
Прадстаўляем вашай увазе работу Лідзіі Лазоўскай – сучаснай мастачкі, уражэнкі Ліды.
На пярэднім плане ў арачным праёме – нацюрморт з прадметамі адукацыйнай тэматыкі: старадаўнія кнігі, пергамент з пячаткай, чарніліца з пяром. Злева на фоне каменнай сцяны замацаваны ліхтар з запаленай свечкай. Такая выява стварае эфект “акна ў мінулае” – глядач нібы знаходзіцца ў памяшканні і глядзіць скрозь арку на вежу Вітаўта, якая з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам. Вежа Вітаўта тут – не проста архітэктурны аб’ект, а сімвал гістарычнай памяці і адраджэння. Злева – паўночная баявая галерэя. Справа – фрагмент усходняй сцяны з уваходам у вежу і парадным уездам – Каралеўскімі варотамі.
Цёплыя вохрыстыя і залаціста-карычневыя адценні аб’ядноўваюць інтэр’ер і пейзаж. Блакітнае неба з ружаватымі аблокамі дае неабходны каляровы кантраст. Чырвоная дахоўка вежы – акцэнт, які прыцягвае погляд.
Гэта не проста архітэктурны краявід, а метафара сувязі часоў. Прадметы на першым плане сімвалізуюць веды, а вежа за аркай – саму гісторыю, якую захоўваюць кнігі. Кампазіцыя пабудавана як “погляд знутры”.
Дадзены твор – яскравы прыклад таго, як сучасны мастак асэнсоўвае гістарычную спадчыну роднага краю. Карціна злучае дакументальнасць архітэктурнага пейзажа з рамантызаваным успрыманнем даўніны.
Важна адзначыць, што тэма Лідскага замка і роднага горада для мастачкі глыбока асабістая. У 2013 годзе ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі прайшла персанальная выстава Лідзіі Лазоўскай “Вытокі”. Частка работ з сямейнай калекцыі (уключаючы творы бацькі мастачкі, Мікалая Фёдаравіча) была перададзена ў дар музею.
У 2025 годзе ў рамках Дня беларускага пісьменства ў Лідзе адкрылася яшчэ адна персанальная выстава Лідзіі Мікалаеўны, дзе і было прадстаўлена палатно “Погляд у мінулае”. Яно было напісана аўтарам спецыяльна для экспанавання на часовай экспазіцыі “Я хаджу закаханы ў твае краявіды”. Карціна стала падарункам Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею, дзе яе і можа ўбачыць кожны.












