“Відо́кі” – такую дзіўную назву ў Лідзе і суседнім Шчучынскім раёне захаваў адзін з відаў інсітнага мастацтва – роспіс на шкле. Інфармацыя пра іншыя раёны, на жаль, адсутнічае.
На тэрыторыі Беларусі такі від мастацтва быў вядомы з другой паловы ХІХ пачатку ХХ ст., калі шкло стала больш даступным. Найбольш актыўна ён распаўсюджваўся на Брэстчыне і меў назву – “відзікі”. У сакавіку 2023 года традыцыйны роспіс па шкле Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці папоўніў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Практычна забытае рамяство адрадзілі мясцовыя майстры, якія зараз не толькі самі займаюцца такой творчасцю, але і навучаюць унікальнай тэхніцы дзяцей і дарослых.
На Лідчыне, а таксама ў Шчучынскім раёне гэты від народнага мастацтва быў “модны” ў 50-я – 70-я гг. Па масленыя і акварэльныя фарбы, туш ездзілі нават у Ленінград.
Сёння “відо́камі” можна падзівіцца ў ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей” і ў ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
У пасляваенны перыяд разам з ручнікамі, ходнікамі, тканымі і маляванымі дыванамі “відокі”(“відзікі”) таксама былі важным элементам упрыгожвання хатняй прасторы.
Асаблівасць такіх карцін у тым, што маляваліся яны з адваротнага боку шкла. Спачатку ачэрчваўся контур узору тонкай чорнай лініяй, а пасля ўсе пустэчы і агульны фон запаўняліся фарбай. Але самае цікавае тое, што ў “відо́ках” (“відзіках”) выкарыстоўвалі скамечаную фо́льгу. Калі напрамак святла мяняўся, фо́льга стварала эфект пераліву, чароўнага ззяння.
Сюжэты часта паўтаралі ўзоры вышывак, ткацкіх вырабаў і нават роспісу куфраў. На карцінах “палыхалі” і “пераліваліся” асобныя элементы ў букеціках кветак, у выявах птушачак, жывёл, людзей і інш.
Ураджэнка Шчучынскага раёна Ганна Мікалаеўна Пуйдак (1951 г. н.) у гэтай тэхніцы стварала не толькі карціны, але і абрамленні да абразоў. Упершыню яна ўбачыла такую прыгажосць на праваслаўных іконах. Сама ж стала ствараць такія абрамленні да каталіцкіх абразоў. Акрамя таго, рабіла застаўкі для фотаздымкаў. Перыяд яе творчасці прыходзіўся на канец 60-х гадоў ХХ ст. Свае працы яна прадавала аднавяскоўцам.

Паводле ўспамінаў Ганны Мікалаеўны, такія карціны прадавалі ў Шчучыне на кірмашы цыганы, але ніхто не пытаўся, адкуль яны і хто іх маляваў.
Паважаныя жыхары нашага горада Ліды і Лідскага раёна, а таксама суседніх раёнаў! Магчыма, тыя “відо́кі”, што ляжаць без патрэбы на гарышчы, могуць стаць чарговым экспанатам нашага музея. Будзем вельмі ўдзячны за дапамогу.
Выкарыстаныя крыніцы:
- Фонды ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
- Традыцыйны роспіс на шкле ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах Брэсцкай вобласці: https://clck.ru/3Wsuf6
- Выстава «Відзікі: беларускі традыцыйны роспіс на шкле»: https://heritage.gov.by/news/vystava-vidziki-belaruski-tradytcyiny-rospis-na-shkle
- Время и стекло: https://www.sb.by/articles/vremya-i-steklo-rospis.html

















