У вялікіх памяшканнях каменных замкаў Еўропы дасягнуць адзнакі +15 °C зімой, трэба было яшчэ пастарацца. Да вынаходства печаў камін быў найбольш распаўсюджаным спосабам абагравання памяшканняў. На ім часта пяклі мяса. Камін патрабаваў шмат дроў. У невялікіх замках звычайна было ўсяго два каміны: на кухні, дзе рыхтавалі ежу, і ў галоўнай зале.
У паўднёвай сцяне паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка падчас археалагічных раскопак былі выяўлены дзве вялікія нішы. Адна з ніш значна глыбей за іншыя, унутры выкладзена цэглай. Пры яе расчыстцы выяўлена мноства фрагментаў пячной кафлі XIV-XV стст. У правай сцяне гэтай нішы, калі да яе стаяць тварам, выяўлены сляды цаглянага дымаходу квадратнага сячэння (31×31 см), глыбінёй 115 см. Паступова дымаход звужаўся да трохвугольнай адтуліны і меў два адгалінаванні ў розныя бакі. Пры расчыстцы нішы ў паўднёвай сцяне, што бліжэй да паўднёва-заходняга вугла вежы таксама выяўлены фрагменты гаршковай кафлі, шмат вугалю і попелу, пад слоем якога знаходзіўся тоўсты слой гліны, якім быў абмазаны каменны под нішы. Нішы ў паўднёвай сцяне вежы маглі быць камінамі для ацяплення верхніх паверхаў.

Гісторыю беларускай керамікі, пачынаючы з XIV ст., нельга ўявіць без такой спецыфічнай галіны ганчарнай вытворчасці, як кафлярства. У Лідскім замку было знойдзена некалькі тысяч фрагментаў пячной кафлі. Развіццё кафлі Беларускага Панямоння добра ілюструецца дэталёвай схемай эвалюцыі форм і арнаменту кафлі ў часе з Лідскага замка, распрацаваная А. А. Трусавым, В. Е. Собалем і У. В. Угрыновічам, грунтуецца на дэталёвым аналізе матэрыялаў з Лідскага замка і яшчэ некаторых менш ці зусім мала даследаваных на той час (1980-я гг.) помнікаў.
Кафляныя печы спачатку з’яўляюцца ў дзяржаўных замках, феадальных рэзідэнцыях, манастырах і кляштарах, у дамах шляхты і заможных гараджан.
Першыя беларускія кафляныя печы з’явіліся ў XIV ст. У XVI ст. рабілі камбінаваныя печы, дзе ніжні ярус складаўся з міскавай кафлі, а верхні – з каробкавай. Развал такой печы сярэдзіны – другой паловы XVI ст. быў знойдзены на тэрыторыі Лідскага замка каля малога ўвахода. Печка мела прамакутны ў плане под памерам 1,6×1,4 м зроблены з камянёў і бітай цэглы на гліне. Захаваўся след ад слупа, на якім, верагодна, трымалася канструкцыя печы. Гэта адтуліна глыбінёю 50 см і дыяметрам 20 см.













