/ Навіны / “Дажджлівы вечар каля замка”, Алесь Cудар

“Дажджлівы вечар каля замка”, Алесь Cудар

“Дажджлівы вечар каля замка”, Алесь Cудар, папера, акварэль, 2016

Вашай увазе – гарадскі пейзаж у мяккай акварэльнай манеры мастака Алеся Судара.  

Вячэрні час… У святле ліхтароў – вуліца Замкавая, адна з найбольш старажытных ў горадзе. На ёй размясціліся гістарычныя будынкі №3, №5, №7 пачатку XX стагоддзя, у якіх увасоблены асноўныя мастацка-стылявыя напрамкі гэтага перыяду. У хатах гарыць святло. Яно дае цёплыя блікі, якія адлюстроўваюцца на мокрай брукоўцы. Вуліца сыходзіць у перспектыву да старадаўняй вежы Лідскага замка з высокім гатычным дахам і флюгерам. На фасадзе можна ўбачыць характэрныя байніцы. Гэта не парадны выгляд замка, а хутчэй камерны – “ціхі” куток горада, якім яго бачыць мастак. Асноўныя колеры – прыглушаныя, з перавагай фіялетава-шэрых і ружавата-вохрыстых адценняў неба. Такая гама стварае адчуванне вільготнага золкага вечара. Асаблівую цікавасць выклікае дом № 7 (з правага боку на малюнку). У 1939 -1941 гадах тут жыў Валянцін Таўлай – паэт, грамадскі дзеяч, рэдактар газеты “Уперад”. У 1965 годзе на доме была ўсталявана мемарыяльная дошка. Цяпер у будынку размяшчаецца літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея. 

Алесь Іванавіч Судар нарадзіўся 11 лістапада 1951 года ў вёсцы Меніца на Полаччыне. Усё пачалося ў дзяцінстве, калі аднойчы бацька намаляваў на лістку паперы домік. Гэта быў вельмі прыгожы дом, падобны на сапраўдны,  які стаяў праз вуліцу. З таго часу маляванне стала захапленнем, а потым і справай усяго жыцця. Свой лёс ён звязаў з мастацтвам. Настаўнікамі Алеся Іванавіча былі такія вядомыя мастакі Беларусі як Іван Сталяроў, Фелікс Гумен. Пасля заканчэння ў 1974 годзе мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута яго накіравалі ў Ліду. Тут на працягу трох гадоў працаваў настаўнікам выяўленчага мастацтва і чарчэння ў СШ №8. 3 1978 года – ў мастацкіх майстэрнях. З 2008 года – зноў у школе – выкладчыкам малюнка і жывапісу ў СШ №14.  

Алесь Іванавіч – член Беларускага Саюза мастакоў з 1990 года.  Пабываў у розных кутках Лідчыны – Бердаўцы, Белагрудзе, Бярозаўцы.  Ён адлюстраваў родныя краявіды, блізкія сэрцу мясціны. Ад твораў Алеся Судара вее не павярхоўнай сузіральнасцю, а нейкім асаблівым лірычным, глыбокім душэўным настроем.  

Графічны ліст у аўтарскім афармленні быў набыты ў сувязі з 70-годдзем мастака. Знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі “Сучаснае мастацтва краю”. 

Мы яшчэ сустрэнемся з працамі таленавітага майстра на старонках віртуальнага праекта.