/ Навіны / Талент ад Бога

Талент ад Бога

(Хрысціне Лялько – 70 год!)

 (З праекта «Пясняркі Прынёманскага краю», прысвечанага Году беларускай жанчыны)

 2026 год абвешчаны Годам беларускай жанчыны… Якая яна, жанчына, у жыцці, у прыродзе, на працы, у мастацтве?! На гэтае пытанне кожны мужчына знойдзе пэўны адказ, ахарактарызуе вобраз, апіша яе хараство, працавітасць, дбайнасць, пяшчотнасць…

Напэўна даць адказ найбольш яскрава атрымаецца ў майстра слова – пісьменніка. Творцы-мужчыны прысвячаюць жанчынам паэмы, адкрываюць выстаўкі, арганізоўваюць канцэрты і г.д. Мне, як чалавеку, які жыццё звязаў з літаратурай, пашанцавала мець добрае знаёмства з паэтэсамі, чые мастацкія творы ўзбагачаюць наш край, аб іх ведаюць за межамі нашай краіны, яны друкуюцца ў вядучых выданнях Беларусі.

У Доме Валянціна Таўлая захоўваюцца матэрыялы пісьменніц – рукапісы, газетныя выразкі, фотаздымкі і асабістыя рэчы. І што важна, нямала знакамітых жанчын-творцаў нарадзіла і выхавала лідская зямля! Пра адну з іх варта расказаць цяпер.

Знаёмцеся: Хрысціна Лялько. 30 сакавіка 2026 года ёй споўнілася 70 год!

Хрысціна Аляксееўна ў свой час перадала музею рукапіс аўтабіяграфіі. Чытаеш яго і акунаешся ў яе час, ідзеш яе дарогаю дзе пад гару, дзе пакручастымі сцежкамі. Пісьменніца нібыта гутарыць з чытачом. Дык пабачым і пачытаем-паслухаем нашу зямлячку!

З аўтабіяграфіі

Разам з мамаю

«Нарадзілася я 30 сакавіка 1956 года, у Вялікую пятніцу, а 10-й гадзіне раніцы ў будынку белагрудскай плябаніі, большую палову якой тагачасная ўлада забрала пад радзільню. У меншай палове, праявіўшы сваю «гуманнасць», дазволіла жыць ксяндзу Стэфану Гародку, які і ахрысціў мяне праз сем тыдняў пасля нараджэння, на Сёмуху, у белагрудскім касцёле св. Міхала Арханёла. Таму заўсёды, калі дазваляюць абставіны, я стараюся прыязджаць у Белагруду на свята Спаслання Святога Духа, каб у сваім парафіяльным касцёле падзякаваць Богу за ласку хросту.

Парафіяльны касцёл св. Міхала Арханёла ў вёсцы Белагруда на Лідчыне

Мая мама Марыя Вінцэнтаўна Гурская нарадзілася ў вёсцы Хадзюкі на Лідчыне. І хоць мела толькі няпоўную пачатковую адукацыю польскай школы, чытала і пісала па-польску і па-беларуску і была надзвычай тонкім, далікатным і таленавітым чалавекам: добра шыла, ткала прыгожыя дываны і дзяружкі і, здавалася, не было на свеце такой працы, якой бы яна не ўмела ці не магла зрабіць…

У трохгадовым узросце. 1959 год
З сяброўкаю маленства Чаславаю. 1964 год

Сваім першым вершам я таксама абавязана маме: мы склалі яго разам у маім, яшчэ дашкольным маленстве…

У свае 15 год, а больш дакладна, у 1971 годзе, я распачала свой творчы шлях паэтычным словам: у лідскай газеце «Уперад» быў надрукаваны мой першы верш. Тады галоўным рэдактарам працаваў Аляксандр Жалкоўскі. За яго ўвагу і клопат я і цяпер яму ўдзячна.

Мой бацька Аляксей Андрэевіч Лялько паходзіў з Брэстчыны, з-пад Дамачава, з заможнай сям’і. Бацькі свайго я, на жаль, не памятаю: ён з’ехаў ад нас на Поўнач яшчэ да майго нараджэння і жыў увесь час там – то ў Архангельску, то ў Котласе, дзе і памёр у 1989 годзе. Адразу пасля ад’езду з Беларусі і ўладкавання на працу клікаў да сябе нас з мамаю, але мама не захацела пакідаць радзіму і ехаць у белы свет. У 1964 г. бацькі развяліся афіцыйна, аб чым нават было паведамленне ў лідскай газеце «Уперад». У той час разводы былі даволі рэдкаю з’яваю.

Вырасла я на дзедавым хутары, за нейкага паўтара кіламетра ад вёскі Хадзюкі, ад якой наш хутар аддзяляе рачулка Чарняўка і чыгунка, па якой я спачатку хадзіла ў Хадзюкоўскую пачатковую школу, а пасля – два гады ў Тарноўскую сярэднюю, якую закончыла ў 1973 годзе.

Васьмігодку заканчвала ў Радзівонішках, ходзячы туды за тры кіламетры, але ўжо не па чыгунцы, а праз лес. Увогуле ж, чыгунка, якая знаходзіцца ўсяго за нейкіх 300-400 м. ад нашага хутара, заўсёды звязвала нас, хутаранцаў, з вялікім светам. Па ёй не толькі можна было хадзіць і ездзіць на ровары ў вёску, або далей – у Тарнова і Белагруду; па ёй можна было, сеўшы на цягнік на станцыі «Парачаны», заехаць у Ліду ці ў Гродна, а пасля, у студэнцтве – у сталіцу. Дарэчы тады, у 70-я гады мінулага стагоддзя, калі я паступіла вучыцца ў Мінск, цягнікі Гродна-Масква, а пазней – Гродна-Унеча на 1 хвіліну спыняліся на нашай маленькай лясной станцыі…

Пасля школы я паехала паступаць у Белдзяржуніверсітэт на факультэт журналістыкі, але конкурс – 16 чалавек на месца, не даў мне шанцу, нягледзячы на добрае веданне літаратуры і любоў да яе, а таксама на публікацыі вершаў і заметак у лідскай газеце, якія я прыклала да дакументаў. Але, відаць, такая была Божая воля, і я вельмі ўдзячна лёсу, які не стала выпрабоўваць другі раз, падаўшы на наступны год дакументы на беларускае аддзяленне філфака: тады, у 70-я, гэта было аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. На гэтым аддзяленні былі не толькі выдатныя выкладчыкі, мае незабыўныя настаўнікі Ніл Сымонавіч Гілевіч, Ніна Іванаўна Гілевіч, Алег Антонавіч Лойка, Вячаслаў Пятровіч Рагойша, Кузьма Рыгоравіч Хромчанка і іншыя вядомыя асобы, але й існавала літаб’яднанне «Узлёт», якое гуртавала лепшыя творчыя сілы студэнтаў-філфакаўцаў. Кіраваў ім вядомы паэт і вучоны Алег Лойка, пазнейшы кіраўнік маёй дыпломнай працы.

Закончыла я ўніверсітэт у 1979 годзе і яшчэ рыхтуючыся да абароны дыпломнай працы, якую пісала па паэзіі Аляксея Пысіна, прыйшла на працу ў Літаратурны музей Янкі Купалы. Дырэктарам музея тады быў вядомы пісьменнік і светлы інтэлігентны чалавек Аляксей Кулакоўскі.

У тым жа 1979 годзе, у маі месяцы, у газеце «Літаратура і мастацтва» было надрукавана першае маё апавяданне «Груган». Затым на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў («Звязда», «ЛіМ», «Маладосць», «Нёман», «Беларусь») публікаваліся іншыя творы.

Вершы ў рэспубліканскім друку з’яўляліся раней: яшчэ ў студэнцкія гады былі публікацыі ў часопісе «Полымя», у альманаху «Дзень паэзіі», а самыя першыя публікацыі былі ў лідскай раённай газеце «Уперад», на самым пачатку 1970-х.

У музеі я адпрацавала 4 гады і ў 1983 г. перайшла ў аддзел крытыкі тыднёвіка «ЛіМ», а літаральна праз паўгода была запрошана ў аддзел літаратуры часопіса «Беларусь», якім кіраваў надзвычай цікавы і светлы чалавек, вядомы журналіст Аляксандр Андрэевіч Шабалін. З гэтага ж, 1983 года, я стала сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў».

Данута Бічэль пра Хрысціну Лялько:

«Хрысціна паходзіць з той часткі Беларусі, дзе гісторыя кроіла межы па-жывому, як чэрствы акраец хлеба; дзе ваявалі і забівалі, не памятаючы, за што; дзе лінія фронту ішла не па акопах, а па сэрцах; дзе пад соснамі каля касцёла ў Белагрудзе ляжаць побач дзед Вінцук і дзядзька Віктар, расстраляныя на Вялікдзень 1942 года паліцаем-прыдуркам; дзе на вачах малой уражлівай дзяўчынкі пад корань зразалі дзедаў лес – знішчалі казку маленства.

Пра гэта пазней Хрысціна распавяла ў сваіх вершах і прозе. Распавяла таленавіта, стрымана, не дэманструючы болю. Яе аповеды з самага пачатку ахвотна друкавалі газеты і часопісы, яе заўважылі і палюбілі такія майстры слова, як Янка Брыль і Ян Скрыган. Абедзьве кнігі прозы Хрысціны Лялько – «Дарога пад гару» і «Світанак над бярозамі» – былі высока ацэнены крытыкай…»

З Валянцінай Коўтун і Аляксандрам Жалкоўскім каля помніка Цёткі, г.п. Астрыно. 1983 год
З А. Жалкоўскім і В. Коўтун. Стары Двор. 1983 год

Аляксандр Жалкоўскі пра Хрысціну Лялько:

«Ведаю Хрысціну з пачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Тады рэдакцыйны парог Лідскай аб’яднанай газеты «Уперад» упершыню пераступіла вясковае дзяўчо. Старшакласніца Тарноўскай СШ прынесла на творчы суд свае вершы. Мяне, рэдактара, уразіла назіральнасць і пранікнёнасць юнай аўтаркі ў сутнасць жыццёвых падзей, адчуванне адценняў роднага слова… Станоўчую ацэнку лірычным радках Х. Лялько даў і кіраўнік літаб’яднання пры рэдакцыі газеты Віктар Кучынскі. А неўзабаве першыя вершы вучаніцы з’явіліся на газетных старонках.

Такі быў дэбют школьніцы з вёскі Хадзюкі. Творчыя здольнасці Хрысціны ўсё паўней раскрываліся і набіралі сілу з кожным годам. Асабліва гэта праявілася падчас яе вучобы ў Белдзяржуніверсітэце. Пачынаючая пісьменніца паступова аддае перавагу працы празаіка. А ў 1983 годзе за кнігу прозы «Дарога пад гару» становіцца лаўрэатам прэстыжнай рэспубліканскай прэміі.

Творчасць Хрысціны Лялько, як і яе талент, шматгранная. Гэта і пераклады мастацкіх твораў, апрацоўка беларускіх народных казак і выдавецкая дзейнасць… <…> Добрую чвэрць стагоддзя радуюся я плёнам творчай і грамадскай працы Хрысціны Лялько. Прыгадваю крокі сціплай дзяўчынкі з Хадзюкоў, якія з цягам часу прывялі яе на Парнас…»

 

З сябрамі-пісьменнікамі ў гродзенскім музеі Элізы Ажэшкі.
1985 год

Амаль 12 гадоў працы ў гэтым салідным рэспубліканскім выданні далі мне вельмі шмат: гэта быў і рэдактарскі вопыт, і кантакты амаль з усімі беларускімі пісьменнікамі. На той час прыпадаюць гады сяброўства з незабыўным маім літаратурным настаўнікам Янам Скрыганам, з Янкам Брылём, Данутай Бічэль, Жэняю Янішчыц, Валянцінай Коўтун, з многімі маладзейшымі пісьменнікамі, маімі равеснікамі – Ірынаю Жарнасек, Ірынаю Багдановіч, крыху старэйшымі – Леанідам Галубовічам, Францам Сіўко.

У першым шэрагу злева направа пісьменнікі Ян Скрыган, Галіна Васілеўская, Іван Чыгрынаў, Яўгенія Янішчыц, Хрысціна Лялько, Іван Грамовіч, 1982 год

Ян Скрыган пра Хрысціну Лялько:

«Хрысціна выбірае тэмы пераважна глыбока чалавечыя, складаныя. Вобразы яе твораў заўсёды напоўнены нутраным, напружаным рухам, таму мы і бачым іх, і перажываем разам з імі».

У 1987 годзе прыняла ўдзел у кароткаметражным мастацкім фільме «Лёгкі хлеб», у якім стала аўтарам сцэнарыя.

Злева направа Валянціна Коўтун, Яўген Лецка, Хрысціна Лялько. 1989 год

 

З Папам Янам Паўлам ІІ. Кастэль Гандольфа. 1994 год

У 1994 годзе у мяне з’явілася шчаслівая магчымасць паехаць на два месяцы ў Італію – спачатку ў Перуджу (Universita per straniery), а пасля ў Рым, каб вывучыць італьянскую мову. Падчас гэтага побыту адбылася мая першая незабыўная сустрэча з Папам Янам Паўлам ІІ. Менавіта тады я атрымала яго апостальскае благаслаўленне на нашу рэдакцыйна-выдавецкую працу, якое і сёння нам спрыяе і дапамагае.

У тым годзе выйшла кніга-дыялог Папы з вядомым італьянскім журналістам Вітторыё Мэссоры «Пераступіць парог надзеі», якую я, па просьбе кардынала К. Свёнтка, пераклала на беларускую мову. Гэты пераклад стаў пачаткам майго доўгага – цягам амаль двух дзесяцігоддзяў – творчага супрацоўніцтва з думкаю, вучэннем і словам выдатнага тэолага, філосафа, паэта і святара – Рымскага Папы, сёння ўжо святога Яна Паўла ІІ. Лічу гэта адною з найбольш важных і адметных вехаў маёй біяграфіі…

У 1995 г. адбылася другая сустрэча з Янам Паўлам ІІ, на якую я прывезла першыя нумары «Ave Maria» – вынік ягонага благаслаўлення. Прыгожыя здымкі папскага фатографа Артуро Мары, якія вісяць на сцяне ў маім хатнім кабінеце, пастаянна нагадваюць пра тыя незабыўныя хвіліны…

З Папам Янам Паўлам ІІ. Кастэль Гандольфа. 1995 год
На Святой Зямлі каля табліцы «Ойча наш… » на беларускай мове з Алінаю Новікаваю, дырэктарам выдавецтва «Про Хрысто»

Пачыналіся 90-я, пачыналася духоўнае і рэлігійнае адраджэнне. Група свецкіх католікаў і журналістаў, да якой самым дзейсным чынам далучылася і я, задумалі выдаваць хрысціянскія каталіцкія часопісы «Ave Maria» (1994 г.) і квартальнік «Наша вера» (1995 г.), якія крыху пазней, па благаслаўленні кардынала Казіміра Свёнтака я ўзначаліла, стаўшы іх галоўным рэдактарам.

Ала Сямёнава пра Хрысціну Лялько:

«Героі Хрысціны Лялько прымаюць лёс. Гэта і Гэлька з апавядання «Лёгкі хлеб», і Люця з «Белых брадоў», Міхал са «Светлай руні». Не канцэнтруючы боль, а нібыта растушоўваючы яго ў прасторы часу, засяроджваючыся на неабходным, неаспрэчным. І сцерагучы, ці спрабуючы гэта рабіць, каштоўнасці сталыя, адвечныя. Часам не маючы магчымасці даць адпор несправядлівасці, але спрабуючы гэта рабіць. Прыслухоўваючыся да мовы прыроды і падпарадкоўваючыся яе законам, таму што ёсць там, ёсць свая таямніца, свой трывалы стрыжань – за гэтай, здавалася б, простай дадзенасцю.

Невыпадковым, мабыць, былі і складанне і апрацоўка зборніка беларускіх народных казак – «Хітрэй свету не будзеш», што выйшаў тыражом у 300 000 асобнікаў.

Традыцыйнае, векавое. Працяг традыцыі беларускага пісьменства… <…>

І, безумоўна, пісьмо таленавітай аўтаркі, дзе не было ніякіх мадэрновых ці постмадэрновых практыкаванняў, мела асаблівую прывабнасць. Для ўплывовых літаратараў, для чытачоў. Яны адчувалі ў створаным Хрысцінай Лялько моц натуры і водар роднага, знаёмага, дарагога, здаровага, нармальнага. Мелі перад сабою не літаратурны экзерсіс, а вынік духоўнага вопыту пісьменніцы…»

Падчас сустрэчы ў Лідзе. 14 лістапада 2007 год

Кава з Леанідам Галубовічам. 2008 год

Леанід Галубовіч пра Хрысціну Лялько:

«Натуральна, што жыццёвы стыль паводзін пісьменніка характарызуе і стыль яго пісьма. У Хрысціны Лялько ён па-мужчынску надзейны, вывераны і па-жаноцку незлабліва-помны, чуйна-сентыментальны, балюча-пранізлівы. Пра яе «глыбока традыцыйную, вясковую прозу» пісалі і пішуць розныя людзі па-рознаму, выяўляючы яе самабытны нацыянальны талент. Да прыкладу, Р. Шкраба («Полымя», № 3, 1986) зазначае, што ў Х. Лялько заўжды адчуваецца «імкненне падпарадкаваць першародную свежасць слова, зачэрпнутага з народных глыбінь, мастацкім задачам», а таксама заўважна «непрыманне ўсяго таго, што не дае права чалавеку насіць гэтае высокае імя» (дарэчы, падкрэслім, беларускае імя, бо ва ўсіх тэкстах пісьменніцы мы не сустрэнем ні аднаго Івана, у тым ліку і вядомага аўтара прадмовы Яна Скрыгана, больш за тое, у яе нават ландышы насамрэч цвітуць як канваліі). А. Сямёнава ў сваёй кніжцы крытычных артыкулаў («Слова сапраўднага лад», «Мастацкая літаратура», 1986) таксама высока адзывалася пра літаратурны талент пісьменніцы…»

«Не абышлі ўвагай яе творчасці і ўплывовы ў свой час маскоўскі літаратурны аглядальнік Л. Званарова і наш тутэйшы, вядомы сваёй цвёрдай і незалежнай думкай, крытык А. Сідарэвіч («асноўная вартасць – мова, яшчэ – паказ тыповай карціны той пары, «перыяду застоя» , якая, праўда, не асэнсавана, як сацыяльная з’ява»). Дазволю сабе не пагадзіцца з другой паловай яго выказвання, што асабліва вынікае з кантэксту наступнай кніжкі пісьменніцы «Світанак над бярозамі», якая пабачыла свет у выдавецтве «Юнацтва» ў 1989 годзе і, здавалася б, стала для яе тым літаратурным плацдармам, з якога да вышэй згаданага мной Парнаса было як руку працягнуць. Заставалася толькі сесці за пісьмовы стол і ўзяць асадку… Крытык А. Бельскі, аглядаючы яе прозу, у прыватнасці аповесць «Лес» («Роднае слова», № 4, 1992), пісаў так: «Менавіта ў тым часе Х. Лялько знаходзіць вытокі нашай сучаснай драмы, калі на вёсцы знік Гаспадар, а за душой такіх людзей, як Бучкі, не стала нічога святога. Дэспатычнае самаўладства зрабілася нормай паводзінаў Пліскаўскіх старшыняў».

Што ж далей? – чакаў чытач (а ён тады, заўважым, быў куды больш шматлюдным – скажам, тыраж другой яе кніжкі сягаў да 12 000 асобнікаў, а не 1 200, як гэта зазвычай бывае цяпер – ну, і не забудзем адзначыць, што і сама Х. Лялько на той час была ў літаратурным фаворы). Прароцтва на перспектыву адбылося (маю на ўвазе вышэй працытаванае), мы гэта адчуваем і сёння, але раптам нешта надламалася ўнутры пісьменніцы, адбылася пэўная пераацэнка чалавечых каштоўнасцяў. Яшчэ па інерцыі ў Маскве выйшла ў перакладзе на рускую мову яе кніжка «Белые броды», ў Мінску ў 1990 годзе ў літаратурнай апрацоўцы Х. Лялько пабачылі свет беларускія народныя казкі «Залатое пяро». Грамадзянская адказнасць за лёс Айчыны схіліла таленавітую літаратарку да служэння ёй у грамадскай і духоўнай іпастасі. З 1994 года яна прызначаецца рэдактарам каталіцкага часопіса «Ave Maria» , а праз год узначальвае шырокавядомы цяпер часопіс «Наша вера», дзе друкуюцца творы сучасных беларускіх літаратараў хрысціянскага веравызнання. Пры гэтым жа выданні ў 2000 годзе пачало сваю дзейнасць і выдавецтва «Про Хрысто», у якім за кароткі тэрмін пабачылі свет шматлікія кніжкі прозы, паэзіі і эсэістыкі многіх беларускіх літаратараў…»

І вось ужо амаль чвэрць стагоддзя я працую на карысць духоўнага і рэлігійнага адраджэння ў нашай краіне. За гэтую працу ў 2011 годзе была ўзнагароджана Папам Бенедыктам XVI медалём «Benemerenti» (асабліва заслужаным).

За гэты час у маім перакладзе з польскай мовы выйшла каля дзесяці кніг Яна Паўла ІІ, сярод якіх «Пераступіць парог надзеі» (выдадзена шматлікімі тыражамі ў перакладзе больш як на дваццаць моваў свету), «Дар і Таямніца», «Устаньце, хадзем!», «Памяць і самасвядомасць», энцыклікі «Fides et ratio», «Ecclesia de Eucharistia», Апостальскі ліст пра Ружанец «Rosarium Virginis Mariae», творы Яна Твардоўскага, «Дзённік» св. Сястры Фаўстыны Кавальскай (кнігі больш чым у тысячу старонак), нарыс Уладзіслава Сыракомлі «Мінск» і інш. На сваю ўласную творчасць, на жаль, амаль не застаецца часу. І таму мой творчы багаж залішне не «абцяжараны»: выйшлі кнігі прозы «Дарога пад гару» (1985 г., за гэтую кнігу ў тым жа годзе стала лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола), «Світанак над бярозамі» (1989 г.), у перакладзе на рускую мову «Белые броды» (1989 г., Москва, «Молодая гвардия», «Канвалии» (1990 г., выдавецтва «Юнацтва»); кнігі паэзіі «На далонях любові» (2006 г., выдавецтва «Канфіда»), «Адвячорак» (2016 г., выдавецтва «Pro Christo»); апрацавала зборнік беларускіх народных казак «Хітрэй свету не будзеш» (1990 г., выдавецтва «Юнацтва»).

Мае творы перакладаліся на літоўскую, польскую, славенскую і рускую мовы…

Зборнікі Хрысціны Лялько, якія захоўваюцца ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі

Выказванне Пятра Макарэвіча (2007 г.):

«… Не раз мне карцела даць уласны чытацкі водгук на творы зямлячкі, ды заўсёды стрымлівалі карыфеі беларускай літаратуры Скрыган, Брыль, Гілевіч, якія з першых літаратурных крокаў заўважылі і падтрымалі таленавітую хутаранку высокапрафесійнымі грунтоўнымі рэцэнзіямі, водгукамі. Помню, А. Карпюк на чытацкай сустрэчы ў Лідзе, паказваючы ў зале першую кнігу Лялько «Дарога пад гару», з гордасцю радаваўся як за сваю: «Калі б толькі гэта адна кніжка была напісана Хрысцінай – яе імя назаўжды застанецца ў беларускай літаратуры». Не дзіва: апавяданне «Касцы» з названай кнігі ўвайшло ў школьную праграму, а «Лёгкі хлеб» лёг у аснову тэленавелы, якая бясконца паказваецца на экранах БТ…

… Асабіста мяне здзіўляе здольнасць Лялько бясконца чэрпаць уражанні ды ўспаміны, нярэдка балючыя, горкія для сваёй прозы і паэзіі з хутарскага, вясковага жыцця-быцця, засяроджваць увагу на праблемах людзей пажылога ўзросту, пераважна жанчын. Я некалькі разоў быў на яе бяроза-хвойна-яблыневым дворышчы, з вышыні птушынага палёту бачыў акаляючы бярэзнік, палеткі, луг з чыгункай. Такія хутары, мне здавалася, не адзінкавыя на Гродзеншчыне. Але ж свой для Хрысціны стаў Кландайкам, з якога яна здабывае і ўзбагачае беларускую прозу і паэзію знаходкамі амаль у такой ступені, як у свой час Ясенін узбагаціў рускую паэзію з запыленага сяла Канстанцінава, без садкоў, са звычайнымі палямі за ваколіцамі і вельмі аддаленай цёмнай стужкай хмызняку…

Пэўна нябеснай Боскай іскрай запалена душа і сэрца нашай Хрысціны, бо і яна на сваім хутары знаходзіць велічную Прыгажосць, нябачную намі грэшнымі, і ўвасабляе яе ў трапяткія радкі: «І тчэцца павуцінкай кволай // Мая туга над полем голым» Ці вось гэта: «Пужлівы ліст асіны дрогкай // Узняў на ўзлеску рыжык крохкі». Або «На промнях сонца запішу я ноты // Свае высокай, светлай адзіноты…»

…М. Скобла сказаў мне пра Хрысціну Лялько наступнае: «Я здымаю перад ёй шапку за ўсё тое, што зрабіла яна і робіць».

Верш «Першы крок» я ўспрымаю як справядлівы дакор у свой адрас за тое, што таксама сарамліва, з аглядкай здымаў шапку ў Храме: «Прыходзім паціху да Бога. Да Бога паціху прыходзім. Усё яшчэ баючыся перажагнацца на парозе ацалелага Храма, сарамліва здымаем шапкі. І то – першы крок ад дзікунства, першы крок ад эпохі, калі заместа шапак сваіх здымалі з храмаў крыжы».

 

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы падчас сустрэчы і святкавання 690-годдзя горада Ліды. 14 верасня 2013 год

Падчас уручэння папскага медаля «Benemerenti». 2016 год
Прэзентацыя «Дзённіка св. Сястры Фаўстыны Кавальскай» у Гродна. 24 мая 2016 год

Падчас сустрэчы ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і наведвання Дома Валянціна Таўлая. 4 мая 2016 год

Аўтограф Хрысціны Лялько для чытачоў «Лідскай газеты». 4 мая 2016 год

«Столькі любові ў сэрцы да ўсяго тут спрадвечна-блізкага…»

Родны хутар з дзедавымі бярозамі на падворку і ў садзе, родная хата, у якой усё застаецца так, як было пры маме (яна адышла ў вечнасць у 2002 годзе), родныя магілы каля белагрудскага парафіяльнага касцёла і сам касцёл як знак нязменнай Божай прысутнасці – гэта тое, святое, без чаго я не ўяўляю ні сябе, ні свайго жыцця, а таму з усіх вандровак зноў і зноў вяртаюся на родную Лідчыну…

Пажыўшы на гэтым свеце, зведаўшы захапленні і расчараванні, радасць і боль, набыткі і страты, зазіраючы ў сваю душу, сёння я магу сказаць, што веру найперш у Божую любоў: у ахвярную й неспасцігальную любоў Бога да чалавека. Гэта вера здаецца мне стрыжнем, ад якога, як парасткі ад ствала, прарастаюць у душы атожылкі веры ў святло і дабро, у высокае прызначэнне чалавека, у бясконцасць жыцця, якое тут, у гэтай «даліне слёз», не заканчваецца, а пераходзіць у вечнасць, дзе нас чакае ўсё тая ж любоў справядлівага й міласэрнага Айца.

Я веру ў Божую любоў да нас, слабых і грэшных, і так часта нявартых гэтай любові. Нават тады, калі Бог дапускае выпрабаванні й цярпенні, хваробы й няшчасці, я веру, што гэта не што іншае, як ачышчальны агонь Ягонай любові, які дасканаліць душу, вызваляючы яе ад эгаізму, карыслівасці й ляноты.

Выключна з любові да нас Бог нас выхоўвае, жадаючы нам дабра, а нашай душы – збаўлення. І таму, як піша Тамаш Кемпійскі, «жывучы й паміраючы, трымайся Хрыста і даверся Яго вернай любові, бо калі ўсё цябе пакіне, Ён адзін цябе падтрымаць можа».

Памятаю, як некалі трапілася мне кніга выдатнага іспанскага святара і пісьменніка Рамона Куэ Рамано «Mi Cristo Roto» («Мой Хрыстус Паламаны»), якая ўразіла і запомнілася сваёю радыкальнаю трактоўкаю адносінаў Бога да чалавека. Гэты мудры іспанец піша менавіта пра тую Божую любоў, якую бывае часам так цяжкка зразумець і прыняць, пра тую любоў, калі Збаўца абдымае нас сваёю «леваю рукою».

Класічны прыклад такой выпрабавальнай любові дае нам Святое Пісанне, паказваючы цярпенні старазапаветнага Ёва…

Я веру, што менавіта з любові Бог даў кожнаму з нас ласку нарадзіцца ў гэты, а не ў іншы час, у гэтым, а не ў іншым краі, вызначыўшы тым самым кожнаму з нас місію жыць і працаваць тут і цяпер. Гэта вера дапамагае не разгубіцца, не ўпасці ў дэпрэсію, не страціць надзеі…

Я веру ў тое святло, якое чакае нас наперадзе, бо, як зазначыў Іва Андрыч, «Айчына – гэта круг сонечнага святла». Я веру, што ўсе мы ад нараджэння ўпісаны ў гэты «круг» сваім чалавечым шляхам, сваёю зямною вандроўкаю да вечнай Айчыны. І шлях гэты, несумненна, павінен быць шляхам ісціны, бо йсці па ім – гэта значыць «хацець таго, чаго хоча Бог». Зразумела, такі шлях – няпросты, але ён адзіна правільны й сапраўдны. Вытрываць на ім, не сысці, не збочыць дапамагае Божая любоў і наш бязмежны давер да яе».

Вось і пазнаёміліся мы з Хрысцінай Лялько, прайшліся па яе жыццёвай дарозе! Якая насычаная біяграфія! Галоўны яе пастулат – гэта любоў да свайго роднага, да таго роднага, якое калісьці як малітвай было перададзена ёй ад продкаў. І як самы дарагі скарб, яна захоўвае гэтае пачуццё у патаемным сховішчы-кутку – у глыбіні душы і ў сэрцы!

Падчас прыезду на сустрэчу з землякамі ў Лідзе, Хрысціна Аляксееўна прамовіла: «Я з тых, хто рукамі і зубамі трымаецца за родную зямлю».

Застаецца пажадаць Хрысціне Аляксееўне моцнага здароўя, не стамляцца і далей заставацца такой жа шчырай і пранікнёнай на літаратурнай ніве беларушчыны. Жадаем ёй каб добры Бог адарыў яе мноствам сіл, здароўем, мудрасцю і цярплівасцю да рэалізацыі планаў, каб Святы Дух спадарожнічаў ёй і асвячаў жыццёвы шлях на працягу доўгіх гадоў, а Маці Божая абдымала і ахінала цеплынёй свайго сэрца!

Падрыхтаваў Алесь Хітрун,

навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея