/ Навіны / “Ліда. Замак ХIV ст.”, Гродзенскія мастацкія майстэрні

“Ліда. Замак ХIV ст.”, Гродзенскія мастацкія майстэрні

Мы працягваем знаёміць вас з мастацкім вобразам Лідскага замка. Наступнае палатно – “Ліда. Замак ХIV ст.” Гродзенскіх мастацкіх майстэрняў (копія з акварэлі Васіля Гразнова).

“Лідскі замак ХIV стагоддзя”, Васіль Гразноў, акварэль, 1860-1870 гг.
“Ліда. Замак ХIV ст.”, Гродзенскія мастацкія майстэрні, палатно, алей (копія з акварэлі Васіля Гразнова)

У канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя замак яшчэ ўражваў сучаснікаў сваёй магутнасцю. Тады стаялі амаль усе замкавыя сцены з байніцамі* і аркатурным поясам*. Дзе-нідзе захаваліся рэшткі вежаў да ўзроўню трэцяга паверха. Менавіта з гэтага часу пачалося навуковае даследаванне помніка, да нас дайшлі яго першыя замалёўкі і апісанні.

З паўднёва-ўсходняга боку замак малявалі ў першай палове XIX стагоддзя вядомыя жывапісцы Васіль Гразноў і Вікенцій Дмахоўскі*. Найбольш дакладнай, па версіі беларускага гісторыка Алега Трусава,  з’яўляецца праца Васіля Гразнова  “Лідскі замак ХIV стагоддзя”.

На карціне – раніца. Сонца асвятляе ўсходнюю сцяну. Сажалка зарастае чаротам. Ад вежаў замка засталіся два адзінокіх астанца. Ва ўсходняй сцяне – выразны аркатурны пояс, данскер*, байніцы, вялікі ўваход. У паўднёвай сцяне – высока размешчаны праём меншых памераў. Паблізу “выраслі” елкі.

Васіль Гразноў (каля 1840 – 27 лютага 1909) – беларускі краязнаўца, даследчык архітэктуры, мастак, педагог.  Сабраў багатую калекцыю прадметаў беларускай культуры і побыту. Ён здзейсніў мноства паездак па Літве і Беларусі ў пошуках помнікаў і славутасцяў, а затым фатаграфаваў іх ці маляваў акварэллю. Яго графічныя работы часта выстаўляліся ў Санкт-Пецярбургу на археалагічных кангрэсах. Паколькі гэтыя працы прызначаліся для практычнага выкарыстання, захавалася іх адносна мала.

Мабыць, самае вядомае  адкрыццё мастака адбылося, калі ён аглядаў царкву ў Тураве і знайшоў там скрыню з вугалем, змяшаным з паперай. Расклаўшы змесціва, ён выявіў рукапіс XI стагоддзя, які цяпер вядомы як Тураўскае Евангелле.


*Байніца –  вузкая адтуліна ў абарончых сценах і вежах. Служыць для вядзення агню з укрыцця па зададзеным напрамку. Памеры залежаць ад зброі.

*Аркатурны пояс (аркатура, аркада) – бесперапынны або раздзелены шэраг дэкаратыўных несапраўдных арак на фасадзе будынка або на сценах унутраных памяшканняў. Асноўным відам з’яўляецца сляпая аркатура (сляпая аркада), якая складаецца з элементаў, пластычна накладзеных на паверхню сцяны.

*Вікенцій Дмахоўскі (1807-1862) –  мастак, майстар гістарычнага жанру, класік беларускага жывапісу.

*Данскер (данцкер) – туалет у абарончым збудаванні, моцна высунуты за перыметр абароны. Размешчаны, як правіла, над ракой або іншым патокам вады.