
Большасць гістарычных малюнкаў перадаюць вобраз Лідскага замка днём або фіксуюць руіны. Вашай увазе – погляд мастака з Ліды на замак XIV стагоддзя. Аўтарская задума – адлюстраваць помнік архітэктуры ў сучасным ландшафце горада ў начны час. Ноч хавае пашкоджанні, нанесеныя часам, і адначасова ўзмацняе масіўнасць і таямнічасць старажытнага кастэля.
На першым плане – выява вуліцы Грунвальдскай у перспектыве: алея з ліхтаром, дрэвамі і фігурамі адзінокіх прахожых. Вобразы людзей абагульненыя і пазбаўленыя партрэтнай канкрэтыкі. Яны выконваюць ролю маштабу і паказваюць паўсядзённае жыццё побач з замкам.
Галоўны кампазіцыйны прыём – дыяганаль дарожкі, якая вядзе да вежы замка. Яна выконвае адразу некалькі функцый: задае напрамак руху погляду, стварае глыбіню і звязвае пярэдні план (глядач) з далёкім (гістарычны аб’ект). Гэта класічная схема “ўваходу” ў карціну.
Каларыстычнае рашэнне пабудавана на кантрасце. Верхняя частка карціны – неба – вырашана ў глыбокіх сіне-зялёных і бірузовых тонах з больш светлымі мазкамі. Месяц служыць галоўнай крыніцай халоднага святла. Ніжняя частка – зямля, дарожка, дрэвы выкананы ў цёплых адценнях: вохрыстых, залаціста-жоўтых, аліўкавых і чырвона-карычневых. Святло ліхтара “разліваецца” па дарожцы цёплымі плямамі. Гульня цёплага і халоднага святла ўзмацняе глыбіню сцэны і надае ёй жвавасць. Палітра ў цэлым дэкаратыўная. Мастак будуе вобраз замка як казачнага, амаль тэатральнага аб’екта.
Дадзены твор быў напісаны аўтарам спецыяльна для пастаяннай экспазіцыі “Сучаснае мастацтва краю”. Матыў карціны “Поўнач” быў выкарыстаны ў гарадскім афармленні ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства 2025 года.
Іван Іванавіч Красачка пражывае ў Лідзе, працуе вядучым мастаком ЖКГ. Ён з’яўляецца распрацоўшчыкам эскізных рашэнняў тапіярных формаў у розных мікрараёнах горада.












