Наступны мастацкі вобраз Лідскага замка стварыў Леанід Гоманаў.

Перад гледачом – панарамная выява сучаснага горада Ліды.
Кампазіцыйны цэнтр засяроджаны на дамінуючым на пярэднім плане Лідскім замку ў цёплай каляровай гаме. Гэта раніца. Ласкавыя прамяні сонейка фарбуюць усходнюю сцяну і вежы старажытнага кастэля ў залацістыя адценні.
Мастак у пейзажы падкрэслівае веліч і прыгажосць архітэктурнага аб’екта пры дапамозе колерных і танальных кантрастаў, дэманструе ўнікальныя характарыстыкі ландшафту.
Перад паўднёвай сцяной замка размясцілася штучнае возера – месца адпачынку жыхароў і гасцей горада. У ім адлюстроўваецца неба, якое прадстаўлена спалучэннем Цёплых і халодных адценняў.
На фоне горада вылучаецца сілуэт царквы. Праваслаўны храм быў пабудаваны зусім нядаўна – у 2006 годзе. Царква Панцеляймона Лекара выканана ў неавізантыйскім стылі*. Яна знаходзіцца побач з гістарычным цэнтрам горада і прыцягвае ўвагу гараджан і турыстаў.
Аўтар выкарыстоўвае натуральную каляровую гаму, акцэнтуе ўвагу гледача на гарманічнай маляўнічай кампазіцыі.
Працуе беларускі мастак у галіне жывапісу, кніжнай графікі, плаката. З’яўляецца членам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” з 1991 года.
Жыццё і творчасць Леаніда Міхайлавіча – гэта адно непарыўнае цэлае: яго палотны заўсёды адпавядаюць настрою і душэўнаму стану. Ён жывапісец, для якога на першым месцы – творчы дыялог з гледачом, які пасля такой “размовы” можа палепшыць адносіны да навакольнага свету і зямлі, дзе ён жыве.
А яшчэ творчасці Леаніда Міхайлавіча характэрны рэгіяналізм. Гэта пачуццё асабістай любові да малой Радзімы, шчырае імкненне мастака да адлюстравання паэтычнай прыгажосці родных мясцін, глыбокая цікавасць да страчаных побыту, абрадаў і звычаяў.
Майстар верны традыцыям рэалістычнай школы, закладзеным яшчэ ў пачатку XX стагоддзя земляком Вітольдам Бялыніцкім-Біруляй*.
*Неавізантыйскі стыль – адзін з гістарычных стыляў, які выкарыстоўваў матывы архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раннехрысціянскага Рыма і краін хрысціянскага Усходу (Візантыі, Грузіі, Арменіі і іншых). Найбольшае распаўсюджванне атрымаў у храмавым дойлідстве.
*Віто́льд Каэта́навіч Бялы́ніцкі-Біру́ля (12.02.1872 г. – 18.06.1957 г.) развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу канца XIX ст. і стаў найбуйнейшым беларускім пейзажыстам, які вывеў жанр беларускага пейзажнага жывапісу на ўзровень еўрапейскай класікі.













