/ Навіны / Квасоліха

Квасоліха

Сакавік, красавік – гэта тая пара, калі сокарухам пачынаюць ажываць дрэвы. Людзі здаўна спажываюць жыватворны напой з бяроз і клёнаў – бярозавік (бэрка) і кляновік.

Асабліва карысным лічыўся бярозавік. Яго назапашвалі па некалькі дубовых бочак. Калі ж трэба было захаваць надалей (да жніва!), бярозавік сквашвалі, а бочкі закопвалі ў пясок.

Для прыгатавання квасу ў кожнай сям’і быў свой рэцэпт. Хтосьці пражыў на блясе ў печы прарошчаны ячмень ці авёс і закладваў у чыстай тканіне ў бочку, хтосьці меў сакрэт настойваць на высушаных грушках. Дадавалі сушаныя парэчкі, мяту, жытнія сухары, а для колеру – чырвоны бурачок.

Распаўсюджанымі былі халодныя стравы на бярозавым квасе. Да гарачай бульбы гатавалі расол, халаднік, бярозавую юшку (стравы мелі адрозненне ў складзе інгрэдыентаў). Падабаўся і старажытны беларускі дэсерт – бярозавы кісель.

На гарачае, на аснове бярозавага квасу, варылі квасоліху. Страва была даволі густой, мела саладкавата-кіслы смак і гэтакі ж пах.

У склад варанай квасоліхі ўваходзілі: свіныя рэбры ці костачка (калі былі), грыбы сушаныя (папярэдне замочаныя), крупы ячменныя (або фасоля), цыбуля (падсмажаная на сале), прысмакі (соль, чорны перац, ліст бабковы). Некаторыя гаспадыні дадавалі дробна крышаную бульбу. У канцы варкі ўлівалі (на смак) добра закіслены бярозавы квас (“моцны”) і зноў ставілі ў печ. Квасоліха павольна ўпарвалася (прэла) да абеду і была сытнай ежай у час веснавых работ.

Сябры, ці знаёма вам такая страва, як квасоліха, вараная на бярозавым квасе?