем пазнаёмілася ў 1939 годзе, разам з ім працавала ў рэдакцыі газеты «Уперад». Пра гэта я коратка апісала ў сваёй аўтабіяграфіі, якая друкуецца ў кнізе аўтабіяграфій пісьменнікаў «Пра час і пра сябе». Кніга неўзабаве выйдзе з друку. Магу толькі дадаць, што працаваў Валянцін Таўлай у газеце з вялікім энтузіязмам, у працу ўкладваў ўсю сваю душу. Я не адразу даведалася, што ён – паэт. Спачатку ён скрываў гэта ад мяне, хаця сам ведаў, што я пішу вершы. Пазней дзяліўся са мною кожным радком свайго верша, кожнай задумай.
У газеце перыядычна друкаваліся літаратурныя старонкі, у якіх прымалі ўдзел маладыя літаратары раёна і якіх вельмі беражліва стараўся выхоўваць Валянцін Таўлай. У нас быў вялікі спісак уласных селькораў, якія нам дапамагалі газетным матэрыялам. Людзі цягнуліся да газеты, стараліся дзяліцца з намі сваім новым жыццём, сваімі справамі.
Друкавалі на старонках газеты і ўласныя вершы. Асабліва стараліся рабіць урачыстымі святочныя нумары. І Валянцін Таўлай вельмі радаваўся, калі нумар удаваўся, быў добра аформлены, змястоўны.
У першамайскім нумары ў 1941 годзе быў змешчан у газеце адзін з самых лепшых вершаў паэта «Першамайскія сцягі». Я добра памятаю той святочны сонечны дзень, дэманстрацыю працоўных у горадзе, якую мы назіралі з Таўлаем з балкона рэдакцыі, той радасны смех, якога паэт не ў сілах быў стрымаць ад шчасця. Побач з Таўлаевым вершам быў змешчан у газеце і мой верш, значна слабейшы. Там былі радкі: «крокам цярэбяць шлях». Гледзячы на дэманстрацыю, Таўлай сказаў: «Глядзі: крокам цярэбяць шлях». Мяне гэта крыху кальнула, і я прамовіла: «Ты лепш глядзі, як твае першамайскія сцягі панеслі». І мы доўга смяяліся. Гэта было наша першае вольнае першамайскае свята…

Працуючы ў рэдакцыі, мы трымалі цесна кантакт з людзьмі, часта выступалі перад чытачамі, наладжвалі літаратурныя вечары.
Асабліва значнай падзеяй у жыцці горада і ў жыцці нашай рэдакцыі быў прыезд у Ліду Янкі Купалы, які там балаціраваўся і выступаў перад выбаршчыкамі. Быў наладжан вялікі гарадскі літаратурны вечар, у якім мы прымалі ўдзел, а таксама сустрэча з рабочымі ў чыгуначным клубе. Усё гэта знаходзіла сваё адлюстраванне на старонках нашай газеты. Мы жылі вялікай надзеяй на будучае.
Валянцін Таўлай рыхтаваў сябе да вялікай творчай працы, рабіў накіды сваіх твораў у розных варыянтах, сабраў многа фактычнага матэрыялу, дакументаў.
Часта бываў у паездках, любіў знаёміцца з людзьмі і, як вялікі псіхолаг, заўсёды ўмеў знайсці ў чалавеку нешта цікавае, характэрнае толькі яму аднаму.
Сустракалася я з Валянцінам Таўлаем у Лідзе і ў час вайны, ён заходзіў да мяне на кватэру. Праз яго я наладзіла сувязь з партызанамі, ездзіла да яго па заданню і ў Навагрудак.
Пра Валянціна Таўлая цяжка гаварыць у кароткім пісьме. Але пра яго пісалі і будуць яшчэ пісаць. Я асабіста прысвяціла яму толькі пару сваіх вершаў і кароткі ўспамін, які быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва», у дні пяцідзесяцігоддзя з дня нараджэння паэта.
Не ведаю, чым яшчэ магу Вам дапамагчы?
Калі што цікавіць – прашу пісаць, распытваць.
З пашанай!
Ніна Тарас.
Мінск. 7. IV. 66 г. »
Пра Валянціна Таўлая Ніна Тарас пісала ў матэрыяле «Я ведала яго». Вось некаторыя вытрымкі:
«I вось аднойчы запрасіў ён мяне дамоў, у сваю сям’ю. На стале я ўбачыла вершы – закончаныя, незакончаныя, асобныя радкі, а на некаторых лістках толькі адны назвы. Пасля ён паказаў мне доўгі спіс адных толькі назваў. Валянцін растлумачыў мне, што ўсе гэтыя вершы напісаны ў турме і многія з іх ён забыўся, а цяпер стараецца ўспомніць.
Так у нас пачаліся літаратурныя чытанні, якія трывала ўвайшлі ў наша жыццё і паўтараліся ўжо амаль кожны дзень – то ў яго на кватэры, то ў мяне. Захапляліся мы Маякоўскім і Багрыцкім. З польскіх класікаў Валянцін незвычайна любіў Славацкага».
«Цяжка цяпер меркаваць, што выйшла б з-пад пяра паэта, але сам ён ускладаў на гэты матэрыял вялікую надзею і пасля балюча перажываў, што ўсе рукапісы новых вершаў, паэма пра Палессе і яго багатая бібліятэка загінулі ў час вайны».
«Валянцін Таўлай прывёз аднойчы ў Ліду свой невялікі, акуратна зроблены ад рукі зборнічак вершаў пад назвай «Шляхі і краты», пад псеўданімам Паўлюк Сірата. Пад загалоўкам зборнічка было дробна напісана: «нізанка вершаў». Гэту «нізанку» ён прынёс мне прыхаваць у выпадку, калі ён загіне. Такіх экзэмпляраў ён зрабіў некалькі і раздаў розным асобам. Тое самае раіў зрабіць і мне».
«Таўлай дажыў да Перамогі і зноў акунуўся ў працу. Але сілы яго былі падарваны. Лежачы ў бальніцы, цяжка хворы, ён прасіў мяне прынесці яму карэктуру яго першага зборніка вершаў. Але пабачыць свайго зборніка паэт не паспеў. «Выбранае» яго мы чыталі ўжо без паэта».
Трэба адзначыць, што Ніна Міхайлаўна згадвала, што ў Валянціна Таўлая, калі ён жыў у Лідзе, была свая бібліятэка. Гэтыя ўспаміны далі магчымасць стварыць у яго Доме пакой адкрытага захоўвання «Бібліятэка пісьменніка». У гэтым жа памяшканні і вырашана было адкрыць выстаўку «Пад белым яварам», прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Ніне Тарас.
У 1949 годзе, праз два гады пасля смерці земляка, Ніна Тарас напісала верш «Памяці Валянціна Таўлая» з такімі радкамі: «Калі па звычцы прывядзе сама / У дом твой сцежка, ціха рыпнуць дзверы, / Мне скажа ўсё, што ўжо цябе няма. / Цябе няма… / А я ўсё не веру». (Між іншым, у 2024 годзе ў Лідзе адзначалі 110 год з дня нараджэння Валянціна Таўлая. У Доме-музеі была адкрыта выстаўка «У дом твой сцежка прывяла сама…», назва да якой была ўзята з гэтага верша). А пазней, у 1961-1964 гг. нібыта ў адказ на паэтычныя радкі В. Таўлая «Помню, помню, мы некалі дзікую ружу сустрэлі / І не ведалі, ружа цвіла ці сустрэча і вочы цвілі» Н. Тарас напіша: «Дзікая ружа! Пялёсткі засохлі, завялі. / Годы прайшлі, а боль у душы не пагас…/ З новымі песнямі крочым мы ў новыя далі. / Чаму ж не хапае сягоння цябе паміж нас?».

Сімвалічна, што на Даўгабродскіх (Вайсковых) могілках у Мінску па вуліцы Казлова, 11, дзе пахаваны В. Таўлай, расце дзікая ружа, як знак камунікацый паміж двума неабыякавымі асобамі…

Неабходна зазначыць, што сярод стоса архіўнага матэрыялу захаваліся машынапісы аповесці «Бура», якую Ніна Тарас пісала яшчэ ў маі 1965 года. У гэтым яна прызналася ў аўтабіяграфічным тэксце «Зірнуўшы на пройдзены шлях», змешчаным у кнізе аўтабіяграфій беларускіх пісьменікаў «Пра час і пра сябе».

Між іншым, урывак з гэтага твора быў змешчаны ў часопісе «Работніца і сялянка» за №11 1966 года пад назвай «Першы снег».

Усё ж твор адляжаўся, уратаваўся… Першаму яго варыянту далі свет у даволі знаёмым для аўтара горадзе Лідзе, а больш дакладна – у літаратурна-мастацкім зборніку «Ад лідскіх муроў» № 11 (кніга 2) за 2022-2025 гг.

Напрыканцы мая 2026 года, у Дом Таўлая наведаліся пляменнікі паэтэсы з Баранавічаў – сям’я Хрышчановічаў – Генадзь Аляксеевіч і Таццяна Анатольеўна. Яны перадалі ў лідскі музей зноў жа фотаздымкі, на якіх адлюстраваны муж паэтэсы Іван Федаровіч і інш.

А сям’я Сямернікаў, у якіх апошнім часам і пражывала паэтэса, перадалі прыжыццёвае выданне «Суніцы» за 1946 год з самаробнай вокладкай, дзе вершы пад якой змяшчаюць рукапісныя папраўкі, зробленыя Валянцінам Таўлаем. Аб тым, што гэты зборнік чытаў Таўлай, поўнасцю даказана ў яго лісце да жонкі, калі лячыўся ў І клінічнай бальніцы ў Мінску. Захавалася яго перапіска, у якой за 2.ХІІ. і 3.ХІІ.1946 г. просіць каб яна прынесла яму ў бальнічны пакой кніжачку «Суніцы» Ніны Тарас. Яму было цікава пазнаёміцца з новым, ужо другім па ліку выданнем сяброўкі-паэтэсы. Гэтыя карэктарскія заўвагі для Ніны Тарас былі значнымі, бо яна давярала Валянціну, тым больш ён ведаў, як даводзіць да чысціні мастацкі твор. Гэты асобнік для паэтэсы быў найдаражэйшым! І як за шчасце, вярнуўся ў Ліду ў дом паэта.
Самым сакральным прадметам на выставе з’яўляецца гербарый – галінкі белага явару, якія захаваліся ў мяшочку. На старонцы альбома, у якім ляжыць гэты прадмет, рукой Ніны Тарас пазначана: «Галінкі свайго явара з уласнага садка прыслаў мне бацька, калі працавала над зборнікам «Пад белым яварам». Ніна Тарас». А было гэта ў 1965-1966 гадах. Так, гэта той самы бацька Міхаіл Адамавіч, які паверыў у дачку, што яна стане паэтам. Ён, між іншым, даваў ёй першыя веды ў навуцы, а затым і парады на вясковай Грамбаловай гары па напісанні вершаў. Ён, нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, аддаў дачку ў Навагрудскую беларускую гімназію, а затым – у Віленскую. Гэтыя галінкі майскага дрэва – клёна – дачка атрымала ў свае 50 год і захоўвала да канца свайго жыцця, да 12 снежня 2006 года.

Мінула 20 год з таго часу, як адышла ад нас паэтэса. А вось галінкі явару, у якіх закладзена бацькоўская любоў, прарасце ў сэрцах лідчан, бо пачынае расцвітаць гэтае дрэва ў маі, у дзень нараджэння ўладальніцы.

Гайда на выставу «Пад белым яварам»! Адрас – Дом Валянціна Таўлая, дзе ў двары расце клён, разнавіднасцю якога з’яўляецца явар.

Алесь Хітрун,
навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея

1