У будаўніцтве замкаў Сярэднявечча прымалі ўдзел цэлыя пакаленні будаўнікоў. Узводзіліся абарончыя комплексы мігрыруючымі па ўсёй Еўропе цэхамі “муляраў”, “дойлідаў”, “градарубаў”, “добрадзярэўцаў”, “капачоў”, “мурмейсцераў”, “валмейсцераў” і іншымі носьбітамі і распаўсюджвальнікамі дасканалага фартыфікацыйнага мастацтва.
Вялікі князь Гедымін, які пайшоў на збліжэнне з Лівоніяй і разумеў неабходнасць валодання сучасным узбраеннем і замкамі, адкрыў свабодны доступ у сваё княства ўсялякага роду рамеснікам, асабіста запрашаў каменячосаў, кавалёў, майстроў па пабудове балістаў. Гедымін разумеў, што спыніць наступ крыжакоў могуць толькі мураваныя замкі з моцнымі гарнізонамі. Таму, выкарыстаўшы часовае перамір’е з ордэнам, вясной 1323 г. князь разаслаў запрашэнні на работу розным рамеснікам, у тым ліку і мурарам з ганзейскіх (паўночна-нямецкіх) гарадоў. Ёсць меркаванне, што ганзейскія майстры прынялі непасрэдны ўдзел ва ўзвядзенні Лідскага замка. Натуральна, да нейкай ступені вырашальным быў удзел мясцовых майстроў у аграмаднай і інтэнсіўнай будаўнічай праграме, асабліва ў XII-XIV стст. Беларускі гісторык А. А. Трусаў сцвярджае, што на працягу амаль усяго Сярэднявечча большасць мураваных і драўляных будынкаў у Беларусі рабілі мясцовыя рамеснікі, аб’яднаныя ў будаўнічыя арцелі. Будаўніцтва ажыццяўлялі толькі ў цёплы перыяд года. На зіму незакончаныя сцены накрывалі тоўстым пластом вапнавай рошчыны і пакідалі да вясны.

Сама ж праца па ўзвядзенні, аднаўленні і ўтрыманні замкаў заставалася адным з цяжкіх абавязкаў сялянства і гараджан: капанне і чыстка равоў, узвядзенне і выпраўленне сцен, вайсковае забеспячэнне і многае іншае.
Павіннасць па ўзвядзенні, аднаўленні і рамонту замкаў была найважнейшай сярод гарадскіх мяшчанскіх абавязкаў. Рэкрутаванне на цяжкія і знясільваючыя замкавыя работы праклёнам ўрэзалася ў народны фальклор, адгукнулася ў народных прымаўках: “Каб ты на Лідскі замак каменне цягаў!”
Будаваліся замкі надзвычай хутка, да чаго прымушалі экстрэмальныя абставіны, раптоўная і вострая неабходнасць абараняцца. Лідскі замак быў пабудаваны за 5-7 гадоў. Каб супрацьстаяць экспансіі Тэўтонскага ордэна крыжаносцаў, вялікі князь Гедымін на галоўных напрамках рыцарскай агрэсіі на Усход фарміруе магутны “абарончы пояс” з замкаў у Лідзе, Навагрудку, Крэве, Гродна, Вільні, Троках і іншых месцах. Асабліва многа абарончых збудаванняў знаходзілася на землях заходняй часткі Беларусі, якія сталі арэнай жорсткіх бітваў і заслонай ад крыжацкай агрэсіі.













