/ Навіны / Апалушка

Апалушка

У старадаўнія часы ў гаспадарцы для самых розных мэт служылі драўляныя прадметы: бочкі, дзежкі, даёнкі, лыжкі, жлукты, куфры, шуфлі і інш.

А вось пра адзін прадмет нашы продкі казалі, што ў ім можа змесціцца значная частка сялянскага жыцця. І гэта звычайнае драўлянае карыта! З’явіўся чалавек на свет – карыта тут як тут: памыць немаўлятка, пялёнкі, прыладзіць, як люльку. Для зімовых забаў дзеці маглі скарыстаць старое карыта, каб з’ехаць з гары.

І гэта толькі маленькі паслужны спіс прылады. Хто памятае, як у вялікім карыце салілі мяса, каб захаваць да Каляд ці Вялікадня? А як секлі капусту, пераціралі з соллю, морквай, кменам на закваску перад закладкай у бочку? Як у карыце гаспадыні замочвалі, а затым пралі бялізну?

У двары ля студні ў многіх стаяла карыта, куды налівалі ваду для жывёлы. У хляве ж яно служыла “міскай” для корму свіней, курэй, кароў.

У залежнасці ад прымянення, карыта змяняла і назву: кармушка, жлоб, яслі, лахань, начоўкі, ночвы і інш. А вось невялікае карытца для правейвання (ачысткі) зерня на крупы называлі апалушка. Апалушка была зручнай для замешвання цеста на пірагі, здрабнення прыпраў, а ў народных традыцыях – для варажбы.

Паважаныя сябры! Адзінокая і забытая ўсімі апалушка ў нашым музеі можа набыць сваё другое жыццё. Будзем вельмі ўдзячны!