Для жыццядзейнасці замка Сярэднявечча важна было прадумаць спосабы падтрымкі чысціні. Ва ўмовах асады розныя інфекцыйныя захворванні распаўсюджваюцца хутка, што магло сур’ёзна паўплываць на абараназдольнасць замка. Старажытныя архітэктары і тут прадумалі асноўныя моманты добраўпарадкавання.
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што людзям, якія жылі ў часы Сярэднявечча было не да санітарыі, замкі былі нядрэнна абсталяваны пэўнымі выгодамі. Характэрнай рысай ордэнскіх канвентхаўзаў з’яўляліся вежы-данцкеры, якія выконвалі функцыі туалета для насельнікаў замка. Нярэдка данцкеры злучалі ў сабе архітэктурную прыгажосць і абарончыя функцыі (напрыклад яны мелі байніцы для вядзення стральбы).
Акрамя вежавых данцкераў таксама меліся эркеры – навешаныя на знешнюю абарончую сцяну памяшканні з вонкавымі люкамі для бруду, праз якія адходы траплялі за межы замкавых сцен не дакранаючыся каменнай сцяны. На ўсходняй сцяне Лідскага замка знаходзіўся цагляны данцкер (туалет) на каменных фігурных кансолях.

Вялікае значэнне для жыццяздольнасці замка мела водазабеспячэнне. Частай прычынай капітуляцыі абложанага замка пісьмовыя крыніцы называюць адсутнасць пітной вады. Ва ўсходняй частцы двара Лідскага замка пры раскопках знойдзены рэшткі драўляных калодзежных зрубаў.
Падчас археалагічных раскопак 1980 г. у раскопе №8 на глыбіні 5,5-6 м выяўлены павалены зруб калодзежу. На гэтым жа ўзроўні дасягнулі вады. Магчыма, калодзеж быў завалены ў часы руска-польскай вайны XVII ст. Археолагі ўсталявалі, што першапачатковы зруб меў авальную форму.

Фрагменты другога калодзежа былі выяўлены ў раскопе № 9. На глыбіні 5,8 м дасягнулі вады, зруб амаль не захаваўся. Знаходзіўся бліжэй да паўночна-ўсходняй вежы і, хутчэй за ўсё, забяспечваў вадой жыхароў замка.
Калодзеж у 8 раскопе меў большыя памеры, чым калодзеж у 9 раскопе і, відавочна, да яго вяла брукаваная сцежка. Магчыма, большы калодзеж выкарыстоўваўся як месца вадапою коней і іншых жывёл, якія знаходзіліся ў замку.
Так як узровень вады ў абодвух калодзежах быў амаль аднолькавы, і яны размяшчаліся амаль на адной восі, відавочна, што яны збудаваны адначасова, яшчэ ў XIV ст.
Дэкаратыўныя калодзежы ў двары Лідскага замка. Фота 2026 г.
Не гаворачы аб пітной вадзе з калодзежа ці крыніцы, у межах сцен замка ці вала вада была неабходна для запаўнення равоў. Часам замкі надзяляліся ў падножжы спецыяльнымі вежамі з патаемным ходам да вады. На малюнку Лідскага замка В. Гразнова адлюстраваны адзін з данцкераў на ўсходняй сцяне. За ўсходняй сцяной Лідскага замка працякае р. Лідзейка, таму данцкер мог выконваць у крытычныя моманты і функцыю калодзежа, што служыў таксама мэтам абароны.















