/ Навіны / ПРАКЛЯТАЕ ВОЗЕРА

ПРАКЛЯТАЕ ВОЗЕРА

У Міры існуе легенда. Было гэта ў канцы ХІХ стагоддзя. Каля Мірскага замка рос вялікі яблыневы сад. Ды вось аднойчы яго ўладальнік, князь Мікалай Святаполк-Мірскі, задумаў рэстаўрыраваць замак і рэканструяваць тэрыторыю каля яго. Ён вырашыў, што на месцы старога недагледжанага саду неабходна стварыць парк з возерам. У той час усё было ў квецені. Мясцовыя адмаўляліся выконваць загад, лічачы высечку квітнеючых дрэў вялікім грахом. Паводле народных забабонаў, людзі, якія так робяць, будуць праклятыя, а ў іх сем’і прыйдзе няшчасце. Тады князь уласнаручна ссек некалькі квітнеючых яблынь, даказаўшы, што не верыць у прымхі, і паабяцаў працаўнікам добрую плату за вырубку саду. Няёмка стала мужчынам, і ўзяліся яны за працу. Ды ўсё ж амаль кожны дзень адбываліся розныя беды і няшчасці: то запрэжаны конь панясе і задратуе каго-небудзь, то абрушыцца на землякопаў бераг катлавана, то будаўнік ці садоўнік спатыкнецца на роўным месцы і ўпадзе з пераломам або скруціць шыю. Так бы і працягвалася, калі б на гэтай цяжкай працы не загінуў адзіны сын мясцовай ведзьмы. Даведаўшыся пра яго смерць, яна ў гневе пракляла і князя, і возера, сказаўшы: «Няхай патоне ў ім столькі людзей, колькі князь знішчыў квітнеючых маладых дрэў».

Першым тапельцам стала Соня – юная князёўна. Ёй было ўсяго 12 гадоў. А затым, у 1898 годзе, на беразе возера знайшлі мёртвым і самога князя Мікалая Святаполка-Мірскага. Іх пахавалі побач у мясцовай пахавальні, збудаванай каля замка. А па жаданні яго жонкі на паляне паміж палацам і замкам як знак жалобы былі высаджаны хвойныя дрэвы.

І сёння бачаць прывід Сонечкі каля Мірскага замка. Яна нікому не шкодзіць, сціпла паводзіць сябе, рухаецца бясшумна і стараецца не трапляць на вочы людзям. Але ўсё ж у гэтым возеры здараюцца няшчасныя выпадкі, асабліва з мужчынамі. Колькі яшчэ гэта праклятае возера забярэ сабе ахвяр, каб лік тапельцаў дасягнуў той колькасці яблынь, якую калісьці ссек князь у квітнеючым садзе?